Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня падчас працоўнага палёту ў Гарадзенскую вобласць, на ААТ «Беллакт», што ў Ваўкавыскім раёне, чарговы раз за некалькі месяцаў пагражаў чыноўнікам праз падзеж жывёлы.
Чыноўнікі расказалі, што ў Ваўкавыскім раёне зніжаецца вытворчасць ялавічыны і свініны. Прычыны – пагалоўе жывёлы недаўкамплектаванае, хоць і падзеж быдла істотна знізіўся.
,,«Калі ў цябе ў Магілёве гіне быдла, то аддай яму. Добра, не аддай, а прадай. Барані бог, я вам зраблю заўвагу, што ў вас дзесьці падзеж, а, як у яго, ёсць вольныя месцы для адкорму. Ужо я вам галовы паздымаю дакладна! За быдла адкажаце. Забралі – і адвезлі ў добрую гаспадарку, хай адкормліваюць. Там, напэўна, наогул не будзе падзяжу», – сказаў Аляксандр Лукашэнка віцэ-прэм'еру Юрыю Шулейку.
Тэма падзяжу жывёлы не адпускае Лукашэнку. За тры з паловай месяцы ён звяртаўся да яе ўжо сем разоў. Прычым пры любой нагодзе, нават у царкве і на суботніку. Пра сур’ёзнасць тэмы кажуць і дакументы чыноўнікаў, што здабыла і падала «Белсату» арганізацыя «BELPOL».
Агулам у Беларусі да розных відаў адказнасці праз «гістарычны максімум» падзяжу жывёлы прыцягнулі 1400 чалавек за 2024 год і першыя 4,5 месяца 2025-га. Але, кажуць у «BELPOL», «лічбы гэтыя будуць толькі павялічвацца, бо рэжым не можа прызнаць, што вінаваты ў сітуацыі толькі ён».
Якуб Хруст belsat.eu