Тэатральная лабараторыя «Вольная сцэна» паказала 11 чэрвеня ў Варшаве спектакль «Інсургенты», пастаўлены на матывы аднайменнай містэрыі Зянона Пазняка. Героі пастаноўкі чакаюць Дзядоў, будуюць мост і задаюць пытанні, ад якіх хочацца схавацца пад фатэль. Але мы не хаваемся. «Белсат» пабываў на варшаўскай прэмʼеры ды паразмаўляў з акторамі і рэжысёрам пастаноўкі.
Містэрыю «Інсургенты» Зянон Пазняк напісаў у лістападзе 2019-га, прымеркаваўшы яе да перапахавання ў Вільні парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Гэта невялікі драматычны твор, цэнтральнае месца ў якім займае постаць кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Прэмʼера пʼесы павінна была адбыцца ў дзень урачыстага пахавання 22 лістапада ў Вільні, але не адбылася – аўтар не здолеў у той дзень прыехаць у літоўскую сталіцу.

«Мне ўвесь час падаецца, што мы з розных бакоў»
А потым грымнуў 2020-ы. «Інсургенты» чакалі яшчэ 5 гадоў, каб іх заўважыў беларускі актор і рэжысёр у выгнанні Уладзімір Лісоўскі, які пастанавіў адрадзіць (у кантэксце містэрыі лепей скажам – уваскрэсіць) у Беластоку славутую менскую «Вольную сцэну» (Лісоўскі – вучань Валерыя Мазынскага) і пачаць з «Інсургентаў».
Рэжысёр перарабіў пʼесу Пазняка пад сучаснасць, знізіў градус пафасу, дадаў трагізму і новых герояў (зʼявілася Апалонія Серакоўская – Вольга Каралёнак), уклаў у вусны персанажаў такія пытанні, ад якіх, калі шчыра, хацелася лезці пад фатэль (не, не ад смеху) проста ў глядзельні «The Backstage Bar», дзе адбывалася варшаўская прэмʼера пастаноўкі.
,,«Мне ўвесь час падаецца, што мы з розных бакоў. Вы ўвесь час кажаце пра дыялог з ворагам. Пачніце хаця б дыялог з паплечнікамі… Занадта шмат эмоцыяў і дыскусіяў», – кажа, напрыклад, ксёндз-пробашч (Дзмітрый Есяневіч) у пʼесе (у містэрыі Пазняка гэтай рэплікі няма).
Ці яшчэ.
,,«На эшафот? Мужчыны, вы пра што? Пакіньце эшафоты ворагам! Абараніце край свой, зямлю сваю, дзяцей сваіх, жонак сваіх, дом свой. Загінуць і знікнуць – гэта вельмі проста…» – амаль выкрыквае Апалонія Серакоўская.
Такіх вострых месцаў у пʼесе нямала. «Інсургенты» бʼюць пад дых. Чаго вартая хаця б адна з першых сцэнаў: Кастусь Каліноўскі (Яўген Казакевіч) напярэдадні чарговых Дзядоў (дзеянне містэрыі адбываецца ў вечнасці) хоча накінуць сабе пятлю на шыю, бо «за сто гадоў страціў веру».
Трэба хіба мець немалую адвагу, каб паказаць іканічную для беларусаў асобу ў такім раздраі, ды яшчэ запусціць на фоне Каліноўскага з пятлёй у руках відэаінсталяцыю з кадрамі разгону шэсця на Дзяды, з Пазняком перад мікрафонам ды затрыманнямі ў Курапатах.

