Аналітыка

Золатавалютныя рэзервы дзяржавы абнавілі рэкорд дзякуючы беларусам

img
Новыя 100-доларавыя купюры ў Бюро грававання і друку. Вашынгтон, ЗША. 20 траўня 2013 года. Фота: Mark Wilson/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У золатавалютных рэзервах Беларусі цяпер $ 11,158 млрд, і гэта новы гістарычны максімум. За травень яны выраслі на $ 215,7 млн. Эканамістка Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», што ў дзяржаўны скарб трапіла ў тым ліку валюта, якую здалі беларусы.

Паводле папярэдніх звестак Нацыянальнага банку на 1 чэрвеня, золата ў дзяржаўных рэзервах – на $ 5,7 млрд (мінус $ 47 млн у параўнанні са звесткамі на 1 траўня), а валюты – на $ 4,1 млрд (плюс $ 215,7 млн).


Змяненні ў золаце могуць быць звязаныя з ваганнем цаны гэтага металу на сусветным рынку або з яго купляю ці продажам Нацбанкам. З 2022 года рэгулятар не раскрывае агульнай масы золата ў рэзервах, таму немагчыма дакладна казаць, чаму змяняецца ягоны кошт у доларавым вымярэнні.

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pvproductions / Freepik

Золатавалютныя рэзервы Беларусі дасягнулі гістарычнага максімуму. За кошт чаго?

Што датычыць замежных грошай, то Нацбанк адкладае ў скарб валюту, якую здаюць фізічныя асобы і кампаніі.


Цягам траўня беларусы прынеслі ў абменнікі валюты на $ 1,2 млрд, а купілі – на $ 1 млрд. Розніца акурат пайшла ў рэзервы, сказала «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.


Беларускія кампаніі за месяц колькі купілі валюты, амаль столькі і прадалі, а фірмы-нерэзідэнты традыцыйна здалі больш, як купілі. У выніку ў траўні прапанова на ўнутраным рынку перавысіла попыт на $ 431,7 млн.


«Лішак у тым ліку пайшоў у золатавалютныя рэзервы, якія, асабліва апошнія некалькі месяцаў, актыўна павялічваюцца», – канстатавала экспертка.


Золатавалютныя рэзервы неабходныя, напрыклад, для вяртання дзяржаўных пазык, аднак цяпер, як той кажа, не гарыць:


«Еўрааблігацыі мы нібыта пагашаем у беларускіх рублях, а Расея дае адтэрміноўкі плацяжоў, адпаведна, зніжаецца нагрузка на золатавалютныя рэзервы».


Яшчэ Нацбанк можа прыходзіць з валютаю на біржу, каб «затушыць пажар» у выпадку істотнага росту попыту: грошы са скарбу абароняць курс рубля ад рэзкіх ваганняў.


«Калі ва ўмовах адмоўнага гандлёвага сальда, што будзе расці, будзе назірацца дэфіцыт валюты на рынку, Нацбанк можа выступаць у якасці прадаўца», – кажа эканамістка.


Вось чаму дэфіцыт вонкавага гандлю, з якога Беларусь не можа выкараскацца ўжо 7 месяцаў запар, называюць праяданнем валюты.


На пытанне, чаму беларусы апошнім часам больш прадаюць валюты, як купляюць, Лузгіна адказала, што збольшага людзі прызвычаіліся захоўваць ашчаджэнні ў доларах, а амерыканская валюта таннее. Вось грамадзяне і шукаюць, куды б яшчэ ўкласціся:

,,

«Людзі пераймаюцца, што ашчаджэнні абясцэньваюцца. Мала таго, што нізкія стаўкі валютных дэпазітаў, дык яшчэ долар падае да рубля ўжо не адзін месяц. Таму, хутчэй за ўсё, тыя, хто маюць пэўныя ашчаджэнні, намагаюцца іх неяк дыверсіфікаваць, укласціся ў іншыя інструменты, каб шмат не страціць».


Суразмоўца «Белсату» пры гэтым адзначыла, што разам з продажам валюты фізічнымі асобамі вырасла і купля:


«Няма ж такога, што ўсе пабеглі ў абменнікі здаваць валюту. За месяц вырасла і купля валюты. Напрыклад, нехта адпачынак плануе і мае ў ёй патрэбу».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10