У Беларусі пачаліся пазапланавыя правяранні ў сферы будаўніцтва. Адбылося гэта пасля здарэння на будаўнічай пляцоўцы гандлёвага цэнтру ў Берасці. Падрабязнасці праверак паведамілі на СТВ.
Паводле тэлеканалу, у выніку правяранняў спынілі будаўніцтва бізнес-цэнтру ў Горадні – там падчас выпрабаванняў з’явіліся расколіны кансоляў, што надалей магло б выклікаць абвальванне пабудовы. Як заяўляецца, лідскія будаўнікі не вярталі дэфектных будматэрыялаў заводам, а проста замазвалі расколіны растворам.
«Тут віна ўзаемная. Будаўнікі не павінныя былі пры ўваходным кантролі дапусціць у мантаж гэтыя канструкцыі. Пры паступленні матэрыялаў мусіў быць вытворца работ, паглядзець, выявіць дэфекты, выклікаць прадстаўніка, скласці дэфектны акт і вывезці гэтыя канструкцыі з аб'екту. Віна яго, што ён ажыццявіў мантаж. А заводу – праз няякасную прадукцыю», – заявіў намеснік начальніка інспекцыі Дзяржбуднагляду ў Гарадзенскай вобласці Уладзімір Гаціла.
Гэтае і іншыя правяранні ў Беларусі сталі адказам на здарэнне ў Берасці, дзе 1 чэрвеня на месцы будаўніцтва офісна-гандлёвага цэнтру абрынуліся апалубка і арматурны каркас аб'екту, што будуецца. Абышлося без пацярпелых.
,,«Папярэднія вынікі паказалі, што адбылася раптоўная страта ўстойлівасці апалубачнай сістэмы з прычыны няправільнай яе ўстаноўкі і замацавання. Службовыя асобы, вінаватыя ў дадзеным інцыдэнце, будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці», – расказаў начальнік інспекцыі Дзяржбуднагляду ў Берасцейскай вобласці Уладзімір Жаўнярэвіч.
Нагадаем, што ўначы на 1 траўня ратавальнікі ліквідавалі загаранне ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску. Гэта быў ужо другі пажар у гандлёвым цэнтры гораду за паўгода. 13 снежня 2024 года пажар адбыўся ў ГЦ «Беларусь».
Якуб Хруст belsat.eu