Ці працуюць санкцыі супраць Беларусі? Ці трэба ўводзіць іх яшчэ больш? Якія з абмежаванняў сталі найбольш адчувальнымі для беларускай эканомікі? Задалі гэтыя пытанні прадстаўніку арганізацыі былых сілавікоў «BELPOL» Уладзіміру Жыгару.
«Каб адчуць эфект ад санкцыяў, мае прайсці час»
Заходнія санкцыі супраць Беларусі адназначна працуюць, перакананы Уладзімір Жыгар, але праблема ў тым, што шмат людзей думае, нібы эфект пасля ўвядзення абмежаванняў мусіць з’явіцца практычна імгненна.
,,«Не, так гэта не працуе, – кажа прадстаўнік «BELPOL». – Каб адчуць эфект ад санкцыяў, трэба, каб прайшоў пэўны час. Акрамя таго, трэба разумець, што санкцыі, якія ўводзіліся ў 2020–2022 гадах, былі санкцыямі дзеля санкцыяў, палітычнымі, і каэфіцыент іх карыснай дзейнасці быў невялікі. Напрыклад, якога выніку мы чакаем ад санкцыяў супраць ЦІП на Акрэсціна?»
Сапраўдныя, жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі распачаліся толькі ў канцы 2022-га – у 2023 гадах, калі пачалі ўводзіць эканамічныя абмежаванні не толькі ў дачыненні буйных кампаніяў кшталту БелАЗу, МАЗу і да т. п., але і супраць больш дробных, але вузлавых фірмаў, мяркуе Жыгар.
«На такіх кампаніях шмат што перакрыжоўваецца. Напрыклад, пачалі ўводзіць санкцыі супраць фірмаў-пракладак, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі, камерцыйных структураў, якія абыходзяць санкцыі, у тым ліку ў інтарэсах Расеі, бо бяруць удзел у пастаўках розных тавараў, у тым ліку ваеннага прызначэння, на прадпрыемствы, якія базуюцца і належаць Расеі», – кажа прадстаўнік «BELPOL».
Цягам апошніх двух гадоў праца наконт увядзення санкцыяў супраць Лукашэнкі і ягоных памагатых зрабілася больш сістэмнаю, структураванаю, не такою хаатычнаю, як адразу пасля выбараў 2020 года, мяркуе Уладзімір Жыгар. У цяперашніх санкцыяў вышэйшы каэфіцыент карыснага дзеяння, і ён больш павольна падае.
«Беларусь ператвараецца ў зборачны цэх для вайны Расеі супраць Украіны»
Аднымі з найбольш адчувальных санкцыяў Жыгар лічыць абмежаванні супраць «Беларуськалію» і агулам сектаральныя. Таксама моцна па сістэме Лукашэнкі ўдарылі апошнія эканамічныя санкцыі, праз якія ланцужкі дастаўкі прадукцыі ў Беларусі сталі даўжэйшымі і даражэйшымі. У выніку становіцца менш кампаніяў, нават у Кітаі і Манголіі, гатовых працаваць з прадпрыемствамі ў Беларусі, бо гэта можа пагражаць другаснымі санкцыямі. Таксама праз пагрозу другасных санкцыяў узнікла яшчэ адна праблема для сістэмы – немагчымасць фінансавых аперацыяў нават з лаяльнымі да Беларусі дзяржавамі.
Праз санкцыі моцна пацярпела нацыянальная авіякампанія «Белавія» – у яе цяпер праблемы з запаснымі часткамі і з закупам новых самалётаў. У той час як амерыканскія і еўрапейскія вытворцы не прадаюць Беларусі нават старых лайнераў, расейскі «Аэрафлот» імкнецца зарабіць на сітуацыі безвыходнасці нашай краіны і сур’ёзна завышае кошты на свае самалёты.
У якасці яшчэ аднаго прыкладу дзеяння санкцыяў былы сілавік прывёў кампанію «Shenzhen 5G High-Tech Innovation», якая трапіла ў санкцыйныя пакеты Японіі, ЗША і Еўразвязу і пра якую «BELPOL» расказваў у сваіх расследаваннях.
Абмежаванні супраць гэтай кампаніі прывялі да прыпынення працы некаторых беларускіх прадпрыемстваў на некалькі месяцаў, бо спатрэбілася выбудоўваць новыя лагістычныя ланцужкі, знаходзіць новых партнёраў і абыходзіць санкцыі так, каб не трапіць пад другасныя санкцыйныя абмежаванні ЗША. А другасных санкцыяў ЗША баяцца ўсе, хто працуе з беларускімі прадпрыемствамі, і таму санкцыяў павінна станавіцца больш, мяркуе Жыгар.
,,«На жаль, цяпер усе прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці Беларусі і ўсе, што ўваходзяць у вайскова-прамысловы комплекс, а таксама некалькі сотняў камерцыйных структураў працуюць як дзеля абыходу санкцыяў не толькі Беларуссю, але і Расеяй, а таксама ў інтарэсах дзяржаўнай абароннай сферы Расеі, – кажа наша суразмоўца. – Гэта вялізная колькасць прадпрыемстваў і вялізная колькасць людзей, якія там працуюць. На жаль, цяпер Беларусь ператвараецца рукамі Лукашэнкі ў зборачны цэх, які пастаўляе сваю прадукцыю ваеннага прызначэння ў Расею, і потым гэтая прадукцыя ідзе на фронт».
Найбліжэйшым часам «BELPOL» абяцае прэзентаваць новы матэрыял «Зброевы барон 2», у якім будзе дэталёва апавядацца «пра яшчэ адну частку дапамогі рэжыму Лукашэнкі Расеі ў вайне супраць Украіны».
Супраць Беларусі цяпер дзеюць каля 1500 розных санкцыйных абмежаванняў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu