Аналітыка

Замяніць беларусаў пакістанцамі – хітры план Лукашэнкі, які можа даць збой

Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам. Менск, Беларусь. 11 красавіка 2025 года. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам. Менск, Беларусь. 11 красавіка 2025 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка прыдумаў хітры план – выгнаць нелаяльных беларусаў, а на іхнае месца завезці пакістанцаў. Адразу з сем’ямі. У выніку і эканоміка не пацярпіць, і ўлада ўмацуецца. Але, як адзначаюць эксперты, дакладнасць гэтай схемы да швейцарскага гадзінніка не дацягвае. Па-першае, Беларусь не такі ўжо і рай для пакістанцаў. Па-другое, калі яны і паселяцца ў Баранавічах ці пад Магілёвам, гэта можа толькі павялічыць напружанасць у краіне.

Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка пасля перамоваў з прэм'ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам заявіў, што Беларусь гатовая прыняць на працу ад 100 да 150 тыс. пакістанскіх работнікаў.

,,

«Мы таксама дамовіліся з маім сябрам, прэм'ер-міністрам Пакістану, што найбліжэйшым часам будуць накіраваныя спецыялісты розных галінаў. Тых галінаў, пра якія мы папросім. І кіраўніцтва Пакістану дапаможа нам падабраць такіх людзей», – сказаў Лукашэнка.


Паводле яго, у Пакістане шмат людзей – «работнікі, сяляне, інтэлігенцыя», – якія могуць і хочуць працаваць у Беларусі. Кіраўніцтва дзвюх краінаў дамовілася забяспечыць ім гэтую магчымасць і выпрацаваць адпаведны механізм. Для гэтага, заявіў Лукашэнка, трэба аператыўна стварыць паветраны мост паміж Ісламабадам і Менскам.

Падчас суботніку 12 красавіка палітык, праўда, удакладніў, што падыход да прыцягнення працоўных мігрантаў з Пакістану будзе дыферэнцаваны. «Беларусь зацікаўленая перадусім у прыцягненні спецыялістаў, а не проста моладзі. І лепш – сем'ямі. Калі сям'я прыехала, яны працаваць будуць», – сказаў Лукашэнка.

Рабочыя працуюць з расплаўленымі сталёвымі прутамі на заводзе ў Ісламабадзе, Пакістан. 30 красавіка 2024 года. Фота: Aamir Qureshi / AFP / East News
Рабочыя працуюць з расплаўленымі сталёвымі прутамі на заводзе ў Ісламабадзе, Пакістан. 30 красавіка 2024 года. Фота: Aamir Qureshi / AFP / East News
Фабрыка ў Пакістане. 9 сакавіка 2023 года. Фота: Muhammed Semih Ugurlu / Anadolu Agency via Getty Images

Пакістанцы лепшыя за нелаяльных беларусаў: што кажуць на фабрыцы, куды Лукашэнка «сасватаў» мігрантаў

навіны

Сярод канкрэтных прадпрыемстваў ён назваў Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне, дзе для пакістанцаў створаць «такія ж умовы, як для беларусаў». Карэспандэнту «Белсату» на гэтым прадпрыемстве сказалі, што калі будзе рашэнне ўладкаваць пакістанцаў, то яно будзе выкананае.

Падарунак пакістанскаму народу

Прэмʼер-міністр Пакістану Шэгбаз Шарыф заявіў, што 150 тыс. маладых высокакваліфікаваных пакістанскіх рабочых дапамогуць Лукашэнку ў намаганнях у дзяржаўным (іншы варыянт перакладу – нацыянальным) будаўніцтве Беларусі, паведамляе «Associated Press of Pakistan». Саму дамоўленасць Шарыф назваў «падарункам» для народу Пакістану, падкрэсліўшы, што яна забяспечыць пакістанскай моладзі значныя сродкі да існавання. І гэта пры тым, што Лукашэнка хоча, каб ехала не моладзь, а ўжо гатовыя спецыялісты з сем’ямі.

«Я запэўніваю вас, што кваліфікаваная пакістанская рабочая сіла, належным чынам сертыфікаваная як паводле міжнародных стандартаў, гэтак і праз нацыянальную акрэдытацыю, будзе каштоўным актывам для Беларусі», – сказаў Шарыф.

Пры гэтым ён жа паставіў пад сумнеў словы Лукашэнкі, які казаў пра пакістанскіх спецыялістаў з розных галінаў. Шарыф падкрэсліў, што «Пакістан – аграрная краіна, і 65 % насельніцтва пражывае ў сельскай мясцовасці». Але нават у сельскай гаспадарцы, на працаўнікоў якой таксама спадзяецца Лукашэнка, пакістанцам патрэбныя «веды і досвед, каб павялічыць ураджайнасць з акра дзякуючы выкарыстанню сучасных метадаў у гэтым сектары». І гэта пры тым, што сама Беларусь моцна адстае паводле ўраджайнасці ад сваіх заходніх суседзяў.

Выганяць беларусаў

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка адзначыў 13 красавіка ў эфіры свайго YouTube-каналу, што запрашэнне пакістанцам прыехаць працаваць у Беларусь адбываецца ў той час, калі «600 тысяч беларусаў, паводле звестак экспертаў ААН, вымушана пакінулі тэрыторыю Беларусі».

,,

«І замест таго каб не выганяць беларусаў, замест таго каб спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітычных зняволеных і легалізаваць грамадскае палітычнае жыццё, даць магчымасць працаваць вольным медыям, будаваць нармальнае грамадства, ён замест гэтага кажа: прыязджайце да нас, замежнікі», – заявіў палітык.


Мітынг прысвечаны другой гадавіне выбараў у Беларусі. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. (Фота: Белсат)

Што рабіць тым, каго абяцаюць пазбавіць грамадзянства? Спыталі палітыкаў і экспертаў

навіны

Пры гэтым Латушка падкрэсліў, што Лукашэнка ўжо паспеў «даць заднюю», сказаўшы, што пакістанцам лепш прыязджаць у Беларусь сем’ямі: «Лукашэнка баіцца, што калі прыедуць пакістанцы, мужчыны перадусім, ён баіцца гэтай сітуацыі, ён разумее, што ён здзейсніў памылку».

Мігранты як крыніца даходу Пакістану

Як адзначае «Business Recorder» са спасылкай на звесткі пакістанскага ўраду, з 2019 да жніўня 2024 года больш як 3,27 млн пакістанцаў, або каля 1,3 % насельніцтва краіны, былі адпраўленыя за мяжу для працаўладкавання праз дзяржаўныя каналы. Найбольшая колькасць пакістанцаў за апошнія пяць гадоў – каля 1,83 млн – скіраваліся ў Саудаўскую Аравію, за якой ідуць Абʼяднаныя Арабскія Эміраты (708 тыс.) і Аман (265 тыс.). А паводле звестак Міжнароднай арганізацыі працы, з 1971 да 2020 года 11 млн пакістанцаў пераехалі ў іншыя краіны свету для працы за мяжой.

Паводле розных ацэнак, найбольш пакістанцаў сёння жыве ў Саудаўскай Аравіі (2,71 млн), Вялікай Брытаніі (1,66 млн), ААЭ (1,6 млн), Індыі (919 тыс.), ЗША (684 тыс.), Кувейце (339 тыс.), Канадзе (303 тыс.), Амане (250 тыс.) і Катары (234 тыс.). У выпадку прыезду 150 тыс. працаўнікоў з Пакістану 9-мільённая Беларусь можа ўвайсці ў дзясятку краінаў свету паводле ліку мігрантаў з гэтай азіяцкай краіны.

Пакістанскі раён у Джыдзе, Саудаўская Аравія. 30 верасня 2018 года. Фота: Salwan Georges / The Washington Post via Getty Images
Пакістанскі раён у Джыдзе, Саудаўская Аравія. 30 верасня 2018 года. Фота: Salwan Georges / The Washington Post via Getty Images

Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук, сказаў «Белсату», што ў адрозненне ад суседняй Індыі, мігранты з якой займаюць нішу высокакваліфікаваных спецыялістаў, або Бангладэшу, адкуль едзе перадусім некваліфікаваная працоўная сіла, працоўныя мігранты з Пакістану займаюць сярэдняе становішча. Пры гэтым нават улады краіны, ва ўмовах сур’ёзных эканамічных, палітычных і сацыяльных праблемаў, прыхільна ставяцца да працоўнай эміграцыі. Бо, з аднаго боку, мігранты перасылаюць грошы сваім сем’ям (у 2024 годзе – каля 36 млрд долараў, або дзясятая частка ВУП Пакістану), а з другога боку, масавы адток моладзі зніжае ціск на сацыяльную і палітычную сферы.

«І тут можна зразумець радасць Шарыфа, калі ён пачуў гэтыя панскія лічбы: 100, 120, 150 тысячаў. Бо гэта цалкам адпавядае інтарэсам пакістанскага кіраўніцтва. І ўзнікае іншая думка: а наколькі гэта адпавядае інтарэсам саміх мігрантаў і інтарэсам Беларусі?» – адзначыў Красулін.

Ці цікавая Беларусь самім пакістанцам?

Анастасія Лузгіна, экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, у каментары «Белсату» адзначыла, што сёння ў рэспубліканскім банку вакансіяў Беларусі шукаюць 198 750 працаўнікоў. І апошнімі гадамі гэтая лічба толькі павялічваецца. Таму прыезд 150 тыс. пакістанскіх работнікаў мог бы гіпатэтычны закрыць асноўную частку вакансіяў, але «не ўсё так проста».

