Заява, скіраваная Літвой у Міжнародны суд ААН за арганізаваны ўладамі Беларусі масавы штурм мігрантаў на межах Еўразвязу, сталася прэцэдэнтам і можа прывесці да таго, што Беларусі будуць прызначаныя выплаты рэпарацыяў за гэтыя злачынствы. Ці магчымы такі варыянт падзеяў, «Белсату» расказаў еўрадэпутат Дайнюс Жалімас.
Дайнюс Жалімас патлумачыў, што рашэнне падаць такую заяву было зробленае пасля выканання пэўных працэдураў. Улады Беларусі свядома зарганізавалі і заахвочвалі перапраўку мігрантаў з трэціх краінаў праз літоўскую мяжу і не спрабавалі перашкодзіць гэтаму. Больш за тое, не рабілі неабходных захадаў, каб абараніць гэтых мігрантаў. Гэта трактуецца як парушэнне міжнароднага пратаколу аб незаконнай міграцыі.
,,«Дык вось, у гэтым пратаколе прадугледжваюцца пэўныя патрабаванні: калі адна краіна лічыць, што іншая парушыла палажэнні гэтага пратаколу (а менавіта такую пазіцыю займае Літоўская Рэспубліка), спачатку павінны быць прыкладзеныя намаганні для мірнага развязання спрэчкі шляхам перамоваў», – адзначае Дайнюс Жалімас.
Калі ж гэта не ўдаецца – а насамрэч, адзначае суразмоўца, гэтага не ўдалося, бо было шмат спробаў дамовіцца праз перамовы, – прадугледжваецца наступны крок: арбітраж. Але і наконт арбітражу бакі не дамовіліся.
,,«Як трэцяя захада ёсць зварот у Міжнародны суд, які ўжо і разгледзіць гэтую спрэчку і прызнае ці не прызнае Беларусі адказнай за парушэнні гэтага пратаколу», – кажа еўрадэпутат.
У выніку суд можа прызнаць, што Беларусь сапраўды парушыла палажэнні пратаколу. Калі гэта адбудзецца, Літва можа атрымаць права на рэпарацыі – кампенсацыю дадатковых выдаткаў, якія яна панесла на ўмацаванне мяжы ды іншыя звязаныя з гэтым захады. Паводле падлікаў, гаворка можа ісці пра суму каля 200 мільёнаў еўраў, якую можа прызначыць Міжнародным судом.
Ці ёсць шанец на тое, каб атрымаць гэтую суму? Дайнюс Жалімас адзначыў, што абазначаная сума – гэта разлікі літоўскага ўраду. Калі суд сапраўды возьмецца разглядаць гэтую справу і прызнае, што Беларусь парушыла пратакол, ён ацэніць, наколькі дакладна была вызначаная сума, і пастановіць, колькі канкрэтна належыць спагнаць, але ў выніку нейкая сума можа быць прысуджаная.
,,«Так, вы маеце рацыю: нейкага сілавога механізму, каб прымусіць Беларусь гэтыя грошы выплаціць, не існуе. Але такое рашэнне будзе, як кажуць, «вісець», пакуль Беларусь яго не выканае, бо там ужо ніякія апеляцыі ці свайго роду аспрэчванні гэтага рашэння немагчымыя», – кажа суразмоўца.
Міжнародны суд ужо выносіў шмат падобных рашэнняў, і бывае, яны выконваюцца толькі праз працяглы час. Але галоўнае тут, паводле Жалімаса, перавесці справу з палітычнага на юрыдычны ўзровень. І ўжо факт таго, што дзяржава афіцыйна прызнаная вінаватай у парушэнні міжнародных абавязкаў і мусіць скампенсаваць шкоду, – гэта ўжо пэўны поспех.
Нагадаем, што 19 траўня Літва скіравала заяву ў Міжнародны суд ААН аб парушэнні Беларуссю абавязкаў у межах пратаколу супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры за 15 лістапада 2000 года, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.
Цалкам размову можна паглядзець тут:
Раман Шавель belsat.eu