навіны

«Maldzis» вяртае старадрук Сімяона Полацкага і абяцае перадаць яго ў Полацк у будучыні

img
Павел Мацукевіч і Рыгор Астапеня з першым выданнем «Жазла кіравання» Сімяона Полацкага. Фота: Аліна Мазавец
podpis źródła zdjęcia

Ініцыятыва «Maldzis» выкупіла першае выданне «Жазла кіравання» («Жезлъ правленіѧ») Сімяона Полацкага. Гэта адзін з найбольш каштоўных кніжных помнікаў, створаных беларусамі, паведамляе ініцыятыва.

«Жазло кіравання» было надрукаванае ў Маскве ў 1667 годзе на царкоўнаславянскай мове і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага.

,,

«Асветнік Сімяон Полацкі – постаць агульнаеўрапейскага маштабу і адна з самых яркіх асобаў у гісторыі Усходняй Еўропы ў XVII стагоддзі. Шмат у чым ягонае жыццё і творчасць (у тым ліку кніга «Жазло кіравання») адлюстроўваюць культурную спецыфіку Беларусі як еўрапейскай краіны з асаблівай ідэнтычнасцю і гістарычнаю спадчынаю, якая склалася ў выніку сінтэзу традыцыяў і ўплываў Захаду і Усходу», – кажа кіраўнік ініцыятывы «Maldzis» Павел Мацукевіч.


Чытайце таксама:
Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй і былы дыпламат Павал Мацукевіч. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Не тая, пра якую марылі, але новая Беларусь ужо існуе». Павел Мацукевіч – пра тое, чаму трэба займацца культурнай дыпламатыяй

Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў і ў будучыні будзе перададзеная ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага ў Полацку ў якасці грамадскага падарунку. Да вяртання ў Полацк кніга будзе выстаўляцца падчас адмысловых захадаў за межамі Беларусі, адзначае ініцыятыва.


«Кніга "Жазло кіравання" – прыклад багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была шырока распаўсюджаная акурат на беларускіх землях. Нашыя продкі менавіта з дапамогаю мовы палемічных тэкстаў, а не зброі імкнуліся вырашаць міжканфесійныя канфлікты. У тагачаснай Расеі такой традыцыі не існавала. "Жазло кіравання" лічыцца першым значным палемічным творам у расейскай гісторыі», – адзначае апякун ініцыятывы «Maldzis» Рыгор Астапеня.


У Беларусі засталося вельмі мала выданняў Сімяона Полацкага, чыё сапраўднае імя – Самуіл Пятроўскі-Сітнянoвіч. Ён нарадзіўся ў Полацку ў снежні 1629-га, паходзіў з купецкай сям’і. У архіўных спісах двароў палачанаў род Пятроўскіх пазначаны поруч са Скарынамі і Цяпінскімі.

Першае выданне «Жазла кіравання» Сімяона Полацкага. Фота: Аліна Мазавец
Першае выданне «Жазла кіравання» Сімяона Полацкага. Фота: Аліна Мазавец

Першапачатковую адукацыю ён атрымаў у родным горадзе. Затым вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі, якая лічылася найлепшаю праваслаўнаю навучальнай установай Усходняй Еўропы. Пасля быў навучэнцам Віленскай езуіцкай акадэміі.


Апрача роднай беларускай мовы, Сімяон Полацкі дасканала валодаў лацінскаю, царкоўнаславянскай і польскаю мовамі. Пісаў на ўсіх чатырох мовах вершы, прамовы, пропаведзі, навуковыя працы. Карыстаўся пры гэтым кірыліцай і лацінкай. Ёсць некаторыя падставы меркаваць, што ён быў чальцом уніяцкага ордэну базылянаў.


«Жазло кіравання» з'явілася на свет падчас жыцця Сімяона ў Маскве, куды ён пераехаў з Полацку блізу 1664 года. Змест кнігі прысвечаны аналізу памылак і разыходжанняў з вучэннем Царквы ў выступленнях старавераў. Свае довады асветнік грунтуе на фактах і лагічнасці разважанняў, што тады ўспрымалася як навацыя і «лацінства» ды ўпісвала «Жазло кіравання» ў плынь палемічнай літаратуры.


Сімяон Полацкі заклікаў выкарыстоўваць розуму, рацыянальных разважанняў ды дакараў маскоўскіх царкоўных дзеячаў за неадукаванасць і адсутнасць дастатковых ведаў.


У Маскоўскім царстве Сімяон Полацкі дажыў да канца сваіх дзён і здабыў славу як асветнік, царкоўны дзеяч заходняга кірунку, гуманіст, царскі настаўнік і дарадца, кніжнік, паэт і драматург.


belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10