Пасля падліку 100 % галасоў выбарнікаў перамогу ў прэзідэнцкай кампаніі атрымаў кансерватар Караль Наўроцкі.
Агулам жа галасы размеркаваліся наступным чынам: за Караля Наўроцкага прагаласавалі 50,89 % выбарнікаў, за мэра Варшавы Рафала Тшаскоўскага – 49,11 %.
Фактычна Польшча падзялілася на два выразныя лагеры. З інтэрактыўнай мапы відаць, што ўсход краіны аддаў перавагу кандыдатуры Наўроцкага, у тым ліку Падляшша, дзе жыве шмат этнічных беларусаў. І наадварот, чым бліжэй на захад, тым больш палякі выказваліся прыхільна да Тшаскоўскага.

Вынікі галасавання паказваюць, што мэра Варшавы падтрымалі пераважна ў гарадах (найперш у буйных), у той час як за Караля Наўроцкага больш актыўна галасавалі ў рэгіёнах.
Нагадаем, што першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы адбыўся 18 траўня. На ім перамогу атрымаў Рафал Тшаскоўскі з кіроўнай Грамадзянскай кааліцыі (KO), ягоны вынік – 31,36 %. Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае апазіцыйная партыя «Закон і справядлівасць» (PiS), набраў 29,54 % і заняў другое месца.
Наўроцкі быў беспартыйным кандыдатам, які, аднак, заручыўся падтрыманнем правай кансерватыўнай партыі «Закон і справядлівасць», якая кіравала ў Польшчы з лістапада 2015 года да снежня 2023-га.
Тшаскоўскі – мэр Варшавы, прадстаўнік Грамадзянскай кааліцыі, што прыйшла да ўлады пасля апошніх парламенцкіх выбараў.
Да другога туру ніводзін з кандыдатаў не сфармуляваў выразнай пазіцыі ў дачыненні Беларусі.
Раман Шавель belsat.eu