У Гомельскай вобласці рэзка вырасла колькасць «дармаедаў», і асабліва гэта датычыць Светлагорскага раёну, дзе ў базу грамадзянаў, не занятых у эканоміцы, залучаныя больш за 9 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміла газета мясцовага райвыканкаму «Светлагорскія навіны».
У Светлагорскім раёне агулам жывуць 75,8 тысячы чалавек. 53,6 % з іх працаздольныя: гэта каля 41 тысячы чалавек. З іх 9 тысячаў «дармаедаў» – гэта амаль 21 %, або кожны пяты.
Выданне «Флагшток» звяртае ўвагу, што сярод тых, хто не працуе, шмат людзей, якія маюць на гэта паважную прычыну: інваліднасць, дэкрэтны адпачынак і да т. п. То бок адсотак «дармаедаў» сярод жыхароў Светлагорску, якія насамрэч працуюць, вышэйшы, чым згодна з афіцыйнымі лічбамі.
Камісія для спрыяння працаўладкаванню ў Светлагорску ў 2024 годзе разгледзела справы 118 «дармаедаў», але знайсці працу здолела толькі для 39 з іх.
Год таму, у лістападзе 2023-га, тыя ж «Светлагорскія навіны» распавядалі, што ў раёне ўсяго каля 1,5 тысячы чалавек, якія аплочваюць гарачую ваду і ацяпленне ў поўным аб’ёме. «Флагшток» дапускае, што ўжо тады колькасць «дармаедаў» была вышэйшай, бо плаціць за камунальныя паслугі паводле поўных тарыфаў абавязаныя толькі ўласнікі жытла.
Марыя Міхалевіч belsat.eu