навіны

Пенсіянерам, якія працуюць, пастанавілі вярнуць поўныя пенсіі. Чаму цяпер і адкуль узяць на гэта грошы?

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пенсіянеры. Фота: Pxhere.com, CC0
podpis źródła zdjęcia

Лукашэнка паабяцаў вярнуць пенсіянерам, якія працуюць, поўныя пенсіі. Абяцаў і іншыя, але менш канкрэтныя, захады ў сацыяльным падтрыманні. З чаго б гэта і ці ёсць на гэта грошы?

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Кристина Кормилицына / РИА Новости

Лукашэнка заявіў, што беларусам не відаць падтрымання, якое ў Нямеччыне маюць мігранты

навіны

Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка слухаў даклад пра сацыяльнае падтрыманне насельніцтва і паабяцаў дадатковую дапамогу «ўразлівым групам насельніцтва, як мы іх называем», перадае БелТА. Гаворка пра пенсіянераў, інвалідаў, дзяцей-сіротаў.

,,

«Нашая эканоміка дае магчымасць скіраваць больш грошай менавіта ў гэтую сферу, што мы і робім, – казаў Лукашэнка. – Але я ўжо некалькі разоў казаў: і перабору тут быць не павінна».


Канкрэтыкі пакуль мала: Лукашэнка агулам падтрымаў праект указу аб сацыяльным спрыянні, але выслаў дакумент на дапрацоўванне. Аднак некаторыя дэталі расказала міністарка працы Наталля Паўлючэнка.


Што наабяцалі


• Зняць абмежаванне на памеры пенсіяў для пенсіянераў, якія працуюць. Пакуль, калі пенсіянер працуе, яму выплачваюць няпоўную пенсію пры пэўным памеры заробку. 


• Разлічваць пенсію толькі з 30 гадоў мінулай працы, як цяпер, і не падвышаць гэты тэрмін на год штогод, каб пазбегчы лішніх папяровых даведак, а лічыць на падставе звестак базы Фонду сацыяльнай абароны, якую запаўняюць з 2003 года.


• Змяніць у лепшы бок умовы для шматдзетных і тых, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў. Гэтак, калі маці выхоўвае дзіця-інваліда, а бацька памёр, збіраюцца дазволіць атрымліваць павышаную сацыяльную пенсію, да Br 1000. Таксама збіраюцца дазволіць датэрміновы выхад на пенсію не толькі для маці дзяцей-інвалідаў, але і