Аналітыка

Як улады ўтрымліваюць працаўнікоў доўгатэрміновымі дамовамі і да чаго гэта вядзе

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі чакаюць на прыпынку грамадскага транспарту перад мазаічным панно з выявай партызан на фасадзе гасцініцы «Турыст» ў Менску, Беларусь. 14 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі чакаюць на прыпынку грамадскага транспарту перад мазаічным панно з выявай партызан на фасадзе гасцініцы «Турыст» ў Менску, Беларусь. 14 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Праз масавы адток спецыялістаў, нізкія заробкі, дрэнныя ўмовы працы і неспрыяльны палітычны клімат ужо сёння ў Беларусі назіраецца востры дэфіцыт працоўнай сілы. Ён ужо дасягнуў небяспечнага ўзроўню для эканомікі Беларусі. Каб утрымаць працаўнікоў на месцах, улады робяць акцэнт не на паляпшэнне ўмоваў працы і сацыяльныя гарантыі, а на ўзмацненне кантролю над работнікамі. Як даведаўся «Белсат», на некаторых прадпрыемствах дзеля гэтага пачалі заключаць доўгатэрміновыя кантракты на пяць гадоў. Саміх жа працаўнікоў сістэматычна запужваюць.

Калі параўнаць статыстыку Рэспубліканскай базы вакансіяў за апошнія некалькі гадоў, то высветліцца, што ўвесь гэты час колькасць абвестак няспынна расце.

Да прыкладу, на 1 снежня 2023 года ў Беларусі было зарэгістравана больш за 137 тысячаў вакансіяў. І ўжо тады гэтыя лічбы выклікалі занепакоенасць у прафсаюзаў і незалежных аналітыкаў, якія папярэджвалі пра неабходнасць кардынальных зменаў у кадравай палітыцы.

У 2024-м сітуацыя пагоршылася. Летась 17 ліпеня ў краіне быў зарэгістраваны новы антырэкорд – колькасць афіцыйных вакансіяў склала 163 тысячы.

Гэтая лічба сведчыла пра сістэматычную страту працоўнай сілы і з'яўленне новых праблемаў на рынку працы, асабліва ў сектарах, дзе не стае адмыслоўцаў рабочых спецыяльнасцяў.

І вось наступіў 2025 год. Мы зазірнулі ў Рэспубліканскую базу вакансіяў і знайшлі афіцыйныя лічбы. Станам на пачатак года, у краіне налічваецца ўжо 184,5 тысячы свабодных вакансіяў, з якіх рабочыя-спецыялісты складаюць каля 67 % ад агульнай колькасці.

Гэтыя звесткі відавочна дэманструюць, што праблема дэфіцыту кадраў у Беларусі працягвае ўзмацняцца, а функцыянаваць эканоміцы краіны ўсё цяжэй.

Рынак працы ў Беларусі апынуўся на полі бітвы паміж патрэбамі эканомікі і жорсткім ціскам уладаў


Мы ўважліва вывучылі базу вакансіяў і высветлілі, якіх спецыялістаў не стае краіне больш за ўсё.

Вылучылі некалькіх ключавых сфераў.

  • Прамысловасць. Востра адчуваецца недахоп швачак, слесараў-рамонтнікаў, электраманцёраў, слесараў механазборачных работаў, кіроўцаў аўтамабіляў.
  • Сельская гаспадарка. Тут больш за ўсё патрэбныя машыністы-трактарысты, аператары машыннага даення, работнікі ў сферы догляду жывёлы, кіроўцы, ветэрынары і аграномы.
  • Будаўніцтва. Будаўнічым арганізацыям найчасцей не стае муляраў, цесляроў, бетоннікаў і маляроў.
  • Ахова здароўя. Вельмі востра адчуваецца дэфіцыт медсясцёр, дактароў-спецыялістаў, санітараў і памочнікаў доктара.

