навіны

«Замяняльнікі "McDonald's"» не працавалі па ўсёй Беларусі праз праблемы з сістэмай аплаты

Рэстаран «Mak.by»
Рэстаран «Mak.by». Выява: mak.by_official / Instagram
podpis źródła zdjęcia

Рэстараны «Mak.by» прыпынялі працу па ўсёй Беларусі як мінімум на паўтары гадзіны ў сувязі з праблемамі з сістэмай аплаты. Праблемы ліквідавалі, але ў чым менавіта яны былі, сетка рэстаранаў не расказвае.

Чытайце таксама:
«МакДоналдс» на плошчы Бангалор. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

«Бюро»: Улады Беларусі засакрэцілі звесткі пра ўладальнікаў былога «Mcdonald’s»

Рэстараны сеткі «Mak.by», што паўстала на месцы «McDonald's» у Беларусі, прыпынялі працу 26 чэрвеня. На гэта першым звярнуў увагу блогер «Мерзкий Кокобай»: на дзвярах аднаго з рэстаранаў вісела абвестка пра прыпыненне працы на нявызначаны тэрмін з тэхнічных прычынаў.


Фота гэтай абвесткі было апублікаванае а 14:44, а ўжо праз паўтары гадзіны блогер напісаў, што рэстараны запрацавалі. Як доўга яны не працавалі, невядома.


Паводле блогера, працу прыпынялі праз праблемы з сістэмай аплаты. Гэта пацвердзілі выданню Realt.by. У чым менавіта была праблема, невядома. «Белсату» не ўдалося адшукаць паведамленні пра збоі ў сэрвісах аплаты ў Беларусі ў гэты час – хіба невялікія тэхнічныя праблемы былі ў расейскага «Т-банку» (былога «Тинькофф») і расейскай чыгуначнай праграмы «РЖД Пассажирам», а таксама ва ўкраінскай вайсковай праграме «Резерв+».


У лістападзе 2022 года сталася вядома, што рэстараны «McDonald’s» спыняць працу ў Беларусі на тле санкцыяў за саўдзел уладаў Беларусі ў расейскім нападзе на Украіну. Гэтыя рэстараны адкрывала не сама амерыканская «McDonald's Corporation» – яна толькі давала правы на выкарыстанне гандлёвага знаку і рэцэптаў, рэстараны працавалі паводле франшызы.


Уладальнік беларускай сеткі рэстаранаў – «КСБ Віктары Рэстараны» – пастанавіў працягнуць працу пад новым брэндам. Спачатку анансавалі, што рэстараны запрацуюць пад расейскім брэндам «Вкусно – и точка», які замяніў «МакДоналдсы» ў Расеі. Затым рэстараны адкрыліся пад брэндам «Мы открыты». У красавіку 2023 года яны змянілі назву на «Mak.by».


Прадпрыествам «КСБ Віктары Рэстараны» валодаў Кайрат Баранбаеў – казах са сваяцкімі сувязямі з кланам Назарбаевых, на радзіме асуджаны на 8 гадоў зняволення за прысваенне чужой маёмасці і адмыванне грошай, атрыманых злачынным шляхам. У студзені 2024 года «МакДоналдсы» ў Беларусі фактычна нацыяналізавалі: Дзяржаўны камітэт маёмасці адсудзіў сетку рэстаранаў «Mak.by» ва ўладальнікаў – кампаніі «KSB Victory Restaurants PTE.LTD», зарэгістраванай у Сінгапуры. У чэрвені 2024 года ў сеткі змяніўся ўладальнік. Яна пачала належаць праз кампанію «Кволіці Фуд» дваім беларусам: Аляксею Саўчуку і Вікторыі Данько. Звесткі пра ўладальнікаў засакрэцілі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10