Расейскія беспілотнікі актыўна лёталі над Беларуссю ўвосень мінулага года, пасля чаго было адноснае зацішша. Увосень дроны перыядычна выбухалі, а да відавочцаў, якія зафіксавалі гэта на відэа, пасля ўрываўся АМАП.
А 1 чэрвеня стаўся рэкордным днём паводле колькасці БПЛА, якія заляцелі ў Беларусь з тэрыторыі Украіны падчас расейскага масаванага нападу, піша «Флагшток».
У першы дзень лета ўкраінскі канал «Ринда Моніторить» зафіксаваў з 3:00 да 9:00 дзесяць залётаў БПЛА на тэрыторыю Гомельшчыны.
Спачатку пачулі гук жыхары паўднёвых ускраінаў Гомля каля 3:40. З 5:00 да 6:00 беспілотнік чулі ў некалькіх населеных пунктах Мазырскага і Ельскага раёнаў. Потым, каля 8:30, два дроны праляцелі ў заходнім кірунку праз Калінкавічы.
Верагодна, адзін з лятальных апаратаў упаў у Петрыкаўскім раёне.
Каля 8:00 яшчэ два беспілотнікі праляцелі над Ельскам. Іх далейшы шлях вядомы: дроны прыблізна а 8:35, перасеклі беларуска-ўкраінскую мяжу і працягнулі рух у кірунку ўкраінскага Оўручу.
Больш за ўсё шуму нарабіў беспілотнік у Рэчыцкім раёне, які не толькі пралятаў над раёнам і цэнтрам Рэчыцы, але і манеўраваў, змяняючы кірунак на нізкай вышыні. Сведкамі гэтаму сталіся сотні людзей з 9:00 да 10:00. Пры гэтым некалькі сведкаў апазналі характэрны трохкутны сілуэт дрона і ідэнтыфікавалі яго як «Шагэд»/«Герань». Пры гэтым у некаторыя лятальныя апараты былі афарбаваныя чорным колерам, а некаторыя былі светлыя.
Нагадаем, што 1 чэрвеня СБУ завяршыла аперацыю «Павуціна», якую рыхтавала паўтара года: дроны, прывезеныя фурамі да аэрадромаў у чатырох расейскіх рэгіёнах, атакавалі самалёты стратэгічнай авіяцыі. Вайсковы аналітык Ян Мацвееў у эфіры «Вот Так» назваў акцыю «гістарычнаю з гледзішча спецслужбаў» і паразважаў, якім можа быць адказ Расеі.
Тэса Анэйда belsat.eu