За год колькасць занятага насельніцтва ў Беларусі скарацілася на 43 тысячы працаўнікоў, сцвярджае «BELPOL». Спыталі экспертаў, ці ўважаюць яны гэткія змены правалам.
На 43 тысячы асобаў зменшылася летась сярэдняя колькасць працаўнікоў. Гэткія звесткі атрымалі прадстаўнікі ініцыятывы «BELPOL». Афіцыйныя ж лічбы за гэты перыяд у чатыры разы меншыя.
«Чаму іх не публікуюць? Бо тое, што там адлюстроўваецца, тая сітуацыя, яна абсалютна іншая, не тое, што паказвае рэжым у сваіх матэрыялах. Не тое, што намагаецца сваёй прапагандай убіць рэжым у галовы простых людзей», – тлумачыць такое разыходжанне прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
Паводле інфармацыі «BELPOL», найбольшае скарачэнне занятасці адбылося ў сферы транспарту, сельскай гаспадаркі, раздробнага гандлю, адукацыі, прамысловасці. Гэткая тэндэнцыя ў Беларусі існуе не першы год, адзначае эканаміст Аляксей Харкевіч.
,,«Адзіны перыяд, калі такога рэзкага скарачэння не назіралася, гэта той перыяд, калі ў нас ішла пенсійная рэформа. Яна скончылася ў 2022 годзе, і пасля гэтага было вяртанне да трэнду, калі ўсё менш працаўнікоў. Залежнасць тут відавочная: пенсіянераў болей, моладзі меней – дэмаграфічная праблема адгукаецца на колькасці занятых», – тлумачыць эксперт.
Сведчаннем гэтаму і іншая статыстыка: прымаецца на працу менш спецыялістаў, чым звальняецца. Сітуацыя ў правінцыі выглядае горш, чым у Менску і вобласці. Вынікі аналізу Міністэрства працы, якія атрымаў «BELPOL», кажуць пра наяўнасць 43 раёнаў «з праблемным» станам на рынку працы. Гэта ўдвая болей, чым пазалетась.
«Людзей працоўных не хапае, не хапае прафесіяналаў, не хапае дактароў, не хапае медпрацаўнікоў, і гэтая сітуацыя з году ў год робіцца ўсё горшаю. Усе тыя дзеянні, якія сістэма рабіла апошнія 3-4 гады, не атрымалі ніякага эфекту. Выніку няма», – кажа Уладзімір Жыгар.
Адной з захадаў Міністэрства працы дзеля змяншэння праблемы стануцца зніжкі на арэнднае жытло для прадстаўнікоў запатрабаваных прафесіяў. Адпаведны ўказ дваццаць сёмага студзеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
«Будзе вывучацца база звестак вакансіяў па рэгіёнах: у адным патрэбны кіроўца, у другім – хірург, у іншым – іншы спецыяліст. То бок у такой сітуацыі гэтыя пералікі будуць прызначаць рэгіёны», – тлумачыла на прэсавай канферэнцыі прадстаўніца Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вольга Герман.
На зніжку для арэнднага жытла, на думку Аляксея Харкевіча, змогуць прэтэндаваць прадстаўнікі нізкааплатных прафесіяў. Звычайна людзі не прымаюць такіх прапановаў, бо з тым заробкам немагчыма пракарміць нават адное дзіця.
«Гэты ўзровень аплаты працы не забяспечвае ўзнаўлення працоўнай сілы. Гэта менавіта тое, на што накіраванае заканадаўства заходніх краінаў – менавіта планка ніжняя мусіць быць значна вышэйшаю. Тады не давядзецца рабіць такіх захадаў, калі арэнднае жытло таннейшае і гэтак далей. Людзі будуць ісці сюды па грошы», – кажа эксперт.
На сёння ў дзяржаўнай базе запатрабаваных працоўных месцаў размешчана амаль 188 тысяч вакансіяў.
Аліна Скрабунова belsat.eu