Аналітыка

«Можна не дажыць». Беларусам хочуць павысіць пенсійны ўзрост

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларускія чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць павышэння пенсійнага ўзросту на два гады. Пра гэта паведамляюць крыніцы «Белсату». Рашэнне пакуль не прынятае, але праект дакумента ўжо гатовы. Ці будзе гэтая мера эфектыўнай і наколькі яна мэтазгодная, мы абмеркавалі з экспертам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Ці атрымаецца закрыць пенсіянерамі працоўныя дзіркі?

навіны

Плюс два гады, але пастанова пакуль не прынятая 

Нашы крыніцы сцвярджаюць, што паступовае павышэнне пачнецца ўжо з 2026 года. І калі падчас папярэдняга павышэння пенсійнага ўзросту кожны год дадавалася па паўгода, то цяпер яго збіраюцца павышаць адразу на год: плюс адзін у 2026-м і яшчэ плюс адзін у 2027-м. Такім чынам, праз два гады жанчыны, як плануецца, будуць выходзіць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны – у 65.


Нагадаем, што упершыню пра неабходнасць павялічваць пенсійны ўзрост Аляксандр Лукашэнка заявіў у 2016 годзе. Як ён тады сказаў, мера выклікана «неабходнасцю падтрымання ўзроўню жыцця насельніцтва ў доўгатэрміновай перспектыве». Да гэтага моманту мужчыны ў Беларусі сыходзілі на пенсію ў 60 гадоў, жанчыны – у 55.

Паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту, згодна з указам Лукашэнкі, пачалося з 1 студзеня 2017 года. З таго часу-да снежня 2022-га – яго павялічвалі на шэсць месяцаў, пакуль пенсійны ўзрост не дасягнуў 63 гадоў для мужчын і 58 гадоў для жанчын. Аналагічным чынам адбылося і павелічэнне ўзросту, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянерка. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянерка. Фота: 1prof.by

Праблему не вырашылі, а адсунулі

Большасць беларусаў новаўвядзенне не ўхвалілі і тады. Па дадзеных незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), які правёў апытанне пасля падпісання ўказа аб павышэнні пенсійнага ўзросту, толькі 19% рэспандэнтаў падтрымалі павелічэнне пенсійнага ўзросту, 70% паставіліся да такой меры негатыўна.

Эксперты, у сваю чаргу, ужо тады казалі, што дадзеная мера будзе недастатковай. Прычына: работнікаў, якія плацяць унёскі ў пенсійныя фонды, у краіне становіцца менш, а пенсіянераў – больш. 

Яшчэ ў 2018 годзе доля насельніцтва старэйшага працаздольнага ўзросту ў Беларусі складала 25%, а да 2050 года, па прагнозах, дасягне ўжо 35%. Атрымліваецца, праблему дэфіцыту ФСАН павелічэннем пенсійнага ўзросту ўлады не развязалі, а адсунулі. 

Пра дзірку ў бюджэце ФСАН, праз якую патрабуюцца штогадовыя ўліванні – субвенцыі з дзяржбюджэту – у свой час заяўляў і Аляксандр Лукашэнка. Мінпрацы і іншым профільным ведамствам гэтую праблему вырашыць ніяк не ўдавалася. 

Пасля 2022 года чыноўнікі таксама абмяркоўвалі далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту. Яшчэ больш павысіць яго раілі і ў МВФ.

Колькі на пенсіі жывуць беларусы?

Пасля пандэміі сярэдняя чаканая працягласць жыцця беларусаў пры нараджэнні, згодна даным ААН, прыкметна знізілася. Асабліва прыкметным гэта зніжэнне стала для мужчын, якія з 2019-га да 2021-га «страцілі» амаль 2,5 года жыцця (з 69,7 года да 67,3 года). Мяркуючы па гэтай жа статыстыцы, мужчыны ў Беларусі ў сярэднім жывуць на 10,4 года менш, чым жанчыны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянер. Фота: Pxhere.com, CC0
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянер. Фота: Pxhere.com, CC0
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Bildagentur-online/Tips/picture alliance

У Беларусі зафіксаваная самая нізкая нараджальнасць за ўсю гісторыю назіранняў

навіны

Такі анамальна высокі гендэрны разрыў (больш за 10 гадоў) у 2021 годзе, дарэчы, быў зафіксаваны толькі ў чатырох краінах свету. Усе яны знаходзяцца на постсавецкай прасторы. Гэта Арменія (10,8 года розніцы – 77,4 для жанчын і 66,6 для мужчын); Расея (10,6 года розніцы – 74,8 для жанчын, 64,2 для мужчын); Беларусь (10,4 года розніцы – 77,7 для жанчын, 67,3 для мужчын); Украіна (10,2 года розніцы – 76,7 для жанчын, 66,5 для мужчын).

Лічым далей: сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі складае 72,4 года: 67,3 для мужчын і 77,7 для жанчын. Атрымліваецца, што сярэдні час жыцця пасля выхаду на пенсію для мужчын сёння складае 4,3 года, а для жанчын – 19,7. Розніца паміж «мужчынскім» і «жаночым» тэрмінам складае ажно 15,4 года. У сярэднім беларуска цяпер можа пражыць на пенсіі амаль у чатыры разы даўжэй, чым беларус. Зразумела, гаворка ідзе аб працоўных пенсіях па ўзросце, а не за выслугу гадоў.

У выпадку, калі пенсійны ўзрост падымуць яшчэ на два гады, то ў сярэднім мужчынам на пенсіі пашчасціць жыць крыху больш за два гады, а жанчынам – амаль 18.

Эксперт: «Яшчэ большая частка беларусаў да пенсіі можа не дажыць»

Пра тое, наколькі рацыянальнай з'яўляецца ідэя чарговым разам падвысіць пенсійны ўзрост і ці развяжа гэта праблему, «Белсат» пагаварыў бізнэсоўцам, вядоўцам праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандрам Кныровічам:

,,

«Для пачатку адзначу, што ў Беларусі дзейнічае не назапашвальная, а размеркавальная пенсійная сістэма. Гэта значыць сённяшнія працуючыя грамадзяне плацяць пенсію сённяшнім працуючым пенсіянерам. Калі хтосьці думае, што ў Беларусі існуе пенсійны фонд, у якім назапашваюцца грошы на старасць беларусаў – гэта не так».


Эксперт нагадвае: пенсіі ў Беларусі выплачваюцца за кошт узносаў працуючых і наймальнікаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) у памеры 1% і 34% адпаведна. Пры гэтым суадносіны людзей, занятых у беларускай эканоміцы, і людзей, якія фармуюць нагрузку на пенсійны бюджэт, сёння ў Беларусі вельмі напружаныя. 

Паводле афіцыйных звестак на студзень 2025 года, у эканоміцы краіны было занята 4,131 млн чалавек. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2024 года (абноўленых дадзеных пакуль няма – Заўв. рэд.) складала 9,155 млн чалавек. Нагадаем, што з 2021 года ўлады Беларусі перасталі публікаваць інфармацыю пра колькасць пенсіянераў. Аднак не так даўно, распавядаючы пра колькасць працуючых пенсіянераў, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка паведаміла, што 445 000 працуючых пенсіянераў – гэта 21,5% ад іх агульнай колькасці. Што дае падставы меркаваць, што цяпер іх парадку 2,07 млн. Што значыць ужо 1:1. Гэта стварае сур'ёзную фінансавую нагрузку. Адсюль і праблемы.

,,

«Калісьці мы ставілі сабе мэту дасягнуць таго, каб сярэдняя працоўная пенсія складала 40% у дачыненні да сярэдняга заробку. Пасля апошняга павышэння пенсійнага ўзросту мы яшчэ неяк падбіраліся да гэтай лічбы. Але далей з кожным годам аддаляліся. У канцы 2024-га ўдалося дасягнуць толькі суадносін у 30%», – распавядае Аляксандр Кныровіч.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: Белсат)

Напрошваецца павышэнне пенсійнага веку. Улады шукаюць, як заахвоціць пенсіянераў працаваць

навіны

Кажучы пра перспектывы, эканаміст нагадвае, што нараджальнасць у краіне катастрафічна нізкая. Народ праз рэпрэсіі з'язджае. У краіне – дэфіцыт працоўнай сілы. І далей разрыў паміж колькасцю працуючых беларусаў і тых, хто атрымлівае сацыяльныя выплаты, а гэта не толькі пенсіі, будзе толькі паглыбляцца. 

Выхадаў з гэтай сітуацыі, на думку Аляксандра Кныровіча, некалькі. 

«Першы – маштабныя рэформы ўсёй пенсійнай сістэмы. У іх ліку – адыход ад выключна размеркавальнай мадэлі і дадатковыя механізмы назапашванняў работнікамі і прадпрыемствамі. Гэта значыць пераход на назапашвальныя пенсіі. Каб кожны чалавек быў уласнікам грошай, які ён адлічвае. Тады, гадоў праз 10 пасля пачатку рэформы, магла б з'явіцца надзея, што праблема можа неяк вырашыцца. Але ўлады па гэтым шляху не пайшлі. Другі варыянт – падымаць падаткі, якія ў нас і так ужо немалыя. Гэта значыць забіраць у людзей больш, а аддаваць у выглядзе заробку менш», – каментуе эксперт. 

Магчымае павышэнне пенсійнага ўзросту эксперт лічыць вельмі спрэчным сацыяльным рашэннем. Калі беларусы стануць выходзіць на пенсію яшчэ пазней, то фактычна гэта будзе азначаць, што яшчэ большая частка беларусаў да пенсіі проста не дажыве. А навошта тады пенсія, калі чалавек на ёй ужо не будзе жыць. Сітуацыя, якая склалася, упэўнены Аляксандр Кныровіч, – гэта сур'ёзная стратэгічная праблема. Простымі хадамі яна, на жаль, не вырашыцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянеры сядзяць на лаўцы каля Камароўскага рынку ў Менску, Беларусь. Фота: 1prof.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянеры сядзяць на лаўцы каля Камароўскага рынку ў Менску, Беларусь. Фота: 1prof.by

Улады разглядаюць розныя варыянты 

Тое, што варта чакаць нейкіх зменаў у пенсійным заканадаўстве, пацвярджае і інфармацыя, раней апублікаваная «Кіберпартызанамі». Як вынікае з апублікаваных імі дакументаў, улады разглядаюць розныя варыянты вырашэння праблемы. 

У студзені 2025 года ў іх распараджэнні аказалася некалькі дакументаў за розныя гады, пачынаючы з 2020 года, у якіх чыноўнікі абгрунтоўваюць неабходнасць некалькіх рэформаў. У тым ліку – ва ўвядзенні добраахвотнай назапашвальнай пенсіі і паэтапным павышэнні пенсійнага ўзросту. Праўда, у тым варыянце ішла размова аб павышэнні пенсійнага ўзросту толькі для жанчын у сувязі з тым, што беларускія мужчыны жывуць значна менш. 

«З 2 млн чалавек, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, 73% складаюць жанчыны (1,5 млн) і толькі 26,4% мужчыны (530 000). Такім чынам, лічым абгрунтаваным павышэнне пенсійнага ўзросту толькі жанчынам – да 63 гадоў», – аргументавалі прапанову чыноўнікі. 

Пры гэтым абгрунтоўвалася сама актуальнасць праблемы: «Без павышэння пенсійнага ўзросту за 2017-2022 гады на фінансаванне дэфіцыту бюджэту фонду і падтрыманне дасягнутага ўзроўню пенсій дадаткова спатрэбілася б адшукаць сродкаў у памеры да 6 млрд рублёў».

«Цяпер кожны чацвёрты беларус пенсіянер. Выдаткі на выплату пенсій ацэньваюцца ў 9% ВУП (16 млрд рублёў)».

Зрэшты, чыноўнікі ўсведамляюць, што ў сувязі з напружаным становішчам у грамадстве рэформы трэба ўводзіць паступова і асцярожна. Таму непапулярныя рашэнні пастаянна адкладаюцца. Ці дойдзе да рэалізацыі варыянт, які абмяркоўваецца ў цяперашні момант, даведаемся ў бліжэйшы час. 

Надзея Вольная / АБ belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10