Адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі ў студзені – красавіку ледзь не дасягнула $ 2,3 млрд, падлічыў Белстат. Пры гэтым найбольш праблемаў прыносіць так званая Далёкая дуга: пастаўкі беларускай прадукцыі туды ўпалі на 12,5 % год да года. «Белсат» запытаўся ў эканамісткі Алісы Рыжычэнкі, чаму так адбываецца і чым небяспечнае праяданне валюты.
Гандаль з вонкавым светам – ледзь не адзіная крыніца валюты для Беларусі. Нашай краіне важна прадаваць за мяжу больш, як купляць імпартнага, аднак выходзіць роўна наадварот, і дэфіцыт павялічваецца.
Калі, напрыклад, у студзені – сакавіку адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі (гэта розніца між экспартам і імпартам) перавысіла $ 1,6 млрд, дык у студзені – красавіку ледзь не дасягнула $ 2,3 млрд, паведаміў Белстат.
Пастаўкі беларускіх тавараў за мяжу ўпалі год да года на 4 %, а вось імпартнага мы купілі на 3,7 % больш.
Супраца асобна з краінамі СНД (і тут практычна ўся статыстыка датычыць Расеі) усё яшчэ выгадная Беларусі, мы нагандлявалі ў плюс на $ 354 млн. Экспарт знізіўся на 0,3 %, імпарт вырас на 1 %.
А вось у гандлі з астатнім светам усё вельмі кепска. Пастаўкі беларускіх тавараў упалі ажно на 12 %, пры гэтым імпарт павялічыўся на 7,9 %. Дэфіцыт гандлю з Далёкаю дугою – $ 2,6 млрд.
Эканамістка Аліса Рыжычэнка патлумачыла «Белсату», што дэфіцыт вонкавага гандлю і, адпаведна, праяданне валюты, нарастае праз унутраны попыт, які ўлады самі і падаграваюць у тым ліку даступнымі крэдытамі. Плюс апошнім часам давялося павялічыць імпарт харчоў праз дэфіцыт у Беларусі гародніны.
«Цяпер фактычна ўлады Беларусі стаяць перад выбарам, куды далей рухацца. Разумеючы, што расейскі рынак не можа пакрыць усіх патрэбаў беларускай эканомікі, ён не можа закрыць усяго таго экспарту, які раней адпраўляўся ў Расею, і таго экспарту, які страціў пазіцыі на заходніх рынках. Гэта значыць, трэба цяпер шукаць новых выйсцяў», – кажа экспертка.
Яна адзначае, што Беларусі патрэбныя тэхналогіі, каб і дзейныя вытворчасці паляпшаць, і ствараць новыя, якія выпускалі б канкурэнтаздольныя прадукты. Аднак з тэхналогіямі ў краіне напружана праз санкцыі.
«Улады цяпер разумеюць, што небывалы леташні рост, тое, што яны нарошчвалі экспарт у Расею пэўных тавараў – і па цывільным экспарце, і па вайскова-прамысловым комплексе, – сёлета, асабліва ў другой палове года, гэта ўсё будзе сыходзіць на нішто. І тут яшчэ важны фактар мае высокая ключавая стаўка ў Расеі, якая не дазваляе бізнесу мець даступныя грошы, каб нарошчваць аб'ёмы імпарту з Беларусі», – тлумачыць Рыжычэнка.
Як вынік – расейская эканоміка скарачаецца і, адпаведна, «беларускі экспарт у Расею скарачаецца, і даходы беларускай дзяржавы скарачаюцца».

Праз тое, што ўлады старанна хаваюць статыстыку, нельга дакладна сказаць, што адбываецца з гандлем канкрэтнымі таварамі з канкрэтнымі краінамі. Суразмоўца «Белсату» мяркуе, што праблемы з Далёкаю дугою могуць узнікаць, калі прыкрываюць схемы абыходу санкцыяў:
,,«Плюс тое, што адбываецца, напрыклад, у справе калійных угнаенняў, калі паглядзець на статыстыку Кітаю. Там за красавік аб'ёмы выраслі на 26 % у параўнанні з мінулым годам. Можна было б гэты рост спісаць на рост цэнаў на сусветным рынку на калійныя ўгнаенні, але яго не было. І, хутчэй за ўсё, тут можна меркаваць, што Беларусь дэмпінгуе цэны, каб нарошчваць аб'ёмы продажаў».
Рыжычэнка папярэджвае, што дэфіцыт вонкавага гандлю таварамі пагражае дэвальвацыяй рубля, прычым рызыкі для нацыянальнай валюты «фармуюцца ўжо працяглы час»:
«У нас і па ўнутраных продажах фізічныя асобы сталі прадаваць нашмат менш валюты, як летась. Гэта звязана з тым, што ў нас няма буму на рынку нерухомасці, як гэта было летась, калі людзі прадавалі свае валютныя ашчаджэнні, каб набыць беларускія рублі і набыць нерухомасць. І цяпер гэта стварае высокую рызыку».
Паводле эканамісткі, цяпер беларускі рубель трымаецца за кошт расейскага праз моцную залежнасць ад суседняй краіны: «І ў валютным кошыку расейскі рубель займае найбольшую долю, дзякуючы гэтаму ў нас, скажам так, яшчэ трымаецца беларускі рубель адносна іншых замежных валютаў».
У сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі, Рыжычэнка пачула «крык пра хуткае падаражэнне долара»:
,,«Унутраныя перадумовы, унутраныя фактары ў беларускай эканоміцы проста крычаць пра тое, што вось-вось павінен змяніцца курс долара ў бок павышэння, бо такі дысбаланс вонкавага гандлю найперш стварае ціск на валютны курс у краіне і на інфляцыю».
Пры гэтым візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, які завяршыўся сёння, кардынальна нічога не зменіць, упэўненая эканамістка:
«Я не думаю, што Кітай будзе цяпер вельмі шчодры на нейкія крэдыты. Ён ніколі не будзе інвеставаць у страту сабе, каб дапамагчы нейкай там Беларусі. Беларусь ужо даўно не ёсць выгадным транспартавым вузлом, праз які можна гандляваць і перавозіць усё. Бо вакол Беларусі – жалезны плот, яна пад санкцыямі».
Адзінкавыя праекты, як вытворчасць халадзільнікаў у Баранавічах, могуць быць выгаднымі, але для Кітаю, а не Беларусі:
«Гэта падыме статыстыку замежных інвестыцыяў па выніках года, можна будзе пахваліцца. Раскажуць пра тое, якія інавацыйныя праекты будуць стартаваць у Беларусі ў супрацы з Кітаем, з вялікаю дзяржавай. Але па факце гэта не зменіць беларускай эканомікі, і беларуская эканоміка не стане больш эфектыўнай, не стане больш зарабляць».
Сцяпан Кубік / ЮК belsat.eu