Валавы вонкавы доўг Беларусі за першы квартал 2025 года вырас на $ 2,2 млрд і склаў на 1 красавіка $ 37,4 млрд. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага банку.
На пачатак года валавы вонкавы доўг Беларусі складаў $ 35,165 млрд, год таму ён быў таксама меншы – $ 36,399 млрд.
У Нацыянальным банку рост гэтага паказніку за першы квартал 2025 года тлумачаць перадусім пераацэнкаю даўгавых абавязкаў (на $ 1,86 млрд), а таксама аперацыямі вонкавагандлёвага фінансавання (на $ 0,37 млрд). Доўг сектару дзяржаўнага кіравання за першы квартал вырас з $ 16,908 млрд, да $ 17,489 млрд.
На 1 красавіка замежная запазычанасць у дачыненні ВУП склала 48,5 %. На пачатак года яны была 46,3 %. Значная частка вонкавага доўгу Беларусі (69,9 %) сфармаваная доўгатэрміновымі абавязкамі. Паводле Нацбанку, гэта сведчыць пра невысокія рызыкі ў сферы фінансавання вонкавага доўгу.
Нагадаем, што за чатыры сёлетнія месяцы валавы ўнутраны прадукт прыбавіў 2,8 % у параўнанні з такім жа перыядам летась. Беларуская эканоміка ўсё яшчэ расце, але ўжо не так шпарка: у студзені было 3,7 % год да года, у студзені – лютым і ў студзені – сакавіку – 3,1 %. Пры гэтым, паводле прагнозу ўладаў, эканоміка мае вырасці сёлета на 4,1 %.
Месячная інфляцыі ў красавіку, наадварот, паскорылася да 1 % пасля 0,8 % у сакавіку. У параўнанні з пачаткам года індэкс спажывецкіх цэнаў вырас на 3,8 %, а за год – на 6,5 %. І гэта пры тым, што мэтавы паказнік інфляцыі па выніках 2025 года павінен не перавышаць 5 %.
Якуб Хруст belsat.eu