навіны

Рост беларускае эканомікі замарудзіцца – мала людзей і магутнасцяў

Жанчына расплочваецца за набытыя прадукты на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына расплочваецца за набытыя прадукты на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Еўразійскі банк развіцця прагназуе Беларусі значна больш сціплы рост эканомікі ў 2025 годзе, чым плануюць улады. Бо вытворчыя магутнасці загружаныя, а людзей не хапае. «Белсат» запытаўся ў эксперткі, ці могуць чыноўнікі гэта выправіць.

ЕАБР чакае, што беларуская эканоміка вырасце на 2,6 % у 2025 годзе. Чыноўнікі запланавалі рост ВУП на 4,1 %. Па выніках 2024 года было 4 %.


Пры гэтым у пачатку года дзелавая актыўнасць у Беларусі працягнула пашырацца, адзначае банк. ВУП павялічыўся на 3,7 % (у гадавым выражэнні) у студзені 2025 года. Рост быў у асноўным за кошт сектараў, звязаных з пакупкамі людзей і будаўніцтвам. Гэта аналітыкі ЕАБР тлумачаць тым, што ўлады працягваюць стымуляваць попыт.


Аднак прамысловасць, што ў 2024 годзе была драйверам росту эканомікі, вырасла па выніках студзеня менш, чым эканоміка агулам – на 2,9 % у гадавым выражэнні.


«Фактарамі, што стрымліваюць рост прамысловасці, выступаюць абмежаваная магчымасць прыцягнення работнікаў і высокая загрузка магутнасцяў (каля 70 % паводле апытанняў прадпрыемстваў)», – піша ЕАБР.


Касметычны рамонт замест развязання праблемаў


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Відаль на беларускую сталіцу. Менск, Беларусь. 25 студзеня 2025. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Відаль на беларускую сталіцу. Менск, Беларусь. 25 студзеня 2025. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна мяркуе, што праблемы дэфіцыту кадраў і абмежаваных вытворчых магутнасцяў складана развязаць хутка. Таму рост эканомікі сапраўды будзе больш сціплым у 2025 годзе.


«Трэба развіццё вытворчасці, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, што патрабуюць, як мінімум, часу. Што датычыць людзей – гэта набалелая праблема. Яна з'явілася не сёння і не два гады таму. Апошнія гады колькасць людзей, занятых у эканоміцы, скарачалася. І гэта паступова прывяло да дэфіцыту кадраў.


Нельга сказаць, што беларускія ўлады нічога не робяць, каб выправіць сітуацыю. Яны спрашчаюць допуск замежнікаў на рынак працы ў пэўных прафесіях, спрабуюць прыцягнуць пенсіянераў. Калі раней пенсіі людзям, якія яшчэ працуюць, выплачваліся зрэзаныя, то цяпер гэта абмежаванне прыбралі. Плюс пачалі хадзіць па дамах, шукаць "дармаедаў" і спрабаваць іх максімальна ўцягнуць», – кажа Настасся Лузгіна.

Наступствы абстрэлу Херсону расейскімі войскамі. 19 лютага 2025 года. Фота: Kherson Regional Military Admin./Anadolu via Getty Images

Каму бяда, а каму і каляда. Як пачуваюцца эканомікі Беларусі, Расеі і Украіны праз 3 гады вайны

Аналітыка

Хутка прыцягнуць на рынак працы шмат новых людзей наўрад ці магчыма, а захады, што прымаюць улады, – касметычныя, адзначае экспертка.


«Змены на рынку працы ахопліваюць і дэмаграфічныя праблемы, і палітычныя, і эканамічныя. Напрыклад, каб у Беларусь прыехалі працаваць замежнікі, патрэбныя добрыя заробкі. Беларусь не можа пахваліцца высокім заробкам у параўнанні з краінамі-суседкамі. Хоць апошнім часам заробкі раслі – тым не менш», – працягвае Лузгіна.


Яна мяркуе, што абмежаванні росту эканомікі, пра якія кажа ЕАБР, нікуды не знікнуць у 2025 годзе. Таму прагноз наконт росту ВУП ад беларускіх уладаў выглядае вясёлкавым.


«Тое, што публікаваў ЕАБР наконт росту ВУП на 2,6 %, – гэта больш рэальныя лічбы. Да таго ж, на рост уплываюць не толькі ўнутрыбеларускія абмежавальнікі, але і вонкавыя фактары – запаволенне эканомікі Расеі. Калі па выніках 2024 года эканоміка Расеі вырасла на 4 %, то сёлета расейскімі ўладамі чакаецца запаволенне.


Для Беларусі Расея – галоўны гандлёвы і эканамічны партнёр. Запаволенне эканамічнай дынамікі ў Расеі, безумоўна, будзе адбівацца і на попыце на беларускія тавары. Я б сказала, што прагноз ЕАБР больш рэалістычны, чым афіцыйны», – падсумоўвае Настасся Лузгіна.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10