У межах найбольшага за апошні час абмену (1000 на 1000) Украіна перадала Расеі трох палонных беларусаў. Яшчэ 8 застаюцца ва ўкраінскім палоне.
Падчас баёў каля паселішча Пятроўка Данецкай вобласці ва ўкраінскі палон трапіў грамадзянін Беларусі Сяргей Кузьменка, паведамляе радыё «Свабода». Мужчына жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі і ваяваў на баку Расеі.
Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», якім займаецца Каардынацыйны штаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, паведаміў, што «Сяргей Анатолевіч Кузьменка трапіў у палон у траўні».
Кузьменка ваяваў стралком у другім батальёне 102-га мотастралковага палка 150-й дывізіі, якую пасля баёў пад Марыупалем фактычна давялося цалкам аднаўляць – тады ў першыя дні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ўкраінскія сілы знішчылі сама меней сем тактычных батальёнаў дывізіі.
Дэталі падпісання ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя, а ў ранейшых спісах палонных беларусаў ягонага прозвішча не было.
Цяпер, з улікам Кузьменкі, ва ўкраінскім палоне застаюцца восем грамадзянаў Беларусі.
Дарэчы, у 2023 годзе беларусы Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч, якія ваявалі ва Украіне на баку Расеі і трапілі ва ўкраінскі палон, запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі. Прасілі Лукашэнку, каб паспрыяў іхнаму абмену на беларусаў, якія ваявалі за Украіну і цяпер застаюцца ў палоне ў Расеі, або на беларускіх палітвязняў.
Тэса Анэйда belsat.eu