Аналітыка

Каму бяда, а каму і каляда. Як пачуваюцца эканомікі Беларусі, Расеі і Украіны праз 3 гады вайны

img
Наступствы абстрэлу Херсону расейскімі войскамі. 19 лютага 2025 года. Фота: Kherson Regional Military Admin./Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Вайна ледзь не зруйнавала ўкраінскай эканомікі, чаго не скажаш пра Расею і Беларусь. Нашую паўднёвую суседку ратуюць заходнія грошы, усходнюю – запас трываласці, а ў нас не засталося іншага выйсця, як пачаць зарабляць на расейскай агрэсіі. «Белсат» прааналізаваў эканамічную сітуацыю ў рэгіёне разам з эксперткаю Настассяю Лузгіною.

Найгалоўнейшая праблема, з якою сутыкнулася Украіна, – страта людзей. Як пачалося поўнамаштабнае ўварванне, шмат хто з'ехаў за мяжу. Паводле звестак ААН на люты, Украіну пакінулі 6,9 мільёна з 42 мільёнаў жыхароў, яшчэ 4 мільёны грамадзянаў пераехалі ў межах краіны.


Лік загінулых на фронце ўкраінцаў дакладна не вядомы. Выданне «Wall Street Journal» пісала ў верасні летась пра 480 тысячаў забітых і параненых вайскоўцаў. 


Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў пачатку лютага заявіў, што ў вайне загінулі больш за 45 тысяч жаўнераў, 390 тысячаў былі параненыя.

На мяжы Украіны. 5 лютага 2025 года. Фота: Володимир Зеленський / Facebook

Абмен палоннымі, колькасць ахвяраў, працяг ваеннага становішча. Што адбываецца на вайне ва Украіне

Вайна

Шкоду ад разбурэння інфраструктуры Кіеўская школа эканомікі ацаніла на $ 170 млрд. Гэта апошнія на сёння падлікі, праведзеныя ў леташнім лістападзе. Расейскія абстрэлы знішчаюць жылыя дамы, прадпрыемствы, энергетычную і транспартавую інфраструктуру. Жылы сектар, дарэчы, прызнаны найбольш пацярпелым, тут страты дасягнулі $ 60 млрд.


У першы год вайны ВУП Украіны абрынуўся на амаль 29 %. Краіну ратуюць звонку. Толькі летась яна атрымала $ 41,7 млрд дапамогі, а агулам за тры гады міжнародныя партнёры далі $ 115,2 млрд. Найбуйнейшыя донары – ЕЗ, ЗША, Японія, Міжнародны валютны фонд, Канада і Сусветны банк.


Пры гэтым дзяржаўны доўг Украіны дасягнуў гіганцкіх памераў: $ 166,1 млрд, гэта амаль 88 % валавога ўнутранага прадукту за год.


Украінскія эканамісты падрыхтаваліся да ўзнаўлення краіны і гатовыя прапанаваць інвестарам безліч праектаў. І, падобна, будзе лягчэй знайсці ахвочых укласці грошы ў краіну, чымся вярнуць уцекачоў, а без людзей нічога не зробіш.


Зрэшты, эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» выказала ўпэўненасць, што шмат хто вернецца, калі спыняцца абстрэлы, то бок беспасярэдняя пагроза жыццю. Астатніх давядзецца заахвочваць грашыма і падтрыманнем:


«Найперш трэба паказаць людзям, што маюцца перспектывы, магчымасці: ідуць замежныя інвестыцыі, пачынаецца эканамічны ўздым. Могуць распрацоўвацца праграмы падтрымання насельніцтва, напрыклад, тым, хто страціў жытло».


Эканоміка краіны-агрэсара ў першы год вайны таксама сышла ў мінус. Найперш гэта наступства санкцыяў, якія правакуюць такія ўмоўныя арэлі: рэстрыкцыі гойдаюць эканоміку ў адзін бок, потым да іх прыстасоўваюцца, навучаюцца абыходзіць – і пачынаецца рост. І так паўтараецца з кожным новым пакетам санкцыяў. Плюс Расея моцна залежыць ад цэнаў на сыравіну:

,,

«Калі б санкцыяў не было, то эканоміка развівалася б больш гарманічна. А так – адбываецца пагаршэнне, потым неяк прыстасоўваюцца, вынаходзяць нейкія схемы, і атрымоўваюцца такія рыўкі ў тым ці іншым кірунку».