«Гэта добра прагучала б у 2019 годзе, але сёння маем іншыя пытанні»
Дарэчы, Зянон Пазняк пасля беластоцкай прэм'еры (на жаль, на варшаўскай яго не было), пахваліўшы актораў, параіў перарабіць вобраз Каліноўскага, бо атрымаўся, маўляў, зусім бяссільны і знявераны. Але, як падаецца, рэжысёр на павадку ў аўтара не пайшоў, хоць, як прызнаўся нам пасля спектаклю, Каліноўскаму, у параўнанні з першапачатковаю версіяй, дадаў гераізму.
«Я так скажу: мы змянілі Каліноўскага, ён троху не такі, як на прэмʼеры ў Беластоку. Але калі б цалкам яго змянілі, то прапала б дужа шмат унутранага канфлікту. А мы менавіта хацелі расказаць пра сённяшніх людзей.
,,Гэтая пʼеса – не пра Каліноўскага. І Жэня [актор Яўген Казакевіч. – Заўвага рэд.] не грае Каліноўскага. Ён праз гэты вобраз перадае пачуцці і думкі людзей – нашчадкаў Каліноўскага. Гэта зборны вобраз», – тлумачыць нам пасля спектаклю рэжысёр «Інсургентаў» Уладзімір Лісоўскі (у пʼесе выконвае ролю Зыгмунта Серакоўскага).
Паводле рэжысёра, Кастусь Каліноўскі ў новай варыяцыі пастаноўкі «ідзе ад сябе». На пачатку апанаваны адчаем і знявераны, ён падымае ўсіх у фінале, калі расчараванне пачынае біць ужо па паплечніках. Падымае і кажа: мы ідзём, мы змагаемся за Беларусь!
«Мы выйдзем», – гэта апошняя рэпліка Каліноўскага і ў містэрыі Пазняка, і ў пастаноўцы Лісоўскага.
«Я разумею, што спадар Зянон хацеў у сваёй пʼесе падкрэсліць менавіта гераічнасць гэтага чалавека: нават калі памёр, ён не скончыў сваёй справы і ідзе на зямлю, каб яе давяршыць. Гэта добра прагучала б у 2019 годзе. Гэта тады кранала людзей. Але сёння маем іншыя пытанні, іншыя патрабаванні. І мы гэта адчулі ды вось такім чынам зрабілі», – тлумачыць у размове з «Белсатам» Уладзімір Лісоўскі

«Кожны з нас і так Каліноўскі»
Згаджаецца з гэтым і актор Яўген Казакевіч, які грае ў спектаклі Кастуся Каліноўскага. На ягоную думку, лозунгі, «якія мы чуем столькі гадоў», ужо не ўздзейнічаюць на гледача, таму іх няма ў спектаклі.
,,«Гэты спектакль для таго, каб кожны з нас проста задумаўся, што адбываецца, каб кожны з нас паглядзеў, што робяць адны і другія ды што можа зрабіць ён сам. Гэта, хутчэй, філасофская рэч, а не проста драматычны спектакль. Гэта – на падумаць. Гэта цяжка, бо думаць заўсёды цяжка. Але мы хочам, каб глядач таксама задаў сабе пытанні, якія мы задаём сабе на сцэне», – кажа Яўген Казакевіч
Варта адзначыць, што па заканчэнні спектаклю зала (невялікая, максімум – на паўсотню чалавек) не выбухнула аптымістычным «Жыве Беларусь!», а ўзяла глыбокую паўзу перад апладысментамі: глядач думаў…
«Гэта таксама пра ўсё тое, што адбываецца ў асяродку дэмакратычных сілаў. Мы ж усё бачым. Калі яны адно з адным дамовіцца не могуць і адбываецца тое, што адбываецца, то пра якую перамогу над рэжымам можа быць гаворка? Гэта праблема. І мы тут паказалі актуальныя праблемы, якія існуюць у нашым грамадстве, і мы не можам пакуль знайсці выйсця», – працягвае Яўген Казакевіч.
,,«Кожны хоча быць Каліноўскім. Але рэч у тым, што кожны з нас і так Каліноўскі. І трэба, каб кожны з нас зрабіў тое, што можа зрабіць…» – дадае актор.
Былы купалавец і ўдзельнік праекту «ЧынЧынЧэнэл» Дзмітрый Есяневіч, які сыграў у п'есе, як сам кажа, «баявога ксяндза» і дадаў у дзею троху «чалавечынкі» (героі містэрыі – цені, прывіды ў белым), расказваючы, напрыклад, анекдот пра смерць вусатага і тоўстага чалавека на тым баку Вяллі (рэакцыя залы – стрыманы смех), заўважае, што і здаровы пафас часам бывае не лішні.
«Можа падацца камусьці, што гэта несучасны спектакль у сэнсе існавання на сцэне, што гэта пафасна ўсё і нецікава ў эру «ТыкТоку» і хуткіх візуальных наркотыкаў, калі ўсё – па вярхах. Але тут у нас ёсць магчымасць усё ж такі пабываць у сурʼёзе, у патэтыцы – у добрым сэнсе гэтага слова, існавання і разумення», – разважае Дзмітрый Есяневіч.
Ягоны святар у пʼесе грыміць пра Бога, прамаўляе пра цела і кроў Хрыста, але ўспрымаецца на сцэне самым «цялесным» і жывым – вяртае да жыцця і надзеі.

