Аналітыка

«Канфлікт быў запраграмаваны». Чаму сварацца Маск з Трампам і што з гэтага беларусам

Доналд Трамп і Ілан Маск
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп і мільярдэр Ілан Маск размаўляюць у Авальным кабінеце Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 14 сакавіка 2025 года. Фота: Roberto Schmidt / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Паміж прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і адным з найбагацейшых у свеце бізнесоўцаў Іланам Маскам разгараецца канфлікт. Яшчэ нядаўнія саюзнікі цяпер абсыпаюць адзін аднаго абвінавачваннямі. «Белсат» запытаўся ў экспертаў, чаму так адбылося і як гэта паўплывае на наш рэгіён.

Што здарылася?


Бізнесовец Ілан Маск раптам абрынуўся з крытыкаю на прэзідэнта ЗША Доналда Трампа праз новы законапраект падатковых ільготаў. Маск назваў праект «агіднай брыдотай», а Трамп лічыць, што гэта «адзін вялікі прыгожы закон».


Прэзідэнт ЗША адзначыў, што вельмі здзіўлены і расчараваны рэакцыяй Маска.

,,

«У нас з Іланам былі выдатныя стасункі. Не ведаю, ці будуць яны такімі цяпер», – сказаў Трамп.


Маск награваў сітуацыі, заяўляючы, што прэзідэнт ЗША няўдзячны.


«Без мяне Трамп прайграў бы выбары», – адзначыў Маск, які ўклаў у перадвыбарчую кампанію Трампа $ 250 млн і актыўна падтрымліваў палітыка медыйна.

Чытайце таксама:
Гендырэктар «Tesla» Ілан Маск і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп у Авальным кабінеце Белага дому. 30 траўня 2025 года, Вашынгтон. Фота: Kevin Dietsch/Getty Images

«Ён проста звар’яцеў». Трамп і Маск упершыню публічна палаяліся

Законапраект Трампа прыняла Палата прадстаўнікоў ЗША. Яго падтрымала большасць рэспубліканцаў, але дэмакраты былі супраць. Некаторыя эканамісты нават у Кангрэсе ЗША мяркуюць, што закон павялічыць дзяржаўную пазычанасць. Трамп жа абяцаў скарачэнне празмерна вялікай дзяржаўнай пазыкі. Для гэтага ў тым ліку з дапамогаю Маска ён распачаў шэраг захадаў, сярод якіх – скарачэнне замежнай дапамогі і колькасці дзяржаўных службоўцаў.


Што да Маска, то Трамп мяркуе, што бізнесмена турбуе не бюджэт і дзяржаўная пазычанасць, а ліквідацыя падатковых ільготаў для сферы вытворчасці электрамабіляў.


Маск 5 чэрвеня ўвогуле заявіў, што надышоў час для «вялікай бомбы», і напісаў, што Трамп фігуруе ў дакументах справы фінансіста Джэфры Эпстайна, асуджанага за сексуальныя злачынствы супраць непаўналетніх.


На фоне канфлікту акцыі кампаніі Маска «Tesla» ўпалі на 15 % за тыдзень.


Пазней з’явілася інфармацыя, што паміж Трампам і Маскам запланаваная размова, але затым Трамп заявіў, што ўвогуле не думае пра Маска і размаўляць з ім не хоча.


Маск паспрабаваў гуляць не на сваім полі


Ілан Маск падчас прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам у Авальным кабінеце Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 30 траўня 2025 года. Фота: Allison Robbert / AFP / East News
Ілан Маск падчас прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам у Авальным кабінеце Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 30 траўня 2025 года. Фота: Allison Robbert / AFP / East News

Амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнай супрацы Антон Пянькоўскі мяркуе, што канфлікт паміж Доналдам Трампам і Іланам Маскам быў цалкам чаканым.


«Ад пачатку зразумела, што Ілан Маск не можа быць дзяржаўным службоўцам. Ён не чалавек дзяржаўнага кіравання. Ён прыйшоў у каманду Трампа падчас выбарчай кампаніі, каб падтрымаць яго. Гэта дадало шмат пунктаў Доналду Трампу – вось, паглядзіце, яго падтрымліваюць буйныя бізнесоўцы, асабліва тэхналагічнай галіны», – кажа Пянькоўскі.