,,

«Па-першае, нават калі ўявім, што гэтыя людзі прыедуць, наколькі іх кваліфікацыі будуць адпавядаць патрэбам рынку працы? Не факт, што, напрыклад, на МТЗ, на МАЗ прыедуць менавіта тыя спецыялісты, якія патрэбныя. І я не кажу ўжо пра лекараў і іншых», – адзначыла эканамістка.


Belsat

Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў

навіны

Пры гэтым яна адзначыла, што пакуль пакістанцы не выяўлялі асаблівай цікавасці да працы ў Беларусі або Расеі. Не бачыць эканамістка прычынаў і для таго, каб яны зацікавіліся нашай краінай цяпер.

«Калі раней пакістанцы не былі надта зацікаўленыя ў прыездзе ў Беларусь, то чаму яны будуць зацікаўленыя цяпер? У тых жа Арабскіх Эміратах, хутчэй за ўсё, ім прапануюць заробак нашмат вышэйшы, чым у Беларусі», – падкрэсліла Лузгіна.

Яна дадала, што клімат у арабскіх краінах для пакістанцаў больш камфортны, чым у адносна халоднай для іх Беларусі. Дый з англійскай мовай, якая ёсць другой дзяржаўнай у Пакістане, мігрантам з гэтай краіны прасцей працаваць у краінах Паўночнай Амерыкі, Еўразвязу, Персідскай затокі, чым у Беларусі.

Лузгіна адзначыла, што нашай краіне, магчыма, былі б цікавыя навыкі пакістанцаў у тэкстыльнай і фармацэўтычнай прамысловасці. Але адносна сельскай гаспадаркі эканамістка мае сумневы, у тым ліку з прычыны розніцы сельскагаспадарчых культураў, якія вырошчваюцца ў дзвюх краінах.

,,

«Можа быць, больш нізкакваліфікаваныя работнікі, безумоўна, знойдуць працу, дзе не патрабуецца вялікай кваліфікацыі. А высакакласныя спецыялісты, якія ў Пакістане ёсць... Ці зацікавіць Беларусь іх?» – задалася пытаннем эканамістка.


Анклавы мігрантаў зробяцца праблемай для Лукашэнкі

«Выключна кепскім рашэннем» назваў ідэю Лукашэнкі і ананімны тэлеграм-канал «Беларусский стратегический». Яго аўтары адзначаюць, што пры такой колькасці – 150 тысячаў – «пакістанцы лёгка сфармуюць свае ўласныя моўныя і культурныя анклавы», якія «будуць абсалютна непрыступнымі для нашых сацыяльных службаў і сілавікоў».

Інтэграцыя пакістанцаў у беларускае грамадства пры ўмове, што яны не ведаюць ані беларускай, ані расейскай мовы, выклікае сумневы. «Калі жадаюць затрымаць гэтых пакістанцаў у Беларусі, ім трэба плаціць больш, чым беларусам. А гэта, вядома, у беларусаў выкліча вялікую незадаволенасць. Бо, калі плаціць як беларусам, пакістанцы не застануцца», – кажа гісторык Красулін.

Мусульмане купляюць гародніну і садавіну перад пачаткам Рамадану ў Ісламабадзе, Пакістан. 27 лютага 2025 года. Фота: Muhammad Reza / Anadolu via Getty Images
Мусульмане купляюць гародніну і садавіну перад пачаткам Рамадану ў Ісламабадзе, Пакістан. 27 лютага 2025 года. Фота: Muhammad Reza / Anadolu via Getty Images

Паводле Красуліна, гэтая незадаволенасць будзе падагравацца рознымі чуткамі і здагадкамі пра злачынствы мігрантаў, а таксама тым, што праваахоўныя органы не будуць рэагаваць на скаргі ў дачыненні пакістанцаў, бо «за імі стаіць вышэйшая апека з боку Лукашэнкі». Дый самым сілавікам давядзецца адчуць розніцу ў паводзінах беларусаў і пакістанцаў.

У цэлым гэтая сітуацыя, на думку гісторыка, паказвае, што «для Лукашэнкі Беларусь – гэта ніякая не каштоўнасць».

,,

«Ён гатовы Беларусь аддаць каму заўгодна. Галоўнае – каб прапанавалі. А беларусаў можна будзе ва ўтыль здаць у выніку», – заявіў Красулін.


Не верыць гісторык і ў здольнасць Лукашэнкі абаперціся на пакістанцаў дзеля ўтрымання ўлады, «нават калі ён зробіць з іх янычараў, бо гэтыя янычары яго ж і зжаруць».

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10