У адным з сюжэтаў БТ Арцём Васільеў расказваў пра жахі чакання ўцякацтва і жыцця ў Нідэрландах, а цяпер, падобна, за кратамі ў Беларусі, піша «Наша Ніва».
Арцёму Васільеву 23 гады. Імаверна, нарадзіўся ў Наваполацку, але жыў у Віцебску. Вучыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, граў у музычных гуртах.
У 2022 годзе выехаў за мяжу і падаўся на ўцякацтва ў Нідэрландах. Але праз некалькі месяцаў хлопец надумаў вярнуцца ў Беларусь. У верасні 2022-га ён з’явіўся ў прапагандысцкім сюжэце Ксеніі Лебедзевай на БТ і гэтак тлумачыў прычыны вяртання:
«Аднаполыя кантакты, наркотыкі – гэта ўсё прапагандуецца, унушаецца людзям. Улады, насельніцтва пераходзяць межы і спрабуюць навязаць табе. На ўласным досведзе пераканаўся, што ўсё не такое маляўнічае, як апавядаецца ў сродках масавай інфармацыі. Я пераканаўся, што насамрэч у той краіне, з якой я прыехаў, у якой нарадзіўся і вырас, даволі шмат значных плюсаў, і яна сапраўды на вяршыні еўрапейскага свету.
Мы жывём як незалежны народ з уласным суверэнітэтам, уласнымі законамі, уласнаю мовай і культурай. Нам не трэба ні прадукты, ні вопратка, ні жытло – мы ўсё гэта маем. Таксама ў нас ёсць [магчымасць] у любы момант мінаць мяжу і перасякацца з іншымі культурамі, нас ніхто ў гэтым не абмяжоўвае. І я гэта зразумеў, ізноў жа, у выніку сваіх прыгодаў, якія адбыліся са мною нядаўна», – казаў Арцём у інтэрв'ю.
У сюжэце гаворыцца, што хлопцу не хацелі вяртаць пашпарта пасля таго, як ён падаўся на ўцякацтва, таму нібыта «яму давялося фактычна незаконна мінуць мяжу». Аднак няясна чаму, бо ёсць працэдура адмовы ад уцякацтва, да таго ж, каб вярнуцца легальна, можна ўзяць адпаведны дакумент у беларускай амбасадзе.
Мяркуючы з усяго, Арцём праз нейкі час выехаў у Расею – ягоная новая старонка «УКантакце» прывязаная да расейскага нумара. А затрымалі яго паміж лістападам 2024-га і красавіком 2025 гадоў. Менавіта ў той час яго выключылі з расейскай базы вышуку.
Невядома, калі Арцёма асудзілі ў Беларусі, але 13 чэрвеня 2025 года ягонае імя з’явілася ў міліцэйскім спісе «экстрэмістаў». Там паведамляецца, што ўступіла ў моц рашэнне Наваполацкага гарадскога суда, які пакараў Васільева паводле двух артыкулаў – «Удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «Ухіленне ад прызыву ў армію» (ч. 1 арт. 435 КК). Хлопцу пагражала да трох гадоў калоніі.
Арсен Рудэнка belsat.eu