Эксперт лічыць, што каманда Маска «DOGE», якая займалася пытаннямі дзяржаўнай эфектыўнасці, мела канкрэтныя задачы, сярод якіх – скарачэнне кадраў сярод чыноўнікаў, чаго не атрымалася ў Трампа падчас ягонага першага прэзідэнцкага тэрміну.

,,

«Яшчэ тады ён намагаўся разваліць вашынгтонскі бюракратызм, якога ён не разумее. Тады Вашынгтон устаяў. Цяпер у Маска былі задачы – ён іх выканаў. Што далей мог рабіць Маск у камандзе Трампа? Кіраваць нейкім міністэрствам? Безумоўна, не», – працягвае Антон Пянькоўскі.


Усё скончылася менавіта скандалам праз асаблівасці характараў Маска і Трампа, якія, да таго ж, любяць усё посціць у сацыяльныя сеткі. А раззлавала Маска сапраўды скарачэнне субсідыяў на вытворчасць электрамабіляў, бо гэта моцна б'е па бізнесе, лічыць суразмоўца.


Ён нагадвае, як падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп казаў, што выступае за большую здабычу нафты. Да таго ж, яго не цікавіць зялёная тэматыка, што супярэчыць развіццю электратранспарту, таму не зразумела, на што разлічваў Маск у плане бізнес-інтарэсаў, падтрымліваючы Трампа, адзначае Пянькоўскі.


«Гэты контрлагічны саюз адбыўся. Мы бачым бенефіты для Доналда Трампа, а Ілан Маск не хутка аправіцца ад гэтага, бо гэта моцная рэпутацыйная праблема для яго – ён паспрабаваў гуляць не на сваім полі. Гэта не бізнес-гульні, а палітыка. І Доналд Трамп чалавек злапомны», – кажа Пянькоўскі.


Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначае, што Маск яшчэ і не камандны гулец, ён часта змяняе свае погляды.

,,

«Ён ішоў у палітыку не для таго, каб гуляць у камандзе. У яго былі пэўныя амбіцыі, ён лічыў, што прывёў Трампа да ўлады і што цяпер усё будзе адбывацца гэтак, як яму патрэбна. І, вядома, эканамічныя канфлікты былі, – кажа Фрыдман. – І Трамп не той чалавек, які можа спакойна ставіцца да залежнасці. А тут Маск са сваімі амбіцыямі, эмоцыямі, чалавек, які сваю моц імкнецца паказваць. Таму канфлікт быў запраграмаваны».


Палітычны аглядальнік не выключае, што сапраўднай сваркі мы яшчэ не бачылі.


«Гэтак проста з Маскам не будзе. У яго ёсць Х, грошы. І, магчыма, ён будзе працягваць. Можа, мы яшчэ і не бачылі галоўнай стадыі гэтага канфлікту», – адзначае Фрыдман.


Для Трампа нялёгкія часы


Доналд Трамп выступае на сталеліцейным заводзе «Mon Valley Works-Irvin». Ўэст-Міфлін, ЗША. 30 траўня 2025 года. Фота: Julia Demaree Nikhinson / AP Photo / East News
Доналд Трамп выступае на сталеліцейным заводзе «Mon Valley Works-Irvin». Ўэст-Міфлін, ЗША. 30 траўня 2025 года. Фота: Julia Demaree Nikhinson / AP Photo / East News

З законам Трампа пра падатковыя льготы сітуацыя складаная, адзначае Антон Пянькоўскі. Дакумент сапраўды атрымаўся вялікі, таму ацаніць яго эфект складана. Там закладзена як нарошчванне вайсковага бюджэту і скарачэнне некаторых выдаткаў, так і захаванне льготаў, напрыклад, на нафтагазавы сектар, і шмат іншага.

