Беларускі актывіст і блогер Зміцер Грынкевіч, якога ў пачатку траўня не ўпусцілі ў Грузію пасля візарану, ужо больш за месяц перабывае ў Арменіі. Заставацца там беларус не хоча, бо не лічыць гэтай краіны цалкам бяспечнай і камфортнай. Мужчыну параілі звярнуцца ў Аб’яднаны пераходны кабінет па дапамогу ў візавым пытанні. Апавядаем, што з гэтага атрымалася.
Пазіцыя мясцовых уладаў – не чапаць беларусаў
Зміцер з 8 траўня жыве ў Ерэване. Нягледзячы на тое, што Арменія яму падабаецца, беларус не хоча заставацца ў ёй назаўсёды, таму шукае шляхі, як зрабіць польскую візу. Знаёмы праваабаронца даслаў Змітру кантакт намесніка ў справе легалізацыйных пытанняў прадстаўніка АПК у сацыяльнай палітыцы Віталя Малчанава.
,,«Я напісаў. Некалькі тыдняў мне ніхто не адказваў, а потым я атрымаў паведамленне, што польскія ўлады пастанавілі не падтрымліваць майго кейсу, бо я ў бяспечнай краіне, якая дае беларусам міжнародную абарону», – апавядае блогер і дадае: насамрэч не ўсё так проста ў Арменіі з прытулкам.
Нягледзячы на такі адказ, Зміцер хоча паспрабаваць звярнуцца ў польскую амбасаду асабіста, а паралельна – распачаць працэдуру атрымання міжнароднай абароны. Беларус з дапамогаю праваабаронцаў рыхтуе пісьмовае апісанне сваёй гісторыі – апавядае, у чым браў удзел і што яму пагражае.
Дапамогі ў АПК ці Офісу Святланы Ціханоўскай Зміцер больш прасіць не хоча – не бачыць сэнсу. Праз знаёмых беларусаў з Батумі блогер выйшаў на Хельсінкскі камітэт у Ерэване, з якім цяпер падтрымлівае сувязь. Кажа, мясцовыя абаронцы апавялі пра пазіцыю армянскіх уладаў у дачыненні беларусаў: не чапаць, пакуль яны ў краіне, нават калі яны ёсць у базах вышуку. Аднак пры выездзе, на мяжы, цалкам могуць затрымаць.
«Вельмі сумую па нашым варушняку»
Прайсці працэдуру атрымання міжнароднай абароны ў Арменіі Змітру цікава як блогеру, каб потым апавесці ў сваім YouTube-канале ўсе нюансы тым, каму давядзецца ісці па ягоных слядах. Адначасова Зміцер думае, што для сталага жыцця Арменія – не найлепшы варыянт.
«Тут шмат расейскага, а беларусаў і ўкраінцаў мала. І калі ты хочаш працягваць нейкую працу на карысць беларускай дыяспары, тут няма чаго рабіць. Гэта я зразумеў за апошні месяц», – зазначае блогер.

Зміцер цяпер упершыню ў мясцовасці, дзе ўвогуле не сустракае беларусаў:
«Гэта псіхалагічна цяжка. Вельмі сумую па нашым варушняку. Прытым, што армяне рэальна гатовыя дапамагаць, падказваць, яны не разумеюць нашага бэкграўнду. І ў іх другая мова – расейская, з імі даводзіцца размаўляць па-расейску. Мне гэта цяжка даецца, бо я размаўляю і думаю па-беларуску. Мне нават было цяжка апісваць сваю гісторыю, якую рыхтую дла падачы на абарону, па-расейску».
Неабыякавыя беларусы сабралі Змітру крыху грошай пасля таго, як яго не ўпусцілі ў Грузію – на гэтыя сродкі, а таксама на рэшткі ўласных ашчаджэнняў і пенсію праз інваліднасць мужчына цяпер жыве. Аднак, калі давядзецца заставацца ў Арменіі даўжэй, трэба будзе шукаць працу. Дзе і як гэта зрабіць у небагатай краіне, Зміцер пакуль не ведае.
«Партнёры сказалі: Польшча візы не дасць»
Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю Змітра намесніка ў легалізацыйных пытаннях прадстаўніка АПК ў сацыяльнай палітыцы Віталя Малчанава. Ён пацвердзіў, што Грынкевіч сапраўды звяртаўся да яго.
,,«Зміцер напісаў мне не з пытаннем, а са сцвярджэннем – вы можаце дапамагчы мне з візай. Яму далі мой кантакт і так сказалі. Я нічога не ведаў пра кейс Змітра, я толькі ад вас цяпер даведаўся ягонае прозвішча. Я запытаўся ў нашых партнёраў, якая ў нас сітуацыя з польскімі гуманітарнымі візамі ў Арменіі. Мне адказалі, што Арменія – бяспечная краіна, таму Польшча візы не дасць. Гэта я і перадаў Змітру», – кажа Віталь.
