150 тысяч пакістанцаў пакуль што не прыехалі, аднак і без іх на вуліцах нашых гарадоў стала столькі асобаў з азіяцкіх і афрыканскіх краінаў, што гэта ўжо кідаецца ў вочы, кажуць беларусы. Шмат хто з замежнікаў працуюць прыбіральнікамі, дворнікамі, на ўкладцы бруку, афіцыянтамі і нават дактарамі і медсёстрамі. Як яны прыязджаюць да нас? На якія ўмовы і заробкі? Хто ім дапамагае? Адшукалі працоўныя агенцтвы ў Пакістане, Індыі, Нігерыі ды іншых краінах, якія клічуць на працу ў Беларусь.
Пакістанцаў у Беларусі чакаюць пасля заявы Лукашэнкі, што ён гатовы прыняць іх аж 150 тысячаў. Эксперты сумняюцца, што столькі грамадзянаў гэтай усходняй краіны да нас сапраўды прыедзе, але тым часам у Пакістане ўжо актыўна рэкламуюць працоўны рынак Беларусі. Некаторыя, відавочна, скарысталіся прапановамі: пакістанцаў, якія працуюць на пілараме, у пачатку траўня сустракалі ў Бабруйску.
Бюро эміграцыі і працаўладкавання Пакістану пачало афіцыйна публікаваць вакансіі для сваіх грамадзянаў, якія захочуць працаваць у нашай краіне. На дзень 6 чэрвеня прапаноўваюцца 240 вакансіяў. На працу запрашаюць маляроў, бетоншчыкаў, муляраў, памочнікаў цесляроў, аператараў экскаватараў і бульдозераў і да т. п. Заробкі – ад 500 да 750 долараў. Найбольш абяцаюць плаціць аператарам экскаватараў і бульдозераў. Таксама гарантуюць бясплатнае пражыванне, харчаванне, медычнае абслугоўванне. Кантракты разлічаныя на два гады.
Вядуць набор на працу ў Беларусі і прыватныя кампаніі ў Пакістане. Адна з іх у траўні прапаноўвала працу ўкладчыкамі бруку (600 долараў), працаўнікамі з бетонам (600 долараў), аператарамі пагрузчыкаў, экскаватараў і бульдозераў (750 долараў). Працягласць кантракту – два гады.
,,«Не ўпусці шанцу пабудаваць сваю будучыню з надзейнаю працай у Беларусі з добрым заробкам!» – вабяць патэнцыйных працаўнікоў у агенцтве.
Індыйскае агенцтва рэкламуе працу швачкамі за 950 еўраў у Беларусі і на будоўлі за 1400 еўраў. Запрашаюць мужчынаў і жанчын да 50 гадоў.
Працаўнікоў ад 20 да 48 гадоў кліча іншае індыйскае агенцтва. Прапаноўвае наступныя ўмовы: 9-гадзінны працоўны дзень, 5 працоўных дзён на тыдзень, бясплатнае жытло, заробак – 1500 беларускіх рублёў. Канкрэтныя спецыяльнасці не называюцца, але на рэкламным фотаздымку – працаўнік будоўлі.
Індыйцам прапаноўваюць таксама ехаць працаваць на малочныя фермы ў Беларусі. Абяцаюць харчаванне і жытло, заробак ад 600 да 800 долараў.
Такіх абвестак сярод пакістанскіх і індыйскіх працоўных агенцтваў, якія запрашаюць у Беларусь, сапраўды вельмі шмат у TikTok і YouTube.
Афрыка: па працу адпраўляюць у Агульнарэспубліканскі банк вакансіяў
Працаўнікоў з афрыканскіх краінаў цяпер можна сустрэць у Беларусі нават у раённых цэнтрах. Яшчэ ў красавіку бабруйскі дзяржаўны тэлеканал «Бобруйск 360» паказваў сюжэт пра нігерыйцаў, якія кладуць брук.

У Афрыцы мноства працоўных агенцтваў адзначае, якія цудоўныя ўмовы ў Беларусі.
