Міністарка працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка заявіла, што улады Беларусі плануюць вярнуць на рынак працы каля дзесяці тысяч пенсіянераў. Пры гэтым не хаваюць, што гэта не клопат пра дабрабыт грамадзянаў, а спроба пераадолець маштабны дэфіцыт кадраў у краіне. Ці атрымацца, абмеркавалі з адмыслоўцамі.
У Адзіным банку вакансіяў Беларусі на пачатак лістапада – амаль 170 тысяч вакансіяў. Пры гэтым яшчэ чатыры месяцы таму іх было на 7 тысяч меней. Эканамістка Аліса Рыжычэнка лічыць, што дэфіцыт якраз у тых спецыяльнасцях, дзе заробкі не перавышаюць 600-800 рублёў:
,,«Маладыя спецыялісты, людзі сярэдняга ўзросту не згаджаюцца ісці на такі заробак. На адрозненне ад пенсіянераў, якія жывуць у вёсках і будуць згодныя на такі нізкі заробак».
Згодна са звесткамі Белстату, цяпер у краіне каля двух мільёнаў пенсіянераў. Паводле інфармацыі ад Міністэрства працы, 446 тысяч з іх працягваюць працаваць. Але 110 тысяч атрымліваюць не поўную пенсію.
Каб затрымаць гэтых пенсіянераў на працы і залучыць новых, улады з новага года будуць плаціць ім заробкі з індывідуальным каэфіцыентам. Вылічваюць яго падзелам фактычнага заробку чалавека за ўвесь час працы на сярэдні ў краіне. Цяпер, калі гэты каэфіцыент большы за адну цэлую тры дзясятыя, працоўныя пенсіянеры такой даплаты не маюць. Напрыклад, пенсія непрацоўнага пенсіянера з індывідуальным каэфіцыентам 1,5 будзе прыкладна на 25 рублёў большая, чым у таго, хто працягвае працаваць.
«Безумоўна, ім лепш будзе працаваць, калі ёсць сілы, чым жыць на пенсію, бо не заўсёды ёсць магчымасць мяса з‘есці. Але агулам гэта спроба стымуляваць пенсіянераў паспрабаваць зарабіць грошай на лекі і ежу», - тлумачыць блогер, кіраўнік медыяў Аб‘яднанага пераходнага кабінету Арцём Шапараў.

З наступнага года Міністэрства працы абяцае не толькі зраўняць пенсіі, але і павысіць іх на 14%. Іх сярэдні памер мае перавысіць 920 рублёў. Дзеля гэтага ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны, з якога плацяць пенсіі, дададуць каля мільярда долараў. Але адкуль будуць браць рэсурсы? Аліса Рыжычэнка бачыць адзіны варыянт:
«Забіраць з іншых сфераў. Напрыклад, з той жа сацыяльнай сферы. Перастануць рабіць дарогі ў нейкім рэгіёне ці адмовяцца ад будоўлі школы ці дзіцячага садочку, і будуць накіроўваць гэтыя грошы на павышэнне заробкаў і пенсіяў дзеля добрай статыстыкі».
Таксама міністарка Паўлючэнка анансавала павышэнне заробкаў бюджэтнікам. Як абяцаюць улады, на 15 %. Паводле афіцыйных звестак, сёлета ў жніўні бюджэтнікам у сярэднім плацілі тысячу семсот рублёў. Арцём Шапараў не здзіўлены:
,,«Безумоўна, гэта перадвыбарная кампанія, але трэба разумець дэталі: што такое 15 % ад 300 беларускіх рублёў? Трэба лічбы называць. Але яны не будуць называць, бо гэта прапаганда перадвыбарная».
Згодна з прынятым бюджэтам на наступны год, улады плануюць сабраць больш на 17 % падаткаў і на 16 % штрафаў. У той жа час на сілавікоў і суды ў 2025-м выдаткуюць на 14 % болей, а на абарону – увогуле больш на 30 %.
Падрабязней глядзіце ў сюжэце:
Антон Бяздольны, «Белсат»