Гісторыі

Позву ў цэнтр занятасці прынёс нарад міліцыі. Ці пакараюць «дармаедаў», калі нікуды не пайсці?

Цэнтр занятасці
Упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі «дармаедаў» працягваюць запужваць – па «незанятых у эканоміцы» ходзіць міліцыя і выклікае ў РАУСы ды цэнтры занятасці. Чытач з Бабруйску распавёў, што яму позву прынёс цэлы нарад з некалькіх працаўнікоў пры аўтаматах праз плячо. Да іншых завітвалі ўчастковыя. Ці абавязкова ісці на такія выклікі? І ці могуць пакараць, калі не прыйсці? Разбіраемся ў матэрыяле.

«Так цяпер усіх "дармаедаў" выклікаюць»


Ігар (імя змененае з меркаванняў бяспекі) працуе не ў Беларусі. Дадому прыязджае ў адпачынак. З сакавіка мужчына зноў у родным Бабруйску, але неўзабаве збіраецца з’язджаць. Два тыдні таму да яго прыйшла міліцыя – тры працаўнікі ў поўным абмундзіраванні, са словаў бабруйца.

,,

«Пазванілі ў дзверы. Я адкрыў. Запыталіся імя і прозвішча. Сказаў – так, я. Тады мне ўручылі пад подпіс позву, патлумачылі, што паколькі я афіцыйна не заняты ў эканоміцы, то мушу схадзіць на прыём у цэнтр занятасці цягам 5 дзён», – распавёў бабруец.


Праблемы і перашкоды ў выездзе Ігару цяпер не патрэбныя, таму ён пайшоў. У цэнтры занятасці яго распыталі наконт працы, сказалі, што ён мусіць паказаць працоўную дамову, а таксама выкласці ўсё гэта ў пісьмовым выглядзе ды пазначыць, што ў дапамозе з працаўладкаваннем не мае цяпер патрэбы.


«Яшчэ сказалі, што так цяпер усіх "дармаедаў" выклікаюць», – зазначае Ігар.


Мужчына кажа, што да некаторых ягоных знаёмых таксама прыходзілі ўчастковыя з позвамі.


«Вас будуць увесь час тузаць, каб вы пацвердзілі занятасць»


Пад выглядам звычайнага бабруйца наш журналіст патэлефанаваў у адзін з РАУСаў раённага цэнтру ды запытаўся, што ж яму рабіць пасля атрымання позвы.


«РАУС вам толькі адправіў позву. І калі там сказана, што трэба прыйсці ў цэнтр занятасці, туды і мусіце прыйсці», – адказала працаўніца.

Паседжанне камісіі спрыяння ў працаўладкаванні. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота «Святло Кастрычніка»
Паседжанне камісіі спрыяння ў працаўладкаванні. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота «Святло Кастрычніка»

Мы патэлефанавалі ва ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны Бабруйскага райвыканкаму.

,,

«Так, гэтыя позвы рассылаюць РАУСы. Калі вам патрэбная дапамога ў працаўладкаванні, то звяртайцеся ва ўпраўленне працы і занятасці. Калі вы працуеце і вам трэба гэта пацвердзіць, то звяртайцеся ў Камісію спрыяння занятасці», – распавялі ва ўстанове.


Чытайце таксама:
Паседжанне камісіі спрыяння ў працаўладкаванні. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота «Святло Кастрычніка»

Чарговая пераклічка «дармаедаў». Чаму за беспрацоўных узяліся сілавікі

Працаўніца ўпраўлення ўдакладніла, што калі асоба працуе за мяжой, то мусіць падаць дамову з наймальнікам. Калі праца ў Беларусі, але паводле дамовы падраду, трэба прынесці ў камісію гэтую дамову, бо «дамовы падраду праходзяць праз Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва са спазненнем роўна на квартал».


А што, калі не прыйсці?


Якія могуць быць наступствы, калі не прыйсці на позву цягам пяці дзён, у цэнтры занятасці не ведаюць.