Паводле прадстаўніка АПК, сітуацыя Змітра не ўнікальная. Вялізная колькасць беларусаў не можа атрымаць візаў і выехаць з Грузіі, якая, гэтак жа, як і Арменія, лічыцца ў Еўропе бяспечнаю (хоць нядаўна Польшча і Францыя папярэдзілі сваіх грамадзянаў, каб тыя добра падумалі перад паездкай у Грузію, бо ёсць вялікая імавернасць, што памежнікі могуць не ўпусціць у краіну, што ўжо неаднойчы здаралася з беларусамі).
Польскія візы ў Грузіі і Арменіі атрымліваюць адзінкі, і кожны раз гэта вынік індывідуальнага разгляду справы. Агульная пазіцыя Еўропы наступная: у Грузіі і Арменіі беларусам нічога не пагражае, хоць нашыя праваабаронцы лічаць гэтыя краіны ўмоўна бяспечнымі, падкрэслівае Віталь Малчанаў.
«Арменія сапраўды затрымлівае беларусаў у вышуку, але яна ж іх і адпускае адразу. Няма ніводнага выпадку дэпартацыі з Арменіі беларусаў, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў. Акрамя таго, Арменія шмат якім беларусам дае палітычны прытулак – пра адмовы я не чуў. Таму можна казаць, што Арменія ў курсе нашай сітуацыі. Ну і трэба памятаць, што вас могуць гэтак жа затрымаць у любой еўрапейскай краіне, калі вы ў вышуку Інтэрполу, і далей будуць разбірацца».
«Мы не будзем вам збіраць пакету дакументаў»
Паводле прадстаўніка АПК, у візавым пытанні беларусам цяпер нельга падыходзіць з пазіцыі «я хачу», а глядзець на тое, з якіх рэальных магчымасцяў можна выбіраць.
«Зміцер хоча атрымаць візу ў Польшчу. Аднак акрамя Польшчы і Літвы ёсць вялізная колькасць краінаў, якія прымаюць беларусаў. У нас былі кейсы, калі мы даходзілі да ўзроўню міністра замежных справаў краіны, а чалавек потым казаў – я не хачу туды, я хачу сюды. Гэта не тая пазіцыя, якая мусіць быць».

Віталь Малчанаў таксама падкрэслівае: ні ён асабіста, ні прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы, ні ўвесь АПК не ўпаўнаважаныя выдаваць візы той ці іншай краіны.
«Хачу, каб раз і назаўжды ўсе беларусы пачулі: мы не візавае агенцтва. Мы не будзем вам збіраць пакету дакументаў. Мы можам вас скіраваць, штосьці парэкамендаваць, можам з вамі размаўляць. Ёсць шмат асобаў, арганізацыяў, якія займаюцца тым, што суправаджаюць за грошы. Мы не такая арганізацыя. Таму нельга сказаць, што гэта я адмовіў і не дапамог. Шмат беларусаў чамусьці думаюць, што мы здольныя адкрываць візы. А мы проста спрабуем дапамагчы. Часам гэта атрымліваецца, часам не. І гэта абсалютна нармальна. Гэта нашая валанцёрская дзейнасць для дапамогі людзям».
«Я вельмі шмат рэалізаваў таго, пра што мне казалі, што гэта нерэальна»
Якія партнёры сказалі, што Арменія – бяспечная краіна, і таму Зміцер не атрымае польскую візу, Віталь не апавёў. Сказаў толькі, што гэта не МЗС Польшчы і не консульства.
,,«У нас ёсць свае партнёры, з якімі мы раімся, кансультуемся, якія падказваюць нам, як быць і ў якім кірунку рухацца. Мы вырашаем больш глабальныя пытанні – дамаўляемся на высокіх узроўнях, на якія не могуць зайсці НКА. Мы спрабуем рабіць усё магчымае, каб было спрошчанае заканадаўства, выдача візаў і падобнае», – кажа прадстаўнік Кабінету.
Не заўсёды, аднак атрымліваецца, асабліва ў пытанні польскіх гуманітарных візаў, якія апошнім часам выдаюцца ўсё радзей:
«І мы кажам пра гэта адкрыта і шчыра. Мы не хочам падманваць людзей ці неяк абясцэньваць іхны ўдзел у нашым дэмакратычным руху. Мы шчыра спрабуем дапамагчы, але, на жаль, гэта не працуе так, што хтосьці можа патэлефанаваць у консульства і сказаць «дайце яму візу». На жаль, нашыя людзі не заўсёды гэта разумеюць».
Зміцер у адказ на словы Віталя кажа, што ніколі не пісаў і не казаў, што ён хоча менавіта польскую візу. Закранула блогера і выказванне прадстаўніка АПК, што яны не візавае агенцтва.
«Бачны падыход тыповага чыноўніка. Я шмат з такім сутыкаўся. Мне скінулі кантакт, сказалі, што ўстанова, якую рэпрэзентуе гэты чалавек, выклікалася мне дапамагчы. А агулам я нават не ведаў пра такое падраздзяленне Кабінету».
