навіны

Лукашэнка запрасіў мігрантаў ды адразу парушыў іхныя правы і правы наймальнікаў

Рабочыя на будоўлі ў правінцыі Пэнджаб, Пакістан
Рабочыя на будоўлі ў правінцыі Пэнджаб, Пакістан. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Zahid Iqbal / Pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнка запрашае ў Беларусь 150 тысяч пакістанцаў. 21 траўня ён падпісаў указ, адная з нормаў якога можа адпудзіць патэнцыйных мігрантаў, а яшчэ чатыры – іхных патэнцыйных працадаўцаў.

Вытворчасць разынак у Пакістане. 3 студзеня 2023 года. Фота: Muhammed Semih Ugurlu/Anadolu Agency via Getty Images
«Лукашэнка максімальна далёкі ад грамадства». Чаму ўлады не адмаўляюцца ад ідэі завезці пакістанцаў Аналітыка

Аляксандр Лукашэнка 21 траўня падпісаў указ «Аб падвышэнні ролі наймальнікаў у галіне вонкавай працоўнай міграцыі». Указам на наймальнікаў ускладаюцца пэўныя абавязкі ў дачыненні працаўнікоў з-за мяжы. Юрыст асацыяцыі «Салідарнасць» і эксперт у працоўным праве Леанід Судаленка расказаў выданню «Салідарнасць» пра свае пяць пытанняў да ўказу.


  1. Працаўніку-мігранту забаронены часовы пераход да іншага наймальніка. Гэта парушае Працоўны кодэкс: бакі працоўнай дамовы могуць мяняць умовы працы паводле згоды. Таксама гэта парушае артыкул 41 Канстытуцыі Беларусі, прынцып свабоды працы і эканамічнай канкурэнцыі, стварае рызыкі і павялічвае нагрузку на судовую сістэму.
  2. Наймальнікаў гэты ўказ абавязвае шмат да чаго, але не дае механізмаў прававой абароны наймальніка ў выпадку нядобрасумленных дзеянняў мігранта, не дае межаў адказнасці за невыкананне нормаў трэцімі асобамі, не дае наймальніку працэдуры абскарджання санкцыяў за парушэнне патрабаванняў.
  3. Наймальнікаў гэты ўказ таксама абвязвае правяраць веды дзяржаўных моваў Беларусі ў працоўных мігрантаў, але не дае адзіных стандартаў і працэдуры ацэнкі валодання мовамі. Адмова на падставе няведання мовы ў такім выпадку можа разглядацца яе парушэнне прынцыпу роўнасці.
  4. Указ дае наймальніку права наведваць жытло працаўнікоў-мігрантаў, але не дае выразных прававых падставаў для допуску ў жытло без згоды мігранта. Тое, што наймальнік можа інспектаваць жытло, стварае канфлікт інтарэсаў, а парадак разбору спрэчак указам не акрэслены.
  5. Указ не рэгламентуе адказнасці за памылкі пры апрацоўванні паведамленняў праз Адзіны партал электронных паслуг і не апісвае тэрміны захавання і апрацоўвання звестак. У адсутнасць паўнавартаснага электроннага дакументаабароту гэта стварае рызыкі таго, што ў дамовах узнікнуць парушэнні, за якія ўскладуць адказнасць на наймальніка.


,,

«З юрыдычнага пункту гледжання Указ № 202 – гэта інструмент пашырэння кантролю, – рэзюмуе Судаленка. – Пры гэтым пытанні прававой абароны наймальніка, сувымернасці захадаў і прававой дакладнасці застаюцца нявырашанымі. Імплементацыя ўказу без дадатковых падзаконных актаў, інструкцыяў і механізмаў аспрэчвання можа прывесці да судовых спрэчак».


Указ з’явіўся неўзабаве па тым, як Лукашэнка паабяцаў прывезці ў Беларусь 150 тысяч пакістанскіх працоўных мігрантаў на замену беларусам, якія з'ехалі праз ягоную палітыку. Пры гэтым дыктатар фактычна абвінаваціў беларусаў у неабходнасці клікаць у краіну працаўнікоў з-за мяжы. Гэтым ён справакаваў вялікую незадаволенасць у беларускім грамадстве. Маўляў, і прадукцыйнасць працы ў нас нізкая, і нараджаюць замала, а іначай і не давялося б запрашаць.


Прадстаўнік Рабочага руху Аляксандр Сакалоў казаў «Белсату», што скептычна ставіцца да планаў завезці ў Беларусь вялікую колькасць пакістанскіх гастарбайтараў. Па-першае, будзе моўная праблема: беларусы дрэнна валодаюць англійскай мовай, а пакістанцы не ведаюць расейскай ці беларускай. А па-другое, актывіст не разумее, навошта пакістанцам ехаць у Беларусь, «калі побач ёсць Арабскія Эміраты, Саудаўская Аравія, Аман, якія блізкія паводле клімату, якія значна бліжэйшыя і могуць даць значна вышэйшы заробак». Ён выказаў здагадку: магчыма, Лукашэнка проста плануе рабіць нейкія зброевыя прадпрыемствы, напрыклад, для вытворчасці беспілотнікаў – што-небудзь такое, дзе непажаданае вока беларуса.


Перакладванне адказнасці ці фрагментацыя дзяржавы?


Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка кажа «Белсату»: улады Беларусі бачаць дэмаграфічную праблему, але не гатовыя яе пераадольваць праз паляпшэнне ўмоваў у Беларусі ды вяртанне беларусаў дамоў. Хочуць завезці ў Беларусь людзей, якія не будуць мець аніякіх правоў, але разумеюць, якія праблемы могуць здарыцца, калі прыедуць дзясяткі тысяч мігрантаў.


Калі гэтых людзей будуць трымаць на рабскіх умовах, могуць пачацца сацыяльныя праблемы. Таму ўлады хочуць «падсцяліць саломку»: рэальнай магчымасці кантраляваць бяспеку і лёс мігрантаў сілавікі не маюць праз недахоп кадраў, таму перакладваюць адказнасць на бізнес.


Гэта наўрад ці будзе эфектыўным, лічыць Мажэйка. А нават калі будзе эфектыўным, гэта будзе «размываннем ролі дзяржавы»: дзяржава не можа дэлегаваць свае функцыі камусьці іншаму ў сферы бяспекі. Калі кожны працадаўца стане «сам сабе цар, бог і міліцыянт», то гэта будзе «фрагментацыяй» дзяржавы, «феадальнай дзяржавай» ці «дзяржавай у дзяржаве».


Мажэйка пагаджаецца з тым, што мігрантаў будзе цяжка завабіць у Беларусь: давядзецца канкураваць з арабскімі краінамі. Там умовы «таксама не цукар», але Абу-Дабі можа здавацца пакістанцам выгаднейшым месцам працы, чым Баранавічы.


Уладзіслаў Корсак, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10