Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1078 дзён. Калі і набліжаецца да заканчэння, то вельмі павольна, а тым часам Расея кідае на фронт усё новыя сілы – цяпер нават конніцу. «Белсат» расказвае, што вядома на 5 лютага.
Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны за мінулы дзень налічыў толькі 85 баявых сутыкненняў. Гэта ўсё яшчэ шмат, аднак у студзені звычайна фіксавалі паўтары сотні баёў – апошнімі днямі інтэнсіўнасць спадае. Крыху змяншаюцца і штодзённыя страты Расеі, якія фіксуюць ЗСУ: за мінулы дзень налічылі 1140 забітых або цяжка параненых. Маніторынгавы праект «DeepState» заўважыў, што інтэнсіўнасць расейскіх атак змяншаецца ўжо тыдзень.
Найбольш баёў па-ранейшаму на пакроўскім кірунку. Як адзначае амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), прасоўвання за мінулы дзень на гэтым кірунку не заўважылі, Украіна адбівае атакі. Але Пакроўск застаецца пад пагрозай. Расейскія войскі пад Пакроўскам ужо менш выкарыстоўваюць цяжкую тэхніку, часцей ужываюць цывільныя аўтамабілі, матацыклы і багі. Расейскія медыі тым часам хваляцца, што на вайне выкарыстоўваюцца нават коні, бо на іх салдаты менш рызыкуюць быць выяўленымі.
Расея працягвае і штодзённыя абстрэлы Украіны – як пазіцыяў вайскоўцаў, так і энергетычнай сістэмы і нават мірных жыхароў. За мінулы дзень ЗСУ зарэгістравалі два ракетныя і 76 авіяцыйных удараў 124 кіраванымі авіябомбамі, звыш за 5300 абстрэлаў, з іх 81 – з рэактыўных сістэмаў залпавага агню, а таксама выкарыстанне 2711 дронаў-камікадзэ.
Паветраныя сілы паведамілі, што за мінулы дзень Расея запусціла дзве ракеты «Іскандэр-М» і 104 дроны тыпу іранскіх «Shahed», збіць удалося 57 дронаў, яшчэ 42 БПЛА былі «лакацыйна страчаныя» без наступстваў. Пад удары, сярод іншага, трапілі Харкаў і Херсон.
Выбух адбыўся таксама ў Камянцы-Падольскім каля тэрытарыяльнага цэнтру камплектавання. Падобна, гэта быў тэракт: выбухнула торба, якую прасілі перадаць вайскоўцу. Загінуў чалавек, які прынёс торбу, параненыя чатыры асобы.
Ёсць і добрыя навіны: Расея і Украіна пры ўдзеле Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў абмяняліся палоннымі. Ва Украіну вярнуліся 150 вайскоўцаў, а 150 расейскіх вайскоўцаў, як паведаміла Міністэрства абароны РФ, былі перададзеныя ў Беларусь. Некаторыя ўкраінцы, якія вярнуліся на радзіму, правялі ў палоне больш за два гады.

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп 2 лютага заявіў, што вядзе перамовы з Расеяй і Украінай – і што гэтыя перамовы ідуць «даволі добра». Гэткую заяву ён паўтарыў 4 лютага: трываюць «вельмі канструктыўныя» размовы. Расея 5 лютага пацвердзіла, што кантакты з ЗША на тэму Украіны «інтэнсіфікаваліся».
Іншых дэталяў, а тым больш планаў мірных перамоваў, не паведамляюць. Расея па-ранейшаму сцвярджае, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі «нелегітымны» і «не гатовы да перамоваў». Той у сваю чаргу нагадвае Расеі, што пад кантролем Украіны застаецца частка Курскай вобласці і што Расея там нясе значныя страты. Зяленскі іранізуе: маўляў, яшчэ паглядзім, якія ўмовы будуць у Расеі наконт Куршчыны, калі «мы дойдзем да дыпламатычнага ўрэгулявання вайны».
Зяленскі тым часам дапускае правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў толькі пасля сканчэння гарачай фазы вайны і скасавання ваеннага становішча. А ваеннае становішча і мабілізацыя працягнуцца ва Украіне прынамсі да 9 траўня – адпаведныя ўказы Зяленскі падпісаў 5 лютага.
У Расеі мабілізацыі таксама не спынялі, але праводзіць новую хвалю масавай мабілізацыі ці набору рэзервістаў пакуль не адважваюцца, адзначае ISW. Інстытут назіраў, што ў канцы 2024 і пачатку 2025 года тэмпы набору ў расейскае войска былі ніжэйшымі за неабходныя для кампенсацыі стратаў.
У Беларусі ваеннаабавязаныя апошнім часам пачалі раптоўна атрымліваць позвы ў ваенкамат, але ваенкамы тлумачаць гэта правяраннем боегатовасці, якая пачалася 3 лютага. Абяцаюць, што правяранне будзе ўключаць практычныя дзеянні і вучэнні рознага маштабу, а не «сумныя лекцыі».
Украіна за час поўнамаштабнай вайны страціла забітымі 45 100 чалавек, расказаў Зяленскі ў адным з нядаўніх інтэрв’ю. Расейскія страты толькі забітымі Зяленскі ацаніў як 350 000 чалавек. Выпадкаў ранення ва Украіне налічылі 390 000, але колькасць параненых меншая: адзін чалавек мог атрымліваць раненні некалькі разоў. Больш за 19 500 украінскіх дзяцей было вывезена на тэрыторыю Расеі.
Алесь Наваборскі belsat.eu