Лузгіна адзначыла, што Расея падышла да вайны з запасам трываласці і мела рэсурсы на ваенныя выдаткі. Пры гэтым абвастрылася праблема з кадрамі: багата людзей эмігравала з Расеі, багата паехала на фронт.


«Цэнтрабанк працягвае жорсткую палітыку, што ўжо адбіваецца на эканоміцы, усё-ткі рост пачынае ў Расеі запавольвацца, як і прадказвалі. Паколькі рост запавольваецца, адпаведна, гэта можа трохі змяніць попыт на працоўную сілу, аднак праблема дэфіцыту кадраў застанецца», – падкрэсліла суразмоўца «Белсату».


Расейскі рэгулятар зрабіў грашовую палітыку больш жорсткаю з увагі на хуткі рост цэнаў. Інфляцыю разагналі выдаткі на «абаронку» і рост прыбыткаў насельніцтва: кантрактнікам добра плацяць, існуюць выплаты за гібель і раненне вайскоўцаў, да таго ж прадпрыемствы, як і ў Беларусі, вымушаныя павышаць заробкі, каб работнікі не разбегліся.


З увагі на тое, што вайна ва Украіне дзякуючы імпэту адміністрацыі Доналда Трампа ідзе калі не да канчатковага спынення, то хаця б да часовага замірэння, Настасся Лузгіна заўважыла, што перавесці расейскую эканоміку з вайсковых рэек на цывільныя будзе цалкам лёгка. Дый нельга казаць, што ўся краіна цяпер працуе на вайну:


«Развіваюцца пэўныя альтэрнатыўныя рэчы, бо тыя ж санкцыі прывялі да таго, што спатрэбіліся ўласныя тэхналогіі, уласныя распрацоўкі, імпартазамяшчэнне таго, што раней не выраблялася або выраблялася ў недастатковай колькасці».


Імаверна, абаронная прамысловасць суседняй краіны пэўны час яшчэ папрацуе на ўсю моц, каб папоўніць запасы ўзбраення, аднак з улікам намаганняў Банку Расеі астудзіць эканоміку рост у гэтай галіне непазбежна запаволіцца. Такім чынам, з эканамічнага пункту гледжання Масква не будзе мець патрэбы ў новай вайне:


«Далёка не ўся эканоміка першапачаткова працавала на абарону, таму частковая пераарыентацыя цалкам магчымая. Пачынаць новы канфлікт не абавязкова. Гэта ўжо ляжыць у палітычным рэчышчы, залежыць ад палітычных рашэнняў».


Агулам, калі паглядзець з эканамічнай званіцы, Расея больш страціла з увагі на вайну, чымся прыдбала:

,,

«Выдаткі бюджэту на „абаронку“ – гэта ў мінус, санкцыі – таксама мінус, страта людзей – галоўны мінус. Можа падацца, што за кошт ваенных выдаткаў расце вытворчасць, але чалавека не вернеш. З пункту гледжання эканомікі чалавек мог зарабіць болей і прынесці карысці болей, калі б быў жывы».


А што ж Беларусь? Спрацавала традыцыйная залежнасць ад Расеі, і ў першы год вайны нашая эканоміка таксама пайшла ўніз. Гэта адбылося б нават у тым выпадку, калі б Беларусь не стала суагрэсаркаю, даўшы тэрыторыю расейскаму войску для нападу на Украіну:


«І гэтая залежнасць, і калі на Беларусь пачалі накладаць санкцыі – гэта, безумоўна, адмоўна паўплывала на эканоміку. І прывяло да таго, што з аб'ектыўных прычынаў нашая эканоміка яшчэ больш зблізілася з расейскаю, якая самая была ў жорсткіх умовах». 

Дырэктар «Інтэгралу» Андрэй Буйневіч паказвае Аляксандру Лукашэнку абсталяванне на заводзе. Менск, Беларусь. 14 лютага 2025 года. Фота: president.gov.by

Лукашэнка сказаў развіваць мікраэлектроніку для Расеі… і зменшыць выдаткі на яе развіццё?

навіны

Такая моцная прывязка да Расеі – бадай, найгалоўнейшы для Беларусі вынік трох гадоў вайны:


«Такое зрошчванне, нават калі б не было вайны, не вельмі добрае для краіны з малой беларускай эканомікаю ў параўнанні з расейскаю. Такая вялікая залежнасць ад аднаго рынку, безумоўна, нясе рызыкі, і мы бачылі рэалізацыю гэтых рызык на валютным рынку: як толькі пачынаў вагацца расейскі рубель, гэта адразу ж адбівалася на беларускім».


