Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх работнікаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка пасля перамоваў з прэм'ер-міністрам Пакістану Шахбазам Шарыфам, перадае БелТА.
«Мы таксама дамовіліся з маім сябрам прэмʼер-міністрам Пакістану, што ў бліжэйшы час будуць накіраваныя спецыялісты розных галінаў. Тых галінаў, пра якія мы папросім. І кіраўніцтва Пакістану дапаможа нам падабраць такіх людзей. Хай гэта будзе 100 тысяч, можа быць, 120–150 тысяч гэтых спецыялістаў. Мы гатовыя прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для працы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На перамовах ён адзначыў, што ў Пакістане шмат людзей, якія могуць і хочуць працаваць у Беларусі. Кіраўніцтва краінаў дамовілася забяспечыць ім гэтую магчымасць і выпрацаваць адпаведны механізм.
,,«Мы дамовіліся з вамі, што зробім усё для таго, каб нашыя пакістанскія сябры, работнікі, сяляне, інтэлігенцыя, ахвочыя змаглі прыехаць у Беларусь і працаваць тут. Мы акажам ім адпаведную падтрымку. Мы таксама дамовіліся, што выпрацуем канкрэтны механізм прыезду людзей для працы ў Беларусі. Нам яны будуць вельмі патрэбныя», – заявіў Лукашэнка.
Для гэтага, паводле яго, трэба аператыўна стварыць паветраны мост паміж Ісламабадам і Менскам.
Замясціць беларусаў пакістанцамі?
Імкненне Лукашэнкі завозіць пакістанскіх гастарбайтараў у Беларусі, відаць, выкліканае кадравымі праблемамі, якія выніклі праз ягоную ж палітыку.
,,«Згодна з апошнім дакладам Групы незалежных экспертаў ААН, праз створаную атмасферы страху, тэрору і пераследаў да 600 тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну. Падумайце пра маштабы гэтай трагедыі. Гэта прыкладна 6,4 % ад агульнага насельніцтва Беларусі на травень 2020 года», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў ПАРЕ на пасяджэнні пра транснацыянальныя злачынствы ўладаў Беларусі.
Паводле яго, мэта такой палітыкі Лукашэнкі – ачысціць насельніцтва ад нелаяльных грамадзянаў.
Згодна са звесткамі МУС, цягам 2021–2022 гадоў з Беларусі з’ехалі больш як 200 тысяч чалавек. Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў казаў пра 350 тысяч эмігрантаў. А старэйшы даследнік Цэнтру новых ідэяў, сацыёлаг Генадзь Коршунаў, ацэньваў гэты лік на 500–600 тысяч асобаў.
Якуб Хруст belsat.eu