«Чаму нельга перамагчы і застацца жывым?»
У супрацьстаянне і з ксяндзом, і з мужам, і з усімі мужчынамі ўступае на сцэне Апалонія Серакоўская, якую сыграла сузаснавальніца варшаўскага тэатру «Дзея другая» Вольга Каралёнак. Ейны персанаж – голас многіх беларускіх жанчын сёння.
«Мне было прыемна быць гэтым голасам. Я згодная з Апалоніяй. Чаму нельга перамагчы і застацца жывым?.. Я разумею ўсіх гэтых жанчын. У мяне ёсць прыклады маіх сяброў. Усё добра, і раптам: Волечка, я еду ва Украіну! – А як жонка, дзеці? Я, напэўна, не адпусціла б. А з другога боку – а як бы я яго не адпусціла?.. І вось я граю сёння гэтую жонку, задаю і ўнутрана прапрацоўваю гэтыя пытанні. Вісела б у яго на нагах – не адпускала б, але ў той жа час разумею, што… адпускала б, бо мой мужчына ідзе вызваляць Беларусь. І я з гэтым працую…» – дзеліцца Вольга Каралёнак.

Такі спектакль. Будуе масты, задае балючыя пытанні і бʼе пад дых (мужчынам).
Не стае дрэва, каб дабудаваць мост? Цітус Далеўскі (Яўген Бржусь) прыносіць крыж. Таксама матэрыял (і чытэльная метафара). А Дзядоў яны дачакаюцца. Ужо ідуць.
«Божа! Колькі іх ёсць! Іх мільёны!» – канстатуе ў канцы Цітус.
У фінальнай мізансцэне героі ахутваюць крыж сваім беласнежным убраннем і зверху накладаюць чырвоную стужку. Сімвал. Кастусь Каліноўскі раскідвае рукі: «Так будзе. Верце мне. Мы выйдзем».
А вочы Зыгмунта Серакоўскага напаўняюцца слязьмі.
«Гэтыя слёзы… я стрымліваў іх насамрэч, – прызнаецца пасля спектаклю Уладзімір Лісоўскі. – Не спецыяльна іх з сябе выціскаў, наадварот, маглі і градам паліцца. Бо мы сапраўды ішлі ад сябе. Кожны з нас уклаў нешта сваё…
,,Патрэбнае выйсце. Каліноўскі для людзей, якія сёння стаяць са слязамі на вачах і думаюць, куды ісці і што рабіць далей, і ёсць гэтым выйсцем. Мы не павінны спыняцца, павінны дзеяць. Каліноўскі жыве праз нашых Дзядоў, праз гісторыю, Каліноўскі жыве сярод нас. Ён працягваецца ў кожным з нас».
Тэатральная лабараторыя «Вольная сцэна» пакажа спектакль «Інсургенты» ў іншых гарадах Польшчы. Тэатр запрасілі таксама ў Таронта (Канада). Плануецца выступ у Вільні. Варта прыйсці і паглядзець. Усёй грамадой (і Кабінетам). Будзе на карысць. Квіток на варшаўскую прэмʼеру «Інсургентаў» каштаваў 70 злотых (16 еўраў).
Зміцер Міраш belsat.eu