На думку Змітра, праца з людзьмі ўсё ж павінна выглядаць інакш. Блогер таксама не згодны, што трэба змірыцца з тым, што штосьці немагчыма зрабіць.
,,«Я вельмі шмат у сваім жыцці рэалізаваў таго, пра што мне казалі, што гэта нерэальна. Той жа страйк супраць сістэмы райспажыўтаварыства. Юрыст прафсаюзу РЭП казаў здавацца. А мы не здаліся і перамаглі».
Ці сапраўды Арменія бяспечная?
Змітру Грынкевічу 50 гадоў, два гады пражыў у Батумі, куды ўцёк ад пераследу ў родных Ганцавічах. 8 траўня з сябрам беларус паехаў рабіць візаран (абнуленне тэрміну перабывання ў краіне) у Арменію. На зваротным шляху сябра прапусцілі ў Грузію, а Змітра – не.
У Батумі мужчына меў ІП, гандляваў кнігамі і таварамі з беларускай і ўкраінскай сімволікай – усё засталося там. Таксама Зміцер вядзе YouTube-блог ЗУХ Źmicer, у якім апошнім часам апавядае пра ўражанні ад Арменіі. Нашую ранейшую гутарку са Змітром чытайце па спасылцы.
Арменія ў Навігатары бяспечных перамяшчэнняў ад «Прававой ініцыятывы» пазначаная жоўтым колерам як не цалкам бяспечная краіна, з якой магчымая экстрадыцыя пры пэўных умовах.
У Арменіі ёсць пагадненне з Беларуссю аб экстрадыцыі, але фактычна Арменія не экстрадуе, калі ёсць пераслед паводле палітычных справаў. Аднак юрысты мяркуюць, што рызыка ўсё роўна застаецца, бо Беларусь можа падаць справу як эканамічную ці іншую непалітычную, і гэта можа прывесці да выдачы.

Арменія супрацоўнічае з Інтэрполам, і ёсць імавернасць выдачы па запыце беларускага боку, мяркуюць юрысты «Прававой ініцыятывы».
Таксама ў Арменіі ёсць небяспека затрымання, калі вы ў міждзяржаўным вышуку СНД.
У той жа час стасункі Арменіі і Беларусі зазнаюць глыбокі крызіс у звязку з курсам Беларусі на шчыльную супрацу з Азербайджанам. У чэрвені 2024 года Арменія адклікала свайго амбасадара з Беларусі, пасля таго як Лукашэнка падтрымаў пазіцыю Азербайджану адносна Карабаху. У адказ Беларусь адклікала свайго амбасадара з Арменіі.
Акрамя таго, Арменія не раз выказвала расчараванне адносна свайго ўдзелу ў АДКБ, Еўразійскім эканамічным саюзе і СНД.
Затрыманні і прытулак у Арменіі
8 траўня 2025 года стала вядома пра затрыманне ў Арменіі беларускі, якая была ў вышуку ўладамі Беларусі. Дзяўчыну адпусцілі. Магчыма, уратавала тое, што ў яе была выразна палітычная справа – «экстрэмісцкі» артыкул, а таксама міжнародная абарона Польшчы.
Юрыстка Ганна Маціеўская перакананая, што не варта арыентавацца на спісы бяспечных і небяспечных краінаў, бо ў беларусаў з палітычным бэкграўндам рызыкі могуць быць паўсюль:
,,«Беларуска да паездкі атрымала некалькі «запэўніванняў» ад «юрыстаў», што «праблемаў не будзе» пры наведванні Арменіі, – адзначае Маціеўская. – Гэта таксама важная гісторыя для тых, хто сустракаецца з сямейнікамі ў такіх краінах, як, напрыклад, Арменія, Грузія, Турцыя або Егіпет».
2 верасня на мяжы Грузіі з Арменіяй затрымалі беларуску Дзіяну Майсеенку. Дзяўчына была ў вышуку ў Беларусі паводле аднаго з найчасцей ужываных уладамі Беларусі палітычных крымінальных артыкулаў Крымінальнага кодэксу – 342 ч.1 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Пасля разбору беларуску адпусцілі.
У лютым 2024 года ў Арменіі паводле запыту ўладаў Беларусі затрымалі беларуса Максіма Вайткявічуса: першапачаткова на 40 дзён, але затым тэрмін утрымання пад вартаю працягнулі. У сакавіку ён падаў прашэнне аб прытулку. Абарона акцэнтавала ўвагу на тым, што ў Беларусі ён ужо адбыў 15 содняў арышту і быў пераследаваны за палітычныя погляды ў 2020 годзе. Максіма вызвалілі 19 чэрвеня, ён атрымаў палітычны прытулак.
У траўні 2024-га статус уцекача ў Арменіі атрымаў 24-гадовы беларус Яраслаў Новікаў, на якога ў Беларусі завялі крымінальную справу за ўхіленне ад службы ў войску.
Ганна Ганчар belsat.eu