навіны

Гістарычная перамога ў паветры: украінскі F-16 збіў расейскі Су-35

Расейскі самалёт Су-35. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: CFOTO/Future Publishing via Getty Images
Расейскі самалёт Су-35. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: CFOTO/Future Publishing via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Украіна атрымала гістарычную перамогу ў паветраным баі: упершыню заходні знішчальнік F-16 збіў расейскі Су-35. 

Паводле паведамленняў, бой адбыўся над паўночным усходам Украіны падчас абароны Сумскай вобласці. Украінскія ВПС выкарыстоўвалі баявыя самалёты для бамбавання расейскіх пазіцый як на тэрыторыі Украіны, так і ў суседняй Курскай вобласці, піша «Bild».

У адказ расейскія ВКС адправілі ў бой Су-35, сучасны знішчальнік, прызначаны для дасягнення перавагі ў паветры і знішчэння ўкраінскіх самалётаў.

Расейскі пілот не ведаў, што трапіў у засаду: разам з F-16 у паветра падняўся шведскі Saab 340 AEW&C, які выявіў Су-35 яшчэ за 200–300 км да мяжы і перадаў яго каардынаты F-16.

Амерыканскі знішчальнік запусціў ракету AIM-120, і Су-35 быў збіты ў 16 км ад мяжы на тэрыторыі Расеі, недалёка ад горада Коранева ў Курскай вобласці. Пілот катапультаваўся, а ўкраінскія знішчальнікі вярнуліся на базу без страт.

Выданне перадае словы канадскага пілота і авіяэксперта Марка Брукса, якія той напісаў у сацсетцы Х, высока ацаніўшы каардынацыю заходніх сістэм узбраення:

,,

«Справа не толькі ў F-16 – сапраўдным фактарам перамогі стала шведская сістэма AWACS, якая распазнае расейскія самалёты за сотні кіламетраў і ў рэальным часе накіроўвае ракеты F-16. Су-35 нават не ведаў, што яго атакуюць», – адзначыў эксперт.


Авіяцыйны канал «Air Power» таксама адзначыў гістарычнае значэнне сутыкнення заходняй і расейскай тэхнікі.

«Калі інфармацыя пацвердзіцца, гэта будзе першы паветраны бой з удзелам украінскага “Вайпера” (F-16). Яшчэ больш важна: расейскі “Фланкер” быў збіты галандскай мадыфікацыяй F-16AM – мадэллю, якую многія ўжо лічылі састарэлай», – адзначыў «Air Power».

Нагадаем, што 7 чэрвеня ўкраінскія сілы збілі расейскі істрэбітель Су-35 на Курскім напрамку.

Паводле звестак старшыні Рады рэзервістаў Сухапутных войскаў Украіны Івана Тымочка, з пачатку поўнамаштабнай вайны Украіна збіла каля 15 расейскіх знішчальнікаў Су-35 – гэтыя выпадкі былі пацверджаныя афіцыйна.

Паводле непацверджаных дадзеных, колькасць знішчаных Су-35 можа перавышаць 25 адзінак. Улічваючы, што Расея выпусціла каля 125 такіх самалётаў, уключаючы экспартныя мадэлі, вынікае, што Украіна ўжо знішчыла траціну або нават чвэрць усяго парку гэтых знішчальнікаў.

Су-35 – гэта шматфункцыянальны знішчальнік, які расейскія войскі выкарыстоўваюць не толькі для паветраных баёў, але і як штурмавік. Акрамя таго, гэтая мадэль прымяняецца для знішчэння ўкраінскіх паветраных мэтаў.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10