«Вас будуць увесь час тузаць, каб вы пацвердзілі сваю занятасць. Ці можа РАУС прыцягнуць вас да адміністратыўнай адказнасці, не ведаю – гэта па іхнай частцы, я не магу адказаць вам на гэтае пытанне», – сказала працаўніца.


Раней у Гомельскім аблвыканкаме нашаму журналісту, які туды тэлефанаваў пад выглядам занепакоенага мясцовага жыхара, распавядалі, што «ў рамках працы з незанятымі ў эканоміцы літаральна нядаўна дзвюма міністэрствамі – унутраных справаў і працы ды сацыяльнай абароны – падпісаны комплексны план». Згодна з гэтым планам «цяпер вельмі шмат людзей адпрацоўваецца», адбываецца гэта «па ўсёй рэспубліцы», таму і ўпраўленні ўнутраных справаў, і камісіі спрыяння занятасці, якія на сталай аснове працуюць пры выканкамах, вельмі загружаныя, ім дапамагае міліцыя.


Ніякіх санкцыяў за няяўку не прадугледжана, паведаміла тады працаўніца аблвыканкаму.


Тлумачальныя размовы і групавыя прафілактычныя захады

З 1 красавіка 2025 года МУС Беларусі рэалізуе «Комплекс дадатковых захадаў дзеля аказання прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні працаздольных грамадзянаў, незанятых у эканоміцы, у тым ліку асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».


«У рамках указанага комплексу праводзяцца тлумачальныя размовы, у тым ліку наконт прыняцця захадаў дзеля працаўладкавання, як падчас штотыднёвых прыёмаў участковымі інспектарамі міліцыі, так і пры наведванні на месцы жыхарства супольна з зацікаўленымі службамі», – так тлумачыў рэалізацыю комплексу захадаў Рэчыцкі РАУС.

Групавая прафілактычная сустрэча ў РАУСе. Фота: газета «Прамень»
Групавая прафілактычная сустрэча ў РАУСе. Фота: газета «Прамень»

Акрамя таго, «штомесяц паводзіны ўказаных грамадзянаў разглядаюцца на паседжаннях саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, праводзяцца групавыя прафілактычныя сустрэчы для спрыянні ў працаўладкаванні» з удзелам прадстаўнікоў упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны.


Так, напрыклад, жыхары Гомля атрымліваюць позвы з наступным тэкстам (паведамленне нам даслалі чытачы):


«Вам неабходна 27.06.2025 а 14-й гадзіне (пачатак запуску грамадзянаў а 13:30) з’явіцца ў актавую залу 2-ГАМ АУС Чыгуначнага раёну г. Гомля. <…>. Пры наяўнасці афіцыйнага месца працы просім падаць копію дакументу, які гэта пацвярджае. Пры сабе мець гэтае паведамленне».


Пра тое, што на адрас беспрацоўных «накіроўваюцца (уручаюцца пад роспіс) паведамленні аб неабходнасці звароту ў органы працы і занятасці для аказання спрыяння ў працаўладкаванні або для пацверджання працоўнай занятасці», паведамляюць улады ўсіх вобласцяў Беларусі.


«Вясна»: усе гэтыя практыкі – незаконныя


Міністэрства працы заяўляла, што «ў мэтах актывізацыі прафілактычнай працы з працаздольнымі беспрацоўнымі грамадзянамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, замацаванае права камісіяў узаемадзейнічаць з тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных справаў дзеля прыцягнення да адказнасці за ўхіленне ад яўкі ў камісію асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця».


24 сакавіка 2025 года ўрад прыняў пастанову, згодна з якой камісіі спрыяння занятасці насельніцтва могуць узаемадзейнічаць з органамі ўнутраных справаў для «правядзення прафілактычнай працы» з тымі, хто ўхіляецца ад яўкі ў камісію і вядзе «асацыяльны лад жыцця».