Расея не толькі галоўны спажывец беларускіх тавараў, але і крытычна важны транзіцёр нашага экспарту. Улады спрабуюць знайсці новыя рынкі, але гэта ўсё «далёкая дуга», а прасцей гандляваць з суседзямі.


«Вельмі важна, каб была супрацьвага ў супрацы, той жа Еўразвяз, каб можна было пераарыентавацца дый проста каб такой залежнасці ад аднаго рынку не існавала ў прынцыпе: напрыклад, калі расейскі рынак прасядае, пераключаемся, больш актыўна пачынаем працаваць з Еўропаю, з Украінаю – у ідэале. Каб не было такой жорсткай узаемасувязі, што калі расейскія ўлады пастанавілі запаволіць эканоміку, то і ў Беларусі, значыць, будзе запавольвацца», – сказала экспертка цэнтру BEROC.

Будынак заводу «Гарызонт» у Менску, Беларусь. 18 чэрвеня 2019 года. Фота: Pierre Crom/Getty Images
Будынак заводу «Гарызонт» у Менску, Беларусь. 18 чэрвеня 2019 года. Фота: Pierre Crom/Getty Images

У сітуацыі вайны і шалёнага попыту ў Расеі пасля сыходу шмат якіх кампаніяў Беларусь пачала дзеяць паводле прымаўкі «касі, каса, пакуль раса». І, вядома, пачала зарабляць на расейскай агрэсіі. Нашыя прадпрыемствы і да канфлікту ва Украіне выконвалі замовы абароннага комплексу Расеі, узгадаць хаця б Менскі завод колавых цягачоў, што яшчэ з савецкіх часоў вырабляе шасі для ракетных комплексаў.


З пачаткам уварвання попыт на прадукцыю, звязаную з войскам, павялічыўся, і Беларусь гэтым скарысталася.


Падлічыць, колькі Беларусь зарабіла на вайне, амаль немагчыма, прызнае Настасся Лузгіна. Для гэтага патрабуецца вывучыць ледзь не кожны кантракт, бо існуюць тавары двайнога прызначэння, напрыклад, мікрасхемы, якія патрабуюцца і для электронных прыладаў, і для ракетаў. Ці ўзяць, напрыклад, грузавікі: калі машынаю развозіць брыкет па вёсках – гэта адно, а калі везці жаўнераў на фронт – гэта ўжо можна лічыць заробкам на вайне.


«Такіх лічбаў няма, гэта ж трэба глядзець у кантрактах, што, каму і куды пастаўляецца. Нават калі будзе галіновая статыстыка экспарту – а куды яно канкрэтна пайшло, на якія праекты?» – разважае адмыслоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: трактор.бел

«BELPOL»: Усе прамысловыя прадпрыемствы Беларусі працуюць у інтарэсах абароннай сферы Расеі

навіны

Пры гэтым час ад часу з'яўляецца інфармацыя пра асобныя прадпрыемствы, што зарабляюць на вайне. Напрыклад, крыніца «Белсату» паведамляла пра філіял расейскай кампаніі «БТК Груп» у Берасці, дзе кругладзённа шыюць адзенне для расейскіх жаўнераў. У супрацы з расейскім ваенпрамам абвінавачвалі менскую фірму «Рухсервамотар», якая вырабляе камплектавальныя, што выкарыстоўваюцца ў расейскіх танках.


Некаторыя беларускія прадпрыемствы за супрацу з расейскай «абаронкаю» трапляюць пад заходнія санкцыі, як, напрыклад, рагачоўскі завод «Дыяпраектар» і Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб'яднанне парашковай металургіі. 


Арганізацыя былых сілавікоў «BELPOL» наагул сцвярджае, што ўсе прамысловыя прадпрыемствы Беларусі працуюць у інтарэсах абароннай сферы Расеі.


Зрэшты, Беларусь, зрабіўшыся суагрэсаркаю і атрымаўшы санкцыі, фактычна не мела выбару, акрамя як кінуцца ў расейскія абдымкі.


«З улікам таго, у якой сітуацыі апынулася беларуская эканоміка, Расея аказалася палачкай-выручалачкай, без якой вырасці было б цяжка», – падсумавала Лузгіна.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10