навіны

Славаччына патлумачыла, у якім выпадку будзе блакаваць санкцыі ЕЗ супраць Расеі

Прэм'ер-міністр Славаччыны Роберт Фіца. Фота: Simona Granati - Corbis/Corbis via Getty Images
Прэм'ер-міністр Славаччыны Роберт Фіца. Фота: Simona Granati - Corbis/Corbis via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэм’ер-міністр Славаччыны Роберт Фіца заявіў, што яго краіна заблакуе любыя санкцыі Еўрапейскага звязу супраць Расеі, калі яны нанясуць шкоду нацыянальным інтарэсам Славаччыны.

Гэтая заява прагучала пасля таго, як парламент краіны прыняў рэзалюцыю, якая заклікае чальцоў урада адмовіцца ад падтрымкі новых санкцый і гандлёвых абмежаванняў у дачыненні да Расеі, піша «Reuters».

,,

«Калі будуць санкцыі, якія могуць нам нашкодзіць, я ніколі за іх не прагаласую», – заявіў Фіца.


Прэм’ер-міністр адзначыў, што Славаччына імкнецца заставацца канструктыўным удзельнікам ЕЗ, аднак ён назваў прынятую рэзалюцыю палітычным інструментам з моцным сігналам.

Фіца таксама падкрэсліў, што не падтрымае меры, якія могуць прывесці да спынення імпарту расейскага паліва для славацкіх атамных электрастанцый.

«Я зацікаўлены ў тым, каб быць канструктыўным гульцом у Еўрапейскім звязе, але не за кошт Славаччыны», – падкрэсліў ён.

Нягледзячы на прыняцце рэзалюцыі, Славаччына раней не блакавала санкцыі ЕЗ, уключаючы 17-ы пакет, які абмяжоўвае дзейнасць расейскага «ценявога флоту» і быў ухвалены ў траўні.

Адначасова спробы ўвесці санкцыі супраць расейскага газавага і ядравага сектараў сутыкаліся з перашкодамі з боку Славаччыны і іншых дзяржаў, якія працягваюць залежаць ад расейскіх энергарэсурсаў, у тым ліку Вугоршчыны.

Прыход да ўлады леванацыяльнага ўрада на чале з Фіца прывёў да змены пазіцыі Славаччыны адносна вайны ва Украіне. Урад спыніў афіцыйную ваенную дапамогу Кіеву, а сам Фіца неаднаразова крытыкаваў санкцыі, сцвярджаючы, што гандлёвыя абмежаванні наносяць больш шкоды Еўразвязу, чым Маскве.

Прынятая парламенцкая рэзалюцыя, якая абавязвае членаў урада не падтрымліваць новыя санкцыі, пакідае адкрытым пытанне аб тым, наколькі яна з’яўляецца юрыдычна абавязковай.

Такім чынам, Славаччына застаецца сярод краін ЕЗ, якія працягваюць выступаць супраць санкцыйных мер, спасылаючыся на эканамічныя наступствы для сваёй краіны.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10