Працоўная кніжка ў Беларусі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
Працоўная кніжка ў Беларусі. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by

Таксама ў сакавіку берасцейская міліцыя паведаміла, што за няяўку на паседжанне Камісіі па спрыянні занятасці можа пагражаць штраф і нават арышт паводле арт. 24.3 КаАП РБ «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы».


Ці законныя ўсе гэтыя дзеянні і такая супраца цэнтраў занятасці з міліцыяй? Юрыдычная служба Праваабарончага цэнтру «Вясна» адназначна заяўляе – не.

,,

«Па-першае, прымус да працы і маніпуляцыі «абавязкам фінансаваць дзяржаву» – гэта чарговы жэст рэжыму, які дэманструе грэбаванне правамі чалавека. У артыкуле 41 Канстытуцыі Беларусі прапісана, што праца – гэта права, а не абавязак, і ніхто не можа быць прымушаны працаваць. У тым жа артыкуле за дзяржавай замацаваныя абавязкі для стварэння ўмоваў для поўнай занятасці насельніцтва, а ў выпадку, калі чалавек не можа знайсці сабе працу з незалежных ад яго прычынаў, дзяржава гарантуе адукацыю і павышэнне кваліфікацыі гэтаму чалавеку. Таму падмена паняткаў на афіцыйным узроўні ёсць юрыдычнай дэзынфармацыяй і заканамерным наступствам адсутнасці вяршэнства права: калі няважна, што напісана ў законах, у тым ліку ў Канстытуцыі, і важна толькі тое, што кажуць афіцыйныя асобы», – кажа юрыст.


Чытайце таксама:
Беларусы галасуюць у вёсцы Саламарэчча пад Менскам, Беларусь. 28 верасня 2008 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: AFP / East News

На Гомельшчыне беспрацоўным сталі прапаноўваць грошы за пераезд у вёску, але гэта ўсё роўна не працуе

Злоўжыванне ўладай


Задзеянне праваахоўных органаў, якія цяпер у Беларусі маюць азмрочаную рэпрэсіямі рэпутацыю, яшчэ больш пагаршае сітуацыю – міліцэйская сваволя выклікае страх у грамадства, што пашыраецца не толькі на палітычныя тэмы і выказванне думак, але і на іншыя сферы жыцця, зазначае прадстаўнік «Вясны».


«Не міліцыя мусіць займацца працаўладкаваннем і пытаннямі занятасці – таму гэта ёсць злоўжываннем улады. Увогуле такая практыка ёсць замаскаваным дадатковым ціскам на чалавека. Фактычна дзяржава прымушае людзей працаваць пад страхам рэпрэсіяў, што супярэчыць і Канстытуцыі, і міжнародным стандартам. Арт. 2 Канвенцыі 29 Аб прымусовай або абавязковай працы Міжнароднай арганізацыі працы вызначае прымусовую працу як любую працу, што ажыццяўляецца пад пагрозай пакарання і без добраахвотнай прапановы сваіх паслугаў».


У міліцыі няма падставаў для прыцягнення чалавека да адміністратыўнай адказнасці за непадпарадкаванне (арт. 24.3 КаАП РБ) у выпадку няяўкі на позву, бо чалавек не абавязаны на яе ісці, кажа юрыст:


«Заканадаўствам прадугледжаная абавязковая яўка толькі:


• пры крымінальных справах,


• пры справах аб адміністратыўных правапарушэннях,


• пры выкліку вайсковым камісарыятам.


У гэтых выпадках існуюць пэўныя нормы, што рэгулююць каго, калі і як можна выклікаць. Што да грамадзянаў, унесеных у базу «незанятых у эканоміцы», – заканадаўства не абавязвае іх з’яўляцца на камісію ці ў выканкам».


Што рабіць, калі вам прынеслі позву?


Калі ў позве напісана, што ў выпадку няяўкі можа наступіць адказнасць паводле арт. 24.3 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы»), важна памятаць, што толькі тое патрабаванне лічыцца законным, якое мае выразную падставу ў законе, а ні Дэкрэт № 3, ні падзаконныя акты не прадугледжваюць абавязку з’яўляцца на такія выклікі, падкрэслівае юрыст.

