Лукашэнка «адзначыў асаблівую зацікаўленасць у прыцягненні пакістанскіх адмыслоўцаў да працы на ААТ "БВБА"», адрапартавалі надоечы дзяржаўныя медыі. Карэспандэнтка «Белсату» як прыватная асоба патэлефанавала на фабрыку, каб даведацца, ці спадабалася ім гэтая ідэя.
11 красавіка Аляксандр Лукашэнка паставіў беларусаў перад фактам: у нашую краіну могуць прыехаць да 150 тысячаў пакістанцаў:
«Мы дамовіліся з маім сябрам, прэм'ер-міністрам Пакістану, што найбліжэйшым часам будуць накіраваныя адмыслоўцы розных галінаў. Тых галінаў, пра якія мы папросім. І кіраўніцтва Пакістану дапаможа нам падабраць такіх людзей. Няхай гэта будзе 100 тысяч, можа быць, 120–150 тысяч гэтых адмыслоўцаў. Мы гатовыя прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для працы».
На наступны дзень Лукашэнка, калі адказваў на пытанні прапагандыстаў падчас суботніку, заявіў, што «Беларусь зацікаўленая найперш у прыцягненні адмыслоўцаў, а не проста маладзёнаў, і найлепей – з сем'ямі».
Паводле Лукашэнкі, «асаблівую зацікаўленасць» у пакістанцах мае Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне, што выпускае тэкстыль пад брэндам «Blakit». Цяпер вызначаецца, колькі мігрантаў возьмуць на прадпрыемства. «Мы ім створым такія ж умовы, як і для беларусаў», – заявіў палітык.
Аднак, як высветліў «Белсат», шмат якім беларусам працаўладкавацца на фабрыцы будзе цяжэй, чымся пакістанцам.
Нашай карэспандэнтцы як прыватнай асобе паведамілі на прадпрыемстве, што яе не возьмуць на працу без характарыстыкі або ў тым выпадку, калі характарыстыка будзе «кепскаю».
,,«Рэзюмэ не патрабуецца, прыязджайце з дакументамі. Як пройдзеце камісію, узгодняць ваш прыём – і можна брацца за працу. Мы запыты напішам на характарыстыку. Патрабуецца характарыстыка пэўнага ўзору з папярэдняга месца працы. Без характарыстыкі на працу не бяром, не маем права».
На фабрыцы ўдакладнілі, што маюць інтэрнат для працаўнікоў, аднак ці будуць туды засяляць пакістанцаў, не сказалі. Наагул пра залучэнне мігрантаў там яшчэ нічога не ведаюць:
,,«Пакуль нічога не ведаем пра пакістанцаў, не можам нічога сказаць. Набіраць іх яшчэ не пачалі».
З размовы вынікае, што пакістанцам на прадпрыемстве будуць не надта радыя, аднак давядзецца падпарадкавацца:
,,«Пастановаў кіраўніка дзяржавы не абмяркоўваем. Як пастанавілі – гэтак і будзе, таму мы не можам нічога сказаць».
Паводле дзяржаўнай службы занятасці, цяпер на Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднанні не стае 117 працаўнікоў, у тым ліку швачак, ткачоў, фарбоўцаў.
Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu