Ва ўсіх раёнах Менску пройдуць «пазапланавыя адпрацоўкі» з мэтай выяўлення «працаздольных асобаў, не занятых у эканоміцы». Такі загад даў міліцыі міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў падчас нарады ў Менгарвыканкаме 17 лютага.
Кіраўнік МУС акрэсліў першаступенную задачу – актуалізаваць інфармацыю ў базе дадзеных працаздольных асобаў, не занятых у эканоміцы.
Будзе ўзмоцнены кантроль за тымі, хто атрымлівае заробак у канвертах. Асобная ўвага будзе нададзеная таксама тым, хто працуе за мяжой.
Тых, хто не працуе з прычыны алкагольнай ці наркатычнай залежнасці, адправяць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
,,«У Менску гэтая катэгорыя будзе адпрацаваная на 100 %, – падкрэсліў Іван Кубракоў. – Працаваць мусяць усе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, што дае дзяржава».
У выніку рэйдаў будуць унесеныя прапановы для ўдасканалення заканадаўства.
16 лістапада 2024 года, на абласных «Дажынках» у Клімавічах, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі больш не будзе «бамжоў і дармаедаў» і ўсе мусяць «варушыцца».
Кіраўнік краіны зазначыў перад прысутнымі на аграрным свяце, што ў чалавека разам з заробкам мусяць расці матывацыя і кваліфікацыя, а тым, хто не хоча працаваць, трэба рыхтавацца.
На гэты момант беларусы, якія значацца ў базе «дармаедаў» і маюць ва ўласнасці жытло, плацяць за ацяпленне, падагрэў вады і газ паводле поўных тарыфаў. Акрамя таго, яшчэ два гады таму пачаліся размовы пра тое, каб абмежаваць для «дармаедаў» і для беларусаў, якія жывуць за мяжой, доступ да бясплатнай медыцыны.
Марыя Міхалевіч belsat.eu