Чытайце таксама:
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прамаўляе на супольнай сесіі Кангрэсу ў Капітоліі. Вашынгтон, ЗША. 4 сакавіка 2025 года. Фота: Bill Clark / CQ Roll Call via AP Images

«Ад клопатаў ЗША беларуская эканоміка не выйграе». Чаму амерыканскай эканоміцы прагназуюць спад

«Складаная сітуацыя ў тым, што гэта можа паскорыць інфляцыю ў ЗША і справакаваць прыкметы рэцэсіі. Чым больш расце дзяржаўная пазыка, тым больш падвышаецца шанц рэцэсіі. Разам з тым усё, што рабілася з моманту інаўгурацыі Трампа, за выняткам антыміграцыйнай палітыкі, было скіраванае на скарачэнне дзяржаўнай пазычанасці.


Трамп вельмі рызыкоўна балансуе ва ўнутранай палітыцы. Яму трэба выканаць абяцанні, каб амерыканскім спажыўцам і падаткаплатнікам стала жыць крышачку лепей, каб яны праз менш чым паўтара года зноў абралі рэспубліканцаў у Кангрэс. Рызыкоўная палітыка Трампа можа прывесці да таго, што рэспубліканцы страцяць бальшыню ў Кангрэсе», – кажа эксперт.


Калі выбарцы расчаруюцца, то большасць у Кангрэсе можа перайсці да дэмакратаў, якія будуць блакаваць пастановы Трампа. Тады ён не зможа праводзіць актыўную палітыку. У гэтым выпадку надыдуць цяжкія часы для Трампа і размовы пра імпічмент стануць не такімі ўжо нерэалістычнымі, зазначае суразмоўца.


«Таму ён мусіць прапаноўваць правакацыйныя, вельмі складаныя законапраекты, што правакуюць канфлікты», – працягвае Антон Пянькоўскі.


Якія будуць вынікі, сказаць цяжка, бо закон Трампа толькі з’явіўся, дый перабудаванне дзяржаўнага апарату працягваецца. Да таго ж, Трамп то ўводзіць сур’ёзныя гандлёвыя тарыфы супраць іншых краінаў, то здымае іх.


«Выходзіць, тры трыльёны долараў там, чатыры – там. Вельмі складана казаць, на якім баку будуць лічбы да канца гэтага года, як скончыцца гандлёвая вайна з Кітаем», – кажа эксперт.


Трамп пра беларусаў не думае, а Маск можа нашкодзіць Украіне


Будынак Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 27 траўня 2025 года. Фота: STR / NurPhoto / East News
Будынак Белага дому ў Вашынгтоне, ЗША. 27 траўня 2025 года. Фота: STR / NurPhoto / East News

Што да Усходняй Еўропы, то негатыўны эканамічны ўплыў, калі справы ў ЗША пойдуць дрэнна, можа быць адчувальны, кажа Пянькоўскі. Раней «Белсат» апісваў, якім чынам эканамічная сітуацыя ў ЗША ўплывае і на Беларусь. А палітычна з боку Трампа мала што зменіцца.

,,

«Доналд Трамп вельмі сфакусаваны на ўнутранай палітыцы. Ці можа яго яшчэ менш клапаціць сітуацыя ў нашым рэгіёне? Я не ўпэўнены. Мне падаецца, што ў ягоным спісе прыярытэтаў нават вайна ва Украіне не на першых пазіцыях. Усё ж такі міжнародным парадкам дня займаецца Дзярждэп і Рада нацыянальнай бяспекі. Там стае прафесіяналаў, якія як працавалі з беларускім пытаннем, гэтак і працуюць», – кажа Антон Пянькоўскі.


Аляксандр Фрыдман таксама мяркуе, што на Усходнюю Еўропу ўплыў сварак у ЗША ўскосны, але амбіцыі Маска могуць пайсці не на карысць.


«Калі Маск выйдзе з агульнай гульні і пачне гуляць у нешта самастойнае, напрыклад, у дачыненні "Starlink" (можа, адключыць яго для Украіны ці будзе неяк дамаўляцца з Расеяй), тады гэта будзе ўплываць. Я бы падыходзіў да гэтага асцярожна з прычыны таго, што ў Маска сапраўды ёсць магчымасць сапсаваць становішча ва Украіне», – падводзіць рысу Аляксандр Фрыдман.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10