Перыядычна ў сеціве з’яўляюцца паведамленні пра «сацыяльны крэдытны рэйтынг» у Кітаі. Як заяўляецца, з яго дапамогаю камуністычныя ўлады дзеляць кітайскае грамадства на катэгорыі, адымаючы балы за «няправільныя» паводзіны. Пра тое, што гэта за з’ява, «Белсат» паразмаўляў з беларусам N., які ўжо шмат гадоў жыве ў КНР.
Згодна з паведамленнямі ў сацыяльных сетках, медыях і да таго падобнага, улады Кітаю ўвялі сістэму, што дазваляе запісваць ледзь не ўсе падзеі жыцця кожнага чалавека і на падставе гэтага фармаваць ягоны «сацыяльны крэдытны рэйтынг». На форумах у сеціве абмяркоўваюць, што асобу з вельмі нізкім рэйтынгам могуць нават паслаць на перавыхаванне, дый агулам гэта «пачатак рабства, поўнага кантролю і знікнення ўсіх свабодаў». Карацей, серыял «Чорнае люстэрка» – не на экранах, а ў жыцці.
Але на сёння гэтыя страхі далёкія ад рэчаіснасці, заяўляюць аглядальнікі. Як адзначае аналітык нямецкага Інстытуту кітайскіх даследаванняў імя Мэркатара (MERICS) Вінсэнт Брусээ, на сёння кітайская сістэма «слаба адлічбаваная, моцна фрагментаваная і перадусім арыентаваная на бізнес». Пацвярджае гэта і суразмоўца «Белсату» – беларус N., які ўжо шмат гадоў жыве ў КНР.
Ён падкрэслівае, што нават само паняцце, якое традыцыйна перакладаецца як «сацыяльны крэдыт», у кітайскай мове не мае ніякага дачынення да рэйтынгу, а звязанае з сацыяльным даверам.
,,«Як разумець гэты сацыяльны крэдыт? Калі мы кажам, што гэта нейкая сістэма, якая назірае за табой і ў выніку твае паводзіны ўплываюць на далейшыя рэчы, то можна так казаць. Калі мы кажам, што гэта нейкая сістэма рэальнага рэйтынгу, калі асобу ацэньваюць (за добрыя паводзіны балы дадаюць, за кепскія здымаюць), такога няма і на нацыянальным узроўні не было наагул», – кажа суразмоўца.
Паводле яго, «нейкі таталітарны інструмент назірання, кіравання, татальная сетка кантролю на гэты момант не працуе». Дый агулам неабходныя для гэтага вельмі вялікія масівы звестак нават не зведзеныя ў адну сістэму, адзначае N.
Балы ўводзілі, але не паўсюль
Паводле суразмоўцы, ідэя сацыяльнага крэдыту распаўсюдзілася ў 2014 годзе па прыходзе до ўлады Сі Цзінь Піна. Той, а таксама больш кансерватыўная частка кіраўнічай Камуністычнай партыі і грамадства, меркавалі, што занадта рынкавая палітыка папярэдніх кіраўнікоў моцна разбэсціла і карумпавала кітайскае грамадства. У выніку пастанавілі вяртаць яго да «ідэалаў сацыялізму, камунізму, маўізму», будаваць «гарманічнае сацыяльнае грамадства». Дзеля гэтага пачалі ўводзіць сацыяльныя крэдыты. Па-першае, яны датычылі юрыдычных асобаў, па-другое – чыноўнікаў ды функцыянераў і толькі па-трэцяе – фізічных асобаў.

Тым не менш, пэўныя эксперыменты для ўвядзення сістэмы рэйтынгу з баламі сапраўды праводзіліся, прызнае суразмоўца. У некаторых рэгіёнах, напрыклад, прыдумалі даваць балы за асобны збор смецця ці валанцёрства і адымаць іх за паленне ў недазволеных месцах. Гэтак, горад Суйнін адымаў балы за петыцыі і онлайн-каментары, Сучжоў караў за непрыход на зарэзерваваныя падзеі або за махлярства ў онлайн-гульнях, а Жунчэн – за смецце або пераход вуліцы ў неналежным месцы.
Суразмоўца тлумачыць гэта практыкай, што існуе ў КНР яшчэ з часоў Маў Цзэ Дуна: калі партыя хоча надаць увагу пэўнай праблеме, то не дае для гэтага гатовага рэцэпту, а прымае рамкавы дакумент з апісаннем мэты, якую плануецца дасягнуць. А потым «праводзяць эксперыменты» – назіраюць, як гэта ўладкоўваецца на месцах, параўноўваюць, што і дзе працуе.
Гэтак і цяпер шмат з такіх прапановаў былі раскрытыкаваныя афіцыйнымі медыямі і былі скасаваныя, у тым ліку за тое, што балы незаконна абмяжоўвалі законныя правы грамадзянаў або адсочвалі паводзіны, зусім не звязаныя з паняццем «крэдыту». Дый самыя кітайскія ўлады выпусцілі афіцыйныя тлумачэнні пра тое, што балы не могуць выкарыстоўвацца для пакарання грамадзянаў і падставай для штрафаў могуць служыць толькі афіцыйныя юрыдычныя дакументы. Як вынік, шмат мясцовых ініцыятываў было скасавана.
,,«Гэта былі эксперыменты, якія не былі прасунутыя далей. З чаго можна рабіць дзве высновы: гэта не тое, што працавала, і гэта было вельмі складана кантраляваць», – падкрэслівае суразмоўца.
Што змяніў сацыяльны крэдыт?
Але некаторыя агульныя базы былі ўсё ж створаныя. Яны дапамаглі, сярод іншага, выявіць, што вельмі шмат людзей проста дагэтуль не ўлічвалася. Напрыклад, гэта датычыла другіх і наступных дзяцей, за якіх бацькі мусілі плаціць у межах дзейнай на той момант праграмы «Адная сям’я – адное дзіця».
Таксама адбыліся вельмі вялікія змены ў карпаратыўнай сістэме: усе рэгістрацыйныя дакументы юрыдычных асобаў фактычна былі зведзеныя да аднаго дакументу. З’явіўся адзіны нумар сацыяльнага крэдыту, што выступае і рэгістрацыйным нумарам кампаніі, і падатковым, і гэтак далей. На падставе гэтага фармуюцца адкрытыя для грамадства, часткова за плату, прыватныя або дзяржаўныя базы звестак. У іх уваходзяць фінансавыя справаздачы, судовыя справы, змены акцыянераў і афіляваных асобаў, статутны капітал, зарэгістраваныя сферы дзейнасці і г. д. Фактычна на падставе гэтага фармуецца рэйтынг надзейнасці кампаніі, адзначае суразмоўца.
Што да фізічных асобаў, то ў адзіную сістэму найперш аб’ядноўваліся звесткі з банкаўскіх і падатковых сістэмаў, сацыяльнага страхавання. Гэтая база звестак не адкрытая, але кожная асоба можа там праверыць сябе сама. На падставе звестак з гэтай сістэмы банкі, напрыклад, могуць адмовіцца выдаваць крэдыты.
,,«Раней такога не было. І былі махляры, якія карысталіся адсутнасцю адзінай базы, маглі набіраць крэдытаў у розных банках. Цяпер усё гэта можа быць спраўджанае», – кажа N.
Менавіта з гэтым суразмоўца звязвае расповеды людзей пра тое, што ім праз нізкі сацыяльны крэдыт не прадавалі квіткоў на самалёты. На ягоную думку, у іх маглі быць вялікія пазыкі, нясплачаныя штрафы ці аліменты.
«Так, яны аўтаматычна трапляюць у чорны спіс і не могуць выехаць за мяжу. Такое практыкуецца. Што да рэчаў накшталт перайшоў дарогу на чырвонае святло, пакурыў, дзе нельга, ці пабіўся, то такой адзінай сістэмы няма», – дадае ён.
Апроч таго, у Кітаі ёсць і асобныя карпаратыўныя рэйтынгі буйных кампаніяў, напрыклад, у «Alibaba Group» і «Tencent», што маюць свае прыватныя аплатныя сістэмы. Там улічваюцца твае выдаткі, куплі, як шмат ты набываеш, ці пакідаеш водгукі, ці не робіш бяздумных зваротаў тавараў. І ў выніку, напрыклад, можна атрымаць магчымасць не плаціць за замоўленыя тавары, пакуль ты не праверыш іх якасць. А добры рэйтынг у сістэме рэзервавання гатэляў дазваляе не пакідаць дэпазіт, які ёсць абавязковым на выпадак якойсьці паломкі. Фактычна гэта больш нагадвае праграмы лаяльнасці.
«Ёсць шмат такога кшталту сістэмаў, але яны не зведзеныя ў адзіную сістэму. Кітайская дзяржава афіцыйна кажа, што такой сістэмы і не планавалася, але будзе далейшая праца над упарадкаваннем, аўтаматызацыяй сацыяльнага крэдыту», – кажа N.

За вамі сочаць, але не для рэйтынгу
Суразмоўца прызнае, што ў Кітаі ідзе вельмі вялікае сачэнне за людзьмі, сетка камераў назірання ці не найбольшая ў свеце. Ёсць сістэма распазнання твараў, і ўсе гэтыя звесткі запісваюцца і недзе захоўваюцца, але гэта не звязана з сацыяльным крэдытам.
,,«Калі ты, напрыклад, пакурыў у цягніку і табе болей не прадаюць квіткоў на цягнікі, то гэта проста палітыка кітайскай чыгункі», – заяўляе N.
А каб прыгнятаць мэтавыя групы дысідэнтаў, дый больш эфектыўна, Пекін мае іншыя інструменты, піша аналітык MERICS.
У кожным разе, пакуль няма доказаў таго, што сістэма сацыяльнага крэдыту выкарыстоўваецца для шырокамаштабнага грамадскага кантролю, таму застаецца верагоднасць, што яе могуць скарыстаць для абмежавання індывідуальных правоў, піша на старонках «MIT Technology Review» Цзэ І Янг. Паводле яго, нават пры адсутнасці «страшнага алгарытму, які ацэньвае кожнага грамадзяніна, сістэма сацыяльнага крэдыту ўсё роўна можа быць праблемнаю». Бо хоць кітайскі ўрад падкрэсліваў, што ўсе пакаранні, звязаныя з сацыяльным крэдытам, мусяць адпавядаць існым законам, самыя законы могуць быць несправядлівымі.
Небяспека на будучыню. І не толькі для КНР
Паводле N., галоўнае пытанне на будучыню ў тым, ці сапраўды кітайскія ўлады не хочуць зводзіць усе магчымыя звесткі ў адзіную сістэму – або проста пакуль не могуць гэтага зрабіць. Пакуль гэта, кажа ён, не таталітарны, а больш аўтарытарны механізм.
«Ён арыентуецца на падтрыманне даверу і паслухмянасці. Стымулюе людзей паводзіцца добра, бо яны заўсёды пад наглядам, але абсалютнага кантролю няма», – зазначае N.
У цэлым сачэнне ў Кітаі падаецца пад соусам бяспекі. І большасць насельніцтва гэта вельмі падтрымлівае. Напрыклад, дзякуючы камерам назірання адыходзяць у гісторыю такія з’явы кітайскага жыцця, як вулічныя бойкі і розныя дробныя злачынствы.

Пры гэтым суразмоўца не выключае, што ў перспектыве ўлады КНР усё ж здолеюць звесці ўсе гэтыя базы звестак у адзіную сістэму:
«І я думаю, што гэта будзе не толькі ў Кітаі. Проста Кітай як адна з найбагацейшых і тэхнічна магутных аўтарытарных краінаў можа зрэалізаваць гэта першым».
Пры гэтым пакуль Пекін заяўляе, што не хоча перадаваць кантроль і апрацоўванне гэтых звестак штучнаму інтэлекту, а людзям такія аб’ёмы звестак адсочваць немагчыма. На думку суразмоўцы, кітайскія ўлады пакуль не давяраюць ШІ ў сацыяльных пытаннях. Тым не менш, мяркуе ён, тэхналагічны прагрэс будзе весці да аб'яднання базаў звестак і ўзмацнення іх жорсткасці. Як у Кітаі, гэтак і ў іншых краінах.