Працоўных мігрантаў у Беларусі ўсё больш. Улады радуюцца: будзе каму працаваць і плаціць падаткі ў бюджэт. А вось сярод грамадзянаў гэткага адзінадушнага аптымізму няма: хто ведае, а раптам тыя тысячы забяруць усю працу ў мясцовых? Чаго ж у гэтай гісторыі больш: страху ці аптымізму? І наколькі і тыя, і гэтыя спадзяванні абгрунтаваныя?
Праўладныя медыі, якія апошнім часам старанна расхвальваюць спробы рэжыму прыцягнуць у Беларусь мігрантаў, не хаваюць радасці. У эфіры СТВ прадстаўнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімір Маргевіч апавёў, што за 2024-ты год колькасць працоўных мігрантаў у нашай краіне павялічылася амаль утрая!
Зрэшты, калі зірнуць на канкрэтныя лічбы, то сітуацыя выглядае значна сціплейшаю. У 2023-ім годзе ў Беларусі налічвалася агулам 13 тысяч працоўных мігрантаў. За 2024-ы іхная колькасць павялічылася да 34-ох тысячаў.
,,«У маштабах краіны гэта, безумоўна, невялікая лічба. І нават калі мы параўнаем з агульнаю колькасцю занятых у Беларусі, то колькасць мігрантаў у гэтай агульнай масе будзе менш за адзін адсотак», – тлумачыць экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна.
А таму прынамсі пакуль што замежнікі на агульную карціну на беларускім рынку працы аніяк не ўплываюць. Праблема дэфіцыту працоўных рук як была, гэтак і застаецца. У дзяржаўнай службе занятасці на сёння зарэгістраваныя 208 тысяч вакансіяў.
Вядома ж, працоўная міграцыя магла б прынамсі часткова развязаць гэтую праблему. І гэта не нейкая ўнікальная беларуская сітуацыя. Працоўных мігрантаў запрашаюць да сябе шмат якія краіны па ўсім свеце. Вось толькі наколькі прывабная ў гэтым сэнсе Беларусь?
Пры гэтым, падкрэслівае экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна, найбольш важнае заданне – у развязанні дэфіцыту кадраў: завабіць не тых, хто, умоўна, можа толькі рыдлёўку ў руцэ трымаць, але найперш высакакласных адмыслоўцаў.
«Для таго, каб, уявім, паехалі папросту мігранты ў Беларусь, недастаткова пра гэта заявіць альбо нават палепшыць доступ да рынку працы. Для гэтага патрэбны шэраг іншых фактараў, і найперш – у плане прыбыткаў», – кажа Лузгіна.
А вось з грашыма якраз-такі і праблема. З тых 208-мі тысячаў наяўных вакансіў больш як у палове выпадкаў працадаўцы абяцаюць заробак меншы за паўтары тысячы рублёў.
А таму не дзіва, што акрамя касмічных тэмпаў росту – хай і не шматлікай сёння – працоўнай міграцыі афіцыйная статыстыка фіксуе і рух у адваротным кірунку. Агульная колькасць афіцыйна працаўладкаваных у Беларусі – падае. За красавік сёлета афіцыйна працаўладкаваных у нашай краіне стала на 10,4 тысячы чалавек менш. Відаць, айчыннай эканоміцы ўсё-ткі патрэбнае штосьці менш адарванае ад зямлі. І ад рэчаіснасці.
Валера Руселік, «Белсат»