Марш «недармаедаў» у Беларусі. Фота: Живая Свобода / Х
Марш «недармаедаў» у Беларусі. Фота: Живая Свобода / Х

Што рабіць, калі вы атрымалі позву з міліцыі з патрабаваннем з’явіцца ў РАУС або цэнтр занятасці і зрабіць справаздачу наконт сваёй занятасці? Парады юрыдычнай службы «Вясны»:


• Разумець сітуацыю з юрыдычнага пункту гледжання. Чым лепш вы яе разумееце, тым больш канкрэтныя пытанні зможаце задаваць працаўнікам, і тым складаней ім будзе вам даваць абгрунтаваны адказ.


• Лепш за ўсё ўвогуле з пытаннямі звяртацца пісьмова – так уладам будзе складаней зманіпуляваць.


• Захоўвайце спакой і калі бачыце, што нейкія законныя дзеянні могуць быць для вас небяспечнымі, то лішні раз узважце свае крокі. «Мы заўсёды за тое, каб абараняць свае правы чалавека, але калі гэта робіцца небяспечным, то выбар мусіць заставацца за чалавекам», – падкрэсліваюць юрысты.


10 гадоў барацьбы з «дармаедамі»


Барацьбу з «дармаедамі» ўлады Беларусі распачалі ў 2015 годзе, калі быў прыняты Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Тады хацелі ўсіх, хто цягам каляндарнага года працаваў менш за 183 дні, прымусіць плаціць 20 базавых велічыняў збору.

Пратэсты супраць Дэкрэту № 3. 2017 год, Беларусь. Фота: Белсат
Пратэсты супраць Дэкрэту № 3. 2017 год, Беларусь. Фота: Белсат

У 2017 годзе па ўсёй Беларусі прайшла хваля пратэстаў супраць Дэкрэту № 3 – «маршы недармаедаў», пасля чаго яго дзеянне было прыпыненае. Замест «падатку на дармаедства», беспрацоўных абавязалі плаціць за паслугі ЖКГ у поўным памеры паводле так званых эканамічна абгрунтаваных тарыфаў. Гэтая захада дзее дагэтуль і датычыць беспрацоўных, у якіх ва ўласнасці ёсць нерухомасць.


Цягам апошніх гадоў улады далучаюць да «дармаедаў» усё новыя катэгорыі і ўводзяць для іх усё новыя віды адказнасці. Так, калі беспрацоўны выхоўвае дзяцей, сям’ю могуць паставіць на ўлік як тую, што трапіла ў сацыяльна небяспечны стан.


Нядаўна да «дармаедаў» у Беларусі пачалі залічваць у тым ліку тых, хто застаецца за мяжою больш за 30 дзён, нават для працы ці навучання. Выключэнне робіцца для тых, хто едзе ў краіны ЕАЭС, на лячэнне або ў працоўную выправу.


Станам на 30 траўня 2025 года ў Агульнарэспубліканскім банку вакансіяў налічваецца 209 016 прапановаў працы. Гэты лік рэкордна вялікі з моманту запуску банку, і ён увесь час расце.


Агульная колькасць афіцыйна працаўладкаваных у Беларусі падае. За красавік сёлета афіцыйна працаўладкаваных у нашай краіне стала на 10,4 тысячы асобаў менш.


На гэтым фоне ўлады Беларусі спрабуюць прыцягнуць у краіну замежную працоўную сілу. 150 тысяч пакістанцаў, пра якіх казаў Лукашэнка, пакуль не прыехалі, аднак, паводле прадстаўніка Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Уладзіміра Маргевіча, за 2024 год колькасць працоўных мігрантаў у нашай краіне павялічылася амаль утрая. У 2023 годзе ў Беларусі налічвалася агулам 13 тысяч працоўных мігрантаў. За 2024-ы іхная колькасць павялічылася да 34 тысячаў.


Ганна Ганчар, Дар'я Форман belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10