«А калі я скажу вам, што я цяпер у Беларусі? У нас ёсць кампанія, якая набірае людзей на працу ў аўтамыйнях. Заробак – ад тысячы долараў», – апавядае ў роліку ў TikTok трэвэл-кансультант з Ганы.
Фірма героя відэа дапамагае рабіць працоўныя запрашэнні, дазволы на працу і візы ў Беларусь. У шэрагу сюжэтаў у сваім TikTok-акаўнце мужчына апавядае пра нюансы працы ў нашай краіне, а таксама, як грамадзяне Ганы могуць да нас прыехаць. Атрымаць візу можна ў Нігерыі, бо ў Гане няма беларускай амбасады, ці па прылёце ў аэрапорце. Таксама гэта датычыць грамадзянаў Камеруну, Буркіна-Фасо, Тога.
Акрамя працы ў аўтамыйнях, кансультант з Ганы кліча ў Беларусь інжынераў, кіроўцаў пагрузчыкаў, кур’ераў, электрыкаў, механікаў, муляраў, прыбіральнікаў, тынкоўшчыкаў, будаўнікоў. Сцвярджае, што заробак будзе ад 500 долараў.
Яшчэ адзін візавы кансультант з Афрыкі зазначае, што з пачатку гэтага года стала больш ухваленых заявак на візу ў амбасадзе Беларусі ў Нігерыі.
Нігерыйская адукацыйная онлайн-платформа, якая дапамагае ў эміграцыі, «CareerEdu», выпусціла відэаінструкцыю, як пераехаць у Беларусь на працу. Пачынаецца ролік з інфармацыі пра тое, што ў Беларусі больш за 130 тысячаў працоўных месцаў (звесткі за 2024 год). Шукаць вакансіі раяць на сайце Агульнадзяржаўнага банку вакансіяў. На сёння там ужо больш за 200 тысяч прапановаў. Калі вас зацікавіла нейкая вакансія, звяртайцеся наўпрост да працадаўцы – ён зробіць дазвол на працу і кантракт, адзначаюць у відэа.

Беларусь вачыма нігерыйцаў
Мы знайшлі ў YouTube відэаблог нігерыйца, які ўжо ў Беларусі. У сваіх відэа аўтар апавядае, як атрымаць візу ў Беларусь, дзе працаваць, колькі можна зарабіць. Кажа, залежыць ад працы: мінімум – 250 долараў, у сярэднім – 500–600, але можна і нашмат больш, напрыклад, у ІТ.
Часам нігерыец таксама апавядае пра нашую краіну: напрыклад, пра беларускую кухню і дранікі. Блогер вельмі хваліць беларускія крамы: маўляў, у іх вялікі выбар садавіны і гародніны, менш як на 100 долараў можна купіць «вельмі-вельмі шмат ежы».
А па гэтай спасылцы – размова афрыканскай блогеркі з нігерыйкай, якая жыве і вучыцца ў Беларусі. У пачатку відэа нават ёсць кадр з бел-чырвона-белым сцягам – відавочна, нейкі здымак з пратэстаў 2020 года.
Суразмоўца блогеркі пераехала ў Беларусь у 2022-м – паступіла ва ўніверсітэт. Кажа, гэта вельмі добрая, бяспечная краіна. Са складанасцяў – у Беларусі не размаўляюць па-англійску і пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны стала менш магчымасцяў праз санкцыі.
Туркменістан – лідар паводле пастаўкі мігрантаў у Беларусь
Туркменістан яшчэ летась уваходзіў у тройку краінаў-лідараў паводле колькасці працоўных мігрантаў у Беларусі.
Грамадзяне Таджыкістану і Туркменістану могуць уладкавацца на працу ў Беларусь без адмысловага дазволу ў выпадку, калі прэтэндуюць на пасады, вызначаныя пастановаю Міністэрства парцы і сацыяльнай абароны № 99 за 12 снежня 2024 года. Шукаць працу ім раяць у Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў і на платформе rabota.by.
Адною з арганізацыяў у Беларусі, якая кансультуе таджыкаў і туркменаў у пытаннях працаўладквання ў Беларусі, а таксама дапамагае адаптавацца ў краіне ды інтэгравацца ў беларускае грамадства, ёсць Клуб дзелавых жанчын. На сайце арганізацыі пазначаныя кантакты, праз якія працоўныя мігранты з Таджыкістану і Туркменістану могуць звяртацца па дапамогу.
,,Мігранты з Туркменістану працуюць на заводзе «Мапід» – фармоўшчыкамі, электразваршчыкамі, кранаўшчыкамі. Агулам на прадпрыемстве працуюць каля 40 замежнікаў. Заробкі ў тых, хто ўжо мае 4-ы разрад і вышэйшы, – ад 3000 беларускіх рублёў, сцвярджае дырэктар заводу буйнапанэльнага домабудаўніцтва № 1 прадпрыемства «Мапід» Уладзімір Карагін.
Таксама туркменаў да працы прыцягвае «Белэнергабуд» – там замежнікі працуюць на рэканструкцыі і мадэрнізацыі цеплавых магістраляў.
Грамадзяне Туркменістану працуюць на Магілёўскім домабудаўнічым камбінаце – на канец траўня іх было больш за 30 асобаў. Яны працаўладкаваныя як падсобныя працоўныя з магчымасцю далейшага навучання. Усе яны забяспечаныя жытлом – пакоямі ў інтэрнаце ці кватэрамі. Яшчэ ў дачыненні 20 чалавек прадпрыемства падало дакументы на атрыманне дазволу на працаўладкаванне.
Узбекі «дысцыплінавалі» беларусаў
50 выхадцаў з Туркменістану працуюць на Менскім вытворча-гарбарным аб’яднанні ў Гатаве. Іншыя замежныя працаўнікі прыехалі з Азербайджану, Украіны. Кіраўніцтва прадпрыемства кажа таксама, што ў іх працуюць тры асобы з сектару Газа. Замежнікам прадпрыемства надало месцы ў інтэрнаце, а таксама кватэры.

Туркмены таксама працуюць на «Камволі».
На беларускія прадпрыемствы грамадзяне Туркменістану прыязджаюць праз працоўныя агенцтвы на радзіме – шмат рэкламы ад іх можна знайсці ў TikTok.
У Рэчыцкім раёне на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў працуюць чацвёра ўзбекаў. Паводле старшыні Гомельскага аблвыканкаму Івана Крупка, яны «дысцыплінавалі іншых працаўнікоў».
На «Магілёўтрансмашы» існуе праграма ўзаемадзеяння з міграцыйнаю службай і цяпер працуюць 19 грамадзянаў Узбекістану, апавёў дырэктар заводу Васіль Хамякоў. Пераважна гэта слесары механазборачных працаў, таксама ёсць маляры і штампоўшчыкі. Прадпрыемства аплочвае ім нумары з размяшчэннем па 2-3 чалавекі на базе спартовага комплексу «Дынама». Плануецца павялічыць колькасць узбекскіх працаўнікоў да 50 чалавек.
Яшчэ летась грамадзянаў Узбекістану запрашалі на МАЗ. Абяцалі заробак 720 долараў, а таксама авіяпералёт, пражыванне, медагляд і дазвол на працу за кошт працадаўцы.
«Навошта ехаць туды, дзе вайна?»
YouTube-канал «Your Tajikistan» запытаўся ў мінакоў на вуліцах Душанбэ, ці хацелі б яны паехаць у Беларусь на працу. Большасць адказала, што гатовыя, калі там будуць добрыя заробкі і ўмовы працы. Але былі і такія, хто паехаў бы куды заўгодна, але не ў Беларусь.
,,«У Беларусь я не паеду. Цяпер у Таджыкістане спакойна, дзякуй Богу, ёсць праца. Вядома, ёсць некаторыя складанасці, даходы крыху знізіліся. Калі гаворка пра Еўропу, туды можна было б паехаць. Ні ў Беларусь, ні ў Расею цяпер ехаць увогуле не варта. Маё асабістае меркаванне. Я не хачу ехаць. Бо там калі пачнеш працаваць, усё роўна сутыкнешся з нейкімі праблемамі. Агулам, навошта ехаць туды, дзе вайна?» – адказаў адзін з рэспандэнтаў.
«У Беларусі няма такіх заробкаў»
Сярод туркменаў таксама не ўсе задаволеныя працай у Беларусі. Мы знайшлі абмеркаванне ў TikTok пад адною з абвестак рэкрутынгавага агенцтва, што прапаноўвае дапамогу з працоўнымі візамі ў Беларусь і заробкі ў нашай краіне 3000 рублёў.
«Гэта не прыдатнае месца для працы – ведаю па сабе», – піша адзін з каментатараў.
Іншы апавядае пра кепскія ўмовы пражывання:
«Абед – вада, у пакоі – 4 чалавекі, лядоўня агульная, усе крадуць адно ў аднаго. У мяне сястра з’ехала адтуль месяц назад».
Туркмены, якія ўжо мелі досвед працы ў Беларусі, аспрэчваюць у каментарах і нібыта высокія заробкі:
«Беларусь – бедная краіна, дзе людзі ледзь зарабляюць на жыццё 350–500 долараў за месяц».
,,«У Беларусі няма грошай, яе людзі працуюць у іншых краінах. У Беларусі вы можаце зарабіць на адзенне і ежу, каб жыць – не».
Ці ўратуюць мігранты эканоміку?
Пра тое, што ўжо цяпер у эканоміцы Беларусі ў розных сферах – ад будаўніцтва да медыцыны – задзеяныя тысячы замежных спецыялістаў, гавораць дзяржаўныя медыі. Агулам апошнім часам у выданнях і на тэлебачанні ідзе хваля матэрыялаў пра «руплівых працаўнікоў» з замежжа ў Беларусі.
Дакладная колькасць працоўных мігрантаў на канец траўня 2025 года – 60 тысячаў чалавек. Яшчэ год таму іх было 11 тысячаў.

«Нашая краіна адкрытая для тых, хто гатовы старанна працаваць», – сцвярджае дзяржаўная прапаганда.
Большасць замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь на працу, паходзяць з Туркменістану, Узбекістану і шэрагу іншых краінаў Азіі ды Афрыкі. Задзеяныя яны пераважна ў будаўнічай галіне.
Паводле эксперткі Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настассі Лузгіной, лік працоўных мігрантаў, які цяпер агучваюць улады, невялікі ў маштабах краіны – менш за 1 % у агульнай масе занятых у эканоміцы беларусаў. Таму прынамсі пакуль замежнікі на агульную карціну на беларускім рынку працы ніяк не ўплываюць. Пры гэтым праблема дэфіцыту працоўных рук як была, гэтак і застаецца.
Агульная колькасць афіцыйна працаўладкаваных у Беларусі падае. За красавік сёлета афіцыйна працаўладкаваных у нашай краіне стала на 10,4 тысячы чалавек менш. У дзяржаўнай службе занятасці на сёння зарэгістраваныя 208 тысяч вакансіяў. З тых амаль 211 тысячаў наяўных вакансіяў больш як у палове выпадкаў працадаўцы абяцаюць заробак, меншы за паўтары тысячы рублёў: чым мігрантаў наўрад ці ўдасца прывабіць.
У красавіку Лукашэнка абвясціў пра намер залучыць у Беларусь 100–150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістану, а таксама казаў, што не бачыць нічога кепскага ў тым, каб 6–10 % насельніцтва Беларусі складалі працоўныя мігранты з іншых краінаў. Пры гэтым ён абвінаваціў беларусаў у неабходнасці клікаць у краіну працаўнікоў з-за мяжы. Маўляў, і прадукцыйнасць працы ў нас нізкая, і нараджаюць замала, а іначай і не давялося б запрашаць. Ідэя з запрашэннем пакістанцаў выклікала хвалю незадаволенасці ў грамадстве.
Ганна Ганчар belsat.eu