9 чэрвеня сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамену па беларускай і расейскай мовах, які беларускія вучні пісалі 29 траўня. «Белсат» паглядзеў на выніковыя лічбы, каб зразумець, наколькі гатовыя беларускія выпускнікі абіраць беларускую мову для іспытаў. Вынікі не надта суцяшальныя.
У Міністэрстве адукацыі адзначылі, што агулам у цэнтральным экзамене (ЦЭ) па дзяржаўных мовах сёлета ўзялі ўдзел 56,7 тысячы выпускнікоў (дакладная колькасць зарэгістраваных – 56 914, але некаторыя з розных прычынаў не дайшлі да фінальнага іспыту). Гэта на 1260 асобаў больш, чым летась.
Экзамен па расейскай мове ў гэтым годзе абралі каля 46 тысячаў чалавек (81 % ад зарэгістраваных), па беларускай – каля 10,7 тысячы (18,9 % ад зарэгістраваных).
Агулам цэнтралізаваны экзамен праводзіцца ўжо трэці год запар. Калі глядзець на звесткі за папярэднія гады, можна заўважыць, што жаданне здаваць беларускую мову ў беларускіх выпускнікоў увесь час пакрысе памяншаецца.
Так, у 2024 годзе расейскай мове аддавалі перавагу 79,3 % выпускнікоў, а беларускай – 20,7 %. А ў 2023-м, калі быў упершыню ўведзены ЦЭ, расейскую мову абралі 78,36 %, беларускую – 21,64 %.
Такім чынам, відаць, што ўжо тры гады запар шкаляры аддаюць перавагу на карысць экзаменаў па расейскай мове.

Колькасць 100-бальнікаў
Другі цікавы параметр – максімальная колькасць балаў. Так, у 2025 годзе 100 балаў атрымалі значна больш вучняў, чым за мінулыя два гады. Агулам – 979 навучэнцаў: 715 – па расейскай мове, 264 – па беларускай.
У 2024 годзе стобальнікаў было толькі 469: па расейскай мове – 293, па беларускай – 177.
У 2023-м максімальны бал набралі 895 асобаў, з іх па расейскай мове – 482, а па беларускай – 413.
Але калі палічыць, то і тут выходзіць, што адсотак выпускнікоў, якія здаюць на найвышэйшым узроўні беларускую мову, штогод памяншаецца: у 2023-м такіх вучняў па беларускай мове было 46,15 % ад агульнай колькасці 100-бальнікаў, у 2024-м – 37,74 %, у 2025-м – 26,97 %.

У сярэднім беларускую ведаюць лепш
Нягледзячы на гэта, сярэдні тэставы бал сёлета вышэйшы менавіта ў тых выпускнікоў, якія здавалі беларускую мову – 65,6 пунктаў супраць 62,6 у тых, хто здаваў на іспытах расейскую. Летась жа было наадварот: вышэйшым быў сярэдні бал у тых, хто здаваў расейскую мову, – 63,3, а ў вучняў, якія пісалі тэст па беларускай мове, – 61,7.
Такім чынам выходзіць, што ў гэтым годзе сярэдні ўзровень ведаў па прадмеце ўсё ж вышэйшы ў тых, хто абраў беларускую мову.
Варта нагадаць, што цэнтралізаваны экзамен у школьнай адукацыі быў уведзены ў 2023 годзе, ён абавязковы для ўсіх выпускнікоў 11-х класаў і ўключае ў сябе правяранне ведаў па двух прадметах: першы – адная з дзяржаўных моваў, другі – прадмет на выбар (фізіка, матэматыка, біялогія ды інш.).
Зразумела, што звесткі за тры гады, цягам якіх праводзіцца ЦЭ, – гэта невялікі адрэзак часу, таму не варта рабіць глабальных высноваў пра тое, ці робіцца ў школьнікаў беларуская мова менш папулярнай. Аднак яны паказваюць пэўныя тэндэнцыі, якія абазначыліся за гэты час. І тыя, на жаль, не на карысць мовы беларускай.

Тэндэнцыя пацвярджаецца
Больш шырокую карціну можна ўбачыць з таго, якія мовы абіралі выпускнікі беларускіх школаў падчас цэнтралізаванага тэставання (ЦТ) пры паступленні ў ВНУ ранейшымі гадамі. Нагадаем, што ЦТ для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы было ўведзенае яшчэ ў 2003 годзе. Яно захоўваецца і сёння, але цяпер яго пішуць толькі тыя, хто хоча паступаць у ВНУ.
Мы паглядзелі звесткі з 2011 года, і зноў пераканаліся, што трэнд на змяншэнне колькасці школьнікаў, якія здаюць беларускую мову, з’явіўся не апошнімі гадамі.

Звесткі за 2011–2022 гады мы звялі ў табліцу. На яе аснове пабудавалі графік, з якога выразна відаць, што ў цэлым ёсць агульнае скарачэнне як тых, хто абіраў расейскую мову, так і тых, хто рабіў выбар на карысць беларускай. Адно з тлумачэнняў – магчымы дэмаграфічны спад, які прывёў да скарачэння колькасці шкаляроў.

Тым не менш, з графіку простым вокам відаць, што выбар на карысць расейскай мовы пераважае: колькасць абітурыентаў, якія абіраюць яе, стабільна вышэйшая ўдвая і болей.
І калі ў 2011 годзе беларускую мову выбралі прыкладна 55 % ад колькасці тых, хто выбраў расейскую, то ў 2021-м такіх абітурыентаў ужо толькі 35 %, і гэта выразна паказвае на змяншэнне цікавасці да беларускай мовы.
Беларускамоўныя вучні знікаюць
У Беларусі на сённяшні дзень каля 40 % школаў лічацца беларускамоўным, але ў іх вучацца толькі каля 10 % усіх вучняў. Колькасць дзяцей у школах, якія атрымліваюць адукацыю па-беларуску, няўхільна зніжаецца: у 1994–1995 гадах па-беларуску вучыліся 29,4 % вучняў, у 2007–2008 гадах – 20,9 %, у 2016–2017 – 13,3 %.
У 2023 навучальным годзе толькі 93 500 дзяцей навучаліся на беларускай мове ў школах (на 16,5 % меней, чымся ў 2019/20 гадах), на расейскай – 996 500 (на 8,5 % болей).
І наўрад ці варта чакаць іншых вынікаў, бо дзеці вельмі добра адчуваюць тое, што вісіць у паветры: выкарыстанне беларускай мовы не прыносіць вялікіх бонусаў, бо навучанне ў ВНУ адбываецца ўсюды па-расейску, а карыстанне беларускай мовай за парогам школы можа нават прывесці да праблемаў і будзе ўспрымацца з падазронасцю.
Раман Шавель belsat.eu