Пры гэтым, станам на 1 лютага, на ўліку ў звязку з беспрацоўем стаяць толькі 3,1 тысячы чалавек. Таксама паведамляецца, што ў студзені 2025 года па дапамогу ў працаўладкаванні звярнуліся ўсяго 6,8 тысячы чалавек. З іх на пастаянную працу ўладкаваліся 4,8 тысячы чалавек, 63 асобаў накіравалі на навучанне запатрабаваным прафесіям, а тры сям’і перасялілі на новае месца жыхарства і працы.

У параўнанні з колькасцю вакансіяў (трэба адзначыць, што гаворка ідзе толькі пра афіцыйную статыстыку) лічба ўладкаваных на працу людзей выглядае як кропля ў моры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочы Менскага завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (МЗОР). Менск, Беларусь. 20 чэрвеня 2019 года. Фота: Pierre Crom / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочы Менскага завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (МЗОР). Менск, Беларусь. 20 чэрвеня 2019 года. Фота: Pierre Crom / Getty Images

Дэфіцыт працоўных рэсурсаў мае не толькі эканамічныя, але і палітычныя прычыны


У апошнія чатыры гады найбольш адукаваная, перспектыўная і амбітная частка насельніцтва, асабліва ва ўзросце 18–24 гадоў, імкнецца зʼехаць за мяжу ў адказ на палітычныя рэпрэсіі і дрэнныя перспектывы ў роднай краіне. Паводле ацэнак аналітыкаў, сярод тых, хто з'ехаў, такіх каля 40 %. У выніку працоўная сіла проста знікае.

Адсутнасць неабходнай кваліфікацыі ў часткі беспрацоўных, якія застаюцца ў краіне, і недахоп спецыялістаў, здольных прайсці навучанне запатрабаваным прафесіям, яшчэ больш паглыбляюць крызіс.

Што робяць улады? Як высветліў «Белсат», улады прымаюць захады, якія толькі ўскладняюць сітуацыю, бо сілай і запужваннем утрымліваюць працаўнікоў на месцах.

Адпаведную гісторыю нам расказала жыхарка аднаго з рэгіянальных гарадоў Беларусі, прытым не самага малога – з насельніцтвам каля 100 тысяч чалавек.

Жанчына працуе на мясцовым прадпрыемстве з даволі цяжкімі ўмовамі:

«Працуем у тры змены па восем гадзінаў. Тыднёвы заробак – дзвесце пяцьдзясят рублёў. Што цікава, за апошні год амаль усе працоўныя месцы ў горадзе, якіх становіцца ўсё меней, аплачваюцца прыкладна ў памеры тысячы беларускіх рублёў – нібыта зраўнялі. Што б там улады ні казалі пра наяўнасць вялікай колькасці вакансіяў, у невялікіх гарадах сітуацыя іншая. Па-першае, працу паводле прафесіі знайсці амаль немагчыма. Нават на наш завод прыводзяць людзей з вуліцы, з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, і ставяць за станок: «Усяму навучышся ў працэсе». Галоўнае, каб палітычная гісторыя была чыстай. Бо калі не, у цябе «воўчы білет» ува ўсім горадзе. Па-другое, тыя, хто ўжо працуе на прадпрыемстве, адтуль ужо проста не могуць сысці, стварылі амаль рабскія ўмовы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскі завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (МЗОР) у Менску, Беларусь. 20 чэрвеня 2019 года. Фота: Pierre Crom / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскі завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі (МЗОР) у Менску, Беларусь. 20 чэрвеня 2019 года. Фота: Pierre Crom / Getty Images

Паводле суразмоўніцы, каб утрымаць работнікаў на месцах, кантракты з імі на прадпрыемстве заключаюць не на два гады, як раней, а ажно на пяць! Звольніцца можна толькі праз намесніка начальніка па ідэалогіі, які ёсць практычна супрацоўнікам КДБ, або праз гарвыканкам. Калі чалавек прынцыпова хоча звольніцца, яму пачынаюць пагражаць ці то дрэннай характарыстыкай з месца працы, што амаль гарантуе, што далей працы ты проста не знойдзеш, ці то палітычнымі рэпрэсіямі, бо калі не ты, то твой сваяк дзесьці ў палітыцы за апошнія гады засвяціўся.

«Людзі баяцца пікнуць, не тое што абмяркоўваць працоўныя ці палітычныя праблемы. Бо адзін аднаго здаюць. Дарэчы, калі раней працаўнікі нашага прадпрыемства праз цяжкія ўмовы працы сыходзілі на льготную пенсію і атрымлівалі добрае медычнае абслугоўванне, то цяпер усё гэта адмянілі. Мы, натуральна, адчуваем сябе ў клетцы», – распавядае жанчына.
Недахоп кадраў, як мы высветлілі, назіраецца і ў іншых беларускіх гарадах.

Да прыкладу, у Менску людзей дзе-нідзе намагаюцца заахвоціць уладкавацца на завод нават цывільнымі «плюшкамі»: прапаноўваюць бясплатнае жытло, сацыяльныя гарантыі і нават цікавыя бонусы, кшталту «прывядзі на працу сябра – атрымай 500 рублёў». Гэтак працаўнікоў заахвочваюць на Менскім трактарным заводзе.

Але нават такія захады, як высветлілася, не здольныя кампенсаваць сістэмных праблемаў. Маем на ўвазе нізкія заробкі, дрэнныя ўмовы працы, састарэлае працоўнае абсталяванне і вельмі неспрыяльны палітычны клімат, у якім дамінуюць запалохванне і рэпрэсіўныя захады.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына сталага веку прадае садавіну і самаробнае варэнне на вуліцы ў Менску, Беларусь. 24 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына сталага веку прадае садавіну і самаробнае варэнне на вуліцы ў Менску, Беларусь. 24 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images

«Беларускай эканоміцы засталося адзін-два месяцы»


Да чаго вядзе такая тактыка ўтрымання працаўнікоў, мы запыталіся ў эканаміста Аляксандра Кныровіча.

Галоўная праблема сённяшняй беларускай эканомікі, паводле эксперта, заключаецца ў недахопе працоўных рук. Гэта заўважна ўва ўсіх галінах, і менавіта пра гэта адкрыта заяўляюць і Аляксандр Лукашэнка, і кіраўнік ягонай адміністрацыі Дзмітрый Крутой.

Абодва адкрыта кажуць пра неабходнасць утрымання людзей у рэгіёнах.

«Спосаб вырашэння гэтай праблемы шляхам прывязкі людзей кантрактамі, вядома ж, убогі», – перакананы эканаміст.

Ёсць два шляхі ўтрымання працаўнікоў: стварэнне прывабных працоўных месцаў – праз годныя заробкі, сацыяльныя гарантыі і добрыя ўмовы працы; і ператварэнне людзей у прыгонных – праз прымус і страх.

Першы варыянт значна лепшы за другі. Яшчэ Карл Маркс даказаў, што калі з людзей робяць рабоў, яны працуюць горш: прадукцыйнасць падае, яны нават станкі наўмысна псуюць. Але ў Беларусі выбралі менавіта другі спосаб.
Паводле Кныровіча, прымушэнне людзей заставацца на працы цягам пяці гадоў праз страх – гэта дакладна не той механізм, які дапаможа эканоміцы і зробіць прадпрыемствы паспяховымі.

«Застаецца толькі адабраць у беларусаў у рэгіёнах пашпарты, каб яны не змаглі з’ехаць», – іранічна дадае ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына фатаграфуе раку Свіслач у цэнтры Менску, Беларусь. 28 жніўня 2020 года. Фота: Misha Friedman / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына фатаграфуе раку Свіслач у цэнтры Менску, Беларусь. 28 жніўня 2020 года. Фота: Misha Friedman / Getty Images

На думку эканаміста, цяперашняя сітуацыя выглядае як адкрыты здзек і спроба вярнуць савецкія практыкі. Але гэта незаконна і ненатуральна для людзей, якія жывуць у цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі.

Такія захады не ліквідуюць асноўных праблемаў. А гэта рэкордна нізкая нараджальнасць (кантракты не зробяць людзей маладымі і не прымусяць іх нараджаць больш дзяцей), выхад на пенсію (людзі ўсё роўна будуць сыходзіць з рынку працы) і дэфіцыт кадраў (ужо сёння ВНУ выпускаюць амаль удвая менш спецыялістаў, чым 10 гадоў таму, а моладзь працягвае пакідаць краіну праз палітычныя рэпрэсіі).

«Нават тыя, хто адпрацуе пяць гадоў, не падпішуць новага кантракту. Калі чалавек з рэгіёну не з’едзе за мяжу, то перабярэцца ў Менск, дзе лепшыя ўмовы працы», – мяркуе эксперт.

За апошнія паўгода эканоміка Беларусі фактычна стала. Калі ў першай палове 2024 года рост склаў 5,5 %, то па выніках года ён скараціўся да 4,0 %. Гэта азначае, што прыкладна ў верасні эканоміка проста спынілася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына расплачваецца за набытыя прадукты на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына расплачваецца за набытыя прадукты на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Фота: Белсат

Акрамя таго, прыбытак беларускай эканомікі ўпаў на 13 % – гэта вынік адміністрацыйнага рэгулявання цэнаў. Плюс некаторыя гандлёвыя прадпрыемствы збанкрутавалі, і іх месца занялі расейскія кампаніі. Асноўны экспартны рынак – Расея – таксама перажывае крызіс, што бачна на прыкладзе катастрафічнага падзення продажаў МАЗу.

«Прыватны бізнес, як заўсёды, жыве па-свойму: не скардзіцца, спраўляецца сам, ціха лаецца ўдома на кухні. Дзяржаўны ж – у перадкрызісным стане», – адзначае Кныровіч.

Паводле ягонага прагнозу, беларускай эканоміцы засталося адзін-два месяцы, далей пачнуць вылазіць усе галоўныя балячкі.

Тыя, хто кажа, што ўзровень даходаў беларусаў расце, памыляюцца, лічыць эксперт.

Фармальна даходы раслі, але разам з імі раслі і цэны. Цягам 10 гадоў узровень даходаў насельніцтва практычна не мяняўся, бо і ў 2014 годзе беларусы трацілі на ежу 38 % свайго заробку, і ў 2024 годзе – тыя ж 38 %. Фактычна, рост быў толькі намінальны.

Гэтак, у 2024 годзе даходы беларусаў раптоўна падскочылі на 9,7 %, у той час як эканоміка вырасла толькі на 4 %.


Чаму так адбылося?


Заробкі павялічваліся не натуральным чынам, а праз дэфіцыт працоўных рук. Працаўнікоў даводзілася ўтрымліваць павышэннем заробкаў, бо за імі не стаялі чэргі з новых працаўнікоў. У выніку расходы прадпрыемстваў выраслі, але інфляцыю штучна задушылі. Гэта прывяло да двух негатыўных наступстваў: прыбытак прадпрыемстваў абрынуўся на 13 %, адмоўнае гандлёвае сальда склала 1,3 млрд долараў.

У выніку беларусы з новымі заробкамі і крэдытамі пайшлі ў крамы, але не знайшлі там айчынных тавараў. Гэта прывяло да рэзкага падзення раздробных продажаў, а беларускія тавары саступілі ў канкурэнцыі замежным.

«Гэта як хвораму прыклалі грэлку, і яму здалося, што яму лягчэй. Але насамрэч сітуацыя значна горшая», – падсумоўвае Аляксандр Кныровіч.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10