Кітайскі прэм’ер наведвае з візітам Беларусь. Сярод іншага ён прыедзе і ў супольны парк «Вялікі камень», які апошнім часам паказвае даволі сумнеўныя вынікі. Улады ў Менску спадзяюцца на новыя дамоўленасці з Пекінам, але эканамістка Анастасія Лузгіна мяркуе, што Беларусь робіцца ўсё менш цікавай для кітайскіх уладаў.
Прэм’ер Дзяржаўнай рады КНР Лі Цян наведае з афіцыйным візітам Беларусь 22-23 жніўня. У яго запланаваныя перамовы з беларускім калегам Раманам Галоўчанкам, вынікам якіх мае стаць падпісанне пакету пагадненняў і дамоўленасцяў у эканамічнай сферы, піша БелТА.
Таксама прэм’ер КНР наведае беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень» — асаблівую эканамічную зону пад Менскам з адмысловым прававым рэжымам.
19 ліпеня міністр эканомікі Беларусі Юрый Чабатар назваў «Вялікі камень» адным з ключавых прыярытэтаў развіцця беларуска-кітайскай супрацы. Ён заявіў, што сёння парк — квітнеючы праект, у якім вядуць бізнес больш як 130 рэзідэнтаў з 13 краін з аб’ёмам заяўленых інвестыцый $ 1,5 млрд. Сярод прыярытэтных напрамкаў далейшага развіцця парку міністр назваў прыцягненне новых рэзідэнтаў з Кітаю «з іх перадавым вопытам і якарнымі праектамі», а таксама «працяг будаўніцтва інфраструктуры» і развіццё медычнага кластару. Акрамя таго, у якасці аднаго з перспектыўных вектараў развіцця Чабатар абазначыў стымуляванне развіцця і падтрымання стартап-праектаў у парку, заявіўшы, што ў Беларусі нібыта створаныя і ўдасканальваюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця бізнесу.

Разам з тым афіцыйныя звесткі парку супярэчаць заяве міністра. Згодна з імі, станам на 20 жніўня ў парку зарэгістраваныя толькі 129 рэзідэнтаў, што менш чым «больш як 130». З іх 58 маюць кітайскі капітал, а 53 — беларускі. Таксама свае грошы ў кампаніі-рэзідэнты парка ўклалі бізнесы з Аўстрыі, Бельгіі, Германіі, Ізраіля, Літвы, Расіі, Сінгапура, ЗША, Украіны, Чэхіі і Швейцарыі (у некаторых фірм капітал з розных краін). Пры гэтым спіс краін скараціўся ў параўнанні са жніўнем 2023 года: за год з яго зніклі кампаніі з капіталам з Латвіі і Кіпра.
Паводле прэс-рэлізаў адміністрацыі «Вялікага каменя», колькасць рэзідэнтаў парку сапраўды расце. Праўда, да некаторых праектаў узнікаюць пытанні да іх індустрыяльнасці. У прыватнасці, заяўляецца, што ў парку «створаная ўся неабходная прававая база і ўнікальныя ўмовы для развіцця традыцыйнай кітайскай медыцыны, якіх няма ні ў адной краіне свету».

Найбуйнейшай жа здзелкай у гісторыі індустрыяльнага парку стаў продаж у 2023 годзе зямельнага ўчастка. Яго купіла расейская кампанія «Wildberries», якая плануе стварыць тут размеркавальны цэнтр для дастаўкі тавараў.
Парк развіваецца, але вельмі дзіўна
Змешаную статыстыку дзейнасці парка паказваюць і звесткі Белстату за 2023 год. Паводле іх, за мінулы год колькасць зарэгістраваных рэзідэнтаў вырасла на 20 % да 120. Але дзейныя з іх — толькі 88 (гэта 73 % супраць 63 % у 2022 годзе).

Колькасць работнікаў у парку за 2023 год павялічылася на 22,5%, а іх сярэднія заробкі — на 255 рублёў, ці 8,8 %. Гэта істотна менш за тэмпы росту сярэдняй зарплаты ў Беларусі за той жа перыяд. Пры чым, як у абсалютных, так і ў адносных лічбах: у 2023 годзе сярэдні заробак у краіне вырас на 355,4 рубля, ці 18,6 %. У выніку сярэдні заробак у парку цяпер не нашмат перавышае сярэдні ў краіне.
Выручка парка за 2023 год склала Br 1,14 млрд, павялічыўшыся на 53,9 %. А чысты прыбытак і зусім вырас удвая — да Br 69,2 млн рублёў, што з’яўляецца рэкордным за ўсе часы існавання парку.

Таксама ўдвая выраслі прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, працы, паслугі) — да $ 28,7 млн. Пры гэтым інвестыцыі ў асноўны капітал за год скараціліся на 4,3 %, у тым ліку з замежных крыніц — на 22,1%. Інвестыцыі ў асноўны капітал скарачаюцца другі год запар.

Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі, работ, паслуг прамысловага характару ў 2023 годзе склаў Br 744,5 млн (рост на 56,1 %). Але экспарт прадукцыі парку вырас толькі на 5,6 % (да $ 135,8 млн), а імпарт — на 43 % (да $ 248,5 млн). У выніку адмоўнае сальда вонкавага гандлю парка павялічылася ў 2,5 раза, склаўшы $ 112,7 млн. Гэта з’яўляецца чарговым антырэкордам «Вялікага каменя».
Доля экспарту ў працы парку зніжаецца
Экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна адзначыла супярэчнасці ў дзейнасці парку «Вялікі камень».
«З аднаго боку мы бачым, што такія паказнікі, як колькасць работнікаў, павялічваецца, выручка расце, інвестыцыі таксама павялічваюцца. Гэта значыць, вытворчасць расце. З іншага боку тыя ж заробкі выраслі ніжэй за сярэдні рэспубліканскі ўзровень», — сказала яна ў каментары «Белсату».

Больш за тое, адзначыла Лузгіна, паколькі «Вялікі камень» ад пачатку быў арыентаваны перадусім на экспарт, то менавіта ён і павінен з’яўляцца асноўным паказнікам эфектыўнасці парку. Але той расце значна больш павольнымі тэмпамі ў параўнанні з імпартам. Таксама зніжаецца доля экспарту ў агульным аб’ёме выручкі тавараў і паслуг: з 35,6 % у 2022 годзе да 32,1 % у 2023-м.
«Гэта гаворыць пра што? Пра тое, што прадпрыемствы працуюць, але значная доля рэалізацыі ўсё ж такі прыпадае на ўнутраны рынак. Гэта значыць, яны рэалізуюць нейкую прадукцыю, але на ўнутраным рынку. З пункту гледжання працы „Вялікага Камня“ гэта сведчыць аб тым, што ён не дасягае мэтаў, якія былі першапачаткова запланаваны пры яго стварэнні», — падкрэсліла эканамістка.
«Напалеонаўскія» планы Менску на Кітай
Прэм’ер Галоўчанка 14 жніўня заявіў, Беларусь і Кітай разглядаюць бягучы этап адносінаў як вельмі важны. Паводле яго, бакі падрыхтавалі вялікі пакет пагадненняў і дамоўленасцяў для падпісання, якія «замацуюць планы перспектыўнага партнёрства Беларусі і Кітаю ў ключавых напрамках нашай супрацы, якімі з’яўляюцца эканоміка, гандаль, прамысловая і тэхналагічная кааперацыя, навука, адукацыя, транспарт, лічбавае развіццё, зялёная эканоміка і рэгіянальная супраца».
Галоўчанка адзначыў, што Беларусь асабліва зацікаўленая ў тым, каб падчас візіту прэм’ера КНР падпісаць дэталізаваны план спалучэння прамысловай палітыкі дзвюх краін у рамках рэалізацыі комплекснай стратэгіі сумеснага прамысловага развіцця.
Аднак Лузгіна не бачыць падставаў, якія б дазвалялі казаць, што Кітай разглядае Беларусь як адзін з цэнтраў сваіх эканамічных інтарэсаў, як гэта было да 2020 года. Так, падкрэсліла яна, такія супольныя праекты, як «Вялікі камень», працягнуць сваё існаванне і нават, магчыма, развіццё «па інерцыі».

«А вось што датычыць новых праектаў, значных уліванняў, інвестыцыяў, крэдытаў, якія раней уліваліся з боку Кітаю, мы зараз гэтага не бачым», — дадала эканамістка.
Паводле яе, Пекін цяпер з асцярожнасцю ставіцца да ўсіх інвестыцыйных укладанняў у эканоміку Беларусі, бо «па-першае, гэта не блізкая краіна, па-другое, яна маленькая». Аднак раней нашая краіна была цікавая як магчымы хаб, у якім можна было развіваць кітайскія вытворчасці дзеля далейшага экспарту ў краіны Еўразвязу, з якім Беларусь мяжуе. Менавіта з гэтай мэтай будаваўся «Вялікі камень», падкрэсліла Лузгіна. Але за апошнія гады сітуацыя моцна змянілася.
«На мой погляд, для Кітаю Беларусь зараз далёка не самы прыярытэтны партнёр. З улікам санкцыяў, з улікам праблемаў праходу межаў з Еўразвязам, з улікам цяжкасцяў у плацяжах. Усё гэта не дадае прывабнасці Беларусі для Кітая», — сказала яна.
Лузгіна адзначыла, што спад цікавасці Пекіну да Менску бачны і з двухбаковага таваразвароту. Ён хоць і расце, але перадусім за кошт кітайскага імпарту:
«Паколькі імпарт з ЕЗ вельмі моцна скараціўся, то машыны, абсталяванне і іншыя тэхналогіі экспартуюцца беларусамі з Кітая. У экспарце таксама ёсць рост, але вельмі павольны ў параўнанні з ростам імпарту. І пастаўляюцца там традыцыйная прадукцыя: калійныя ўгнаенні і прадукты харчавання, якія не хутка псуюцца».
У гэтых пастаўках КНР зацікаўленая, таму эканамістка мяркуе, што двухбаковыя стасункі «ў нейкай ступені» будуць развівацца. Але актыўнага патэнцыялу для гэтага яна не бачыць.
Макар Мыш belsat.eu