З вечара панядзелка Польшча часова адновіць памежны кантроль на мяжы з Літвой, каб спыніць нелегальную міграцыю. Падрабязнасці гэтага раскрылі літоўскія ўлады, перадае LRT.

Ад пагрозаў да запрашэння. Як змянялася рыторыка Менску наконт міграцыйнага крызісу
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч заявіў, што захады будуць дзейнічаць цягам месяца, да 5 жніўня. Для перасячэння мяжы не спатрэбяцца дадатковыя візы або дакументы, а польскія праваахоўнікі будуць праводзіць выбарачныя правяранні. Кантроль таксама будзе забяспечаны там, дзе дзяржаўная мяжа праходзіць праз палі, лясы і вадаёмы.
Праводзіць правяранні памежнікам будуць дапамагаць літоўская паліцыя і супрацоўнікі Службы грамадскай бяспекі.
З 7 ліпеня, Польшча часова аднаўляе памежны кантроль з Літвой і Нямеччынай. Падляскі ваявода Яцэк Бжазоўскі кажа, што польска-беларуская мяжа шчыльна абароненая ад штучна створанага міграцыйнага крызісу, а асноўная плынь незаконнай міграцыі ідзе праз межы Беларусі – Літвою і Латвіяй. Асноўнай задачай ён бачыць мінімізацыю нязручнасцяў тым, хто падарожнічае легальна. Гэта не толькі турысты, але і фермеры, якія маюць палі з абодвух бакоў мяжы.
Правяранні будуць абіральнымі. Правяраць будуць толькі асобныя транспартныя сродкі, але не ўсе. Правяранні будуць праводзіць на пераходах у вёсках Будзіска і Аграднікі, а таксама на чыгуначным пераездзе «Тракішкі». Адкрыюць і дадатковыя пункты пропуску, каб мяжу маглі мінаць тыя ж фермеры.
Затрымліваць хочуць найперш тых, хто не мае права быць на тэрыторыі Польшчы, і тых, хто незаконна перайшоў мяжу Беларусі з Літвой і Латвіяй.
Памежнікаў будуць падтрымліваць паліцыянты і жаўнеры 1-й падляскай брыгады тэрытарыяльнай абароны, у кантролі будуць задзеяныя дарожная інспекцыя, падатковая адміністрацыя ды іншыя службы.
Якуб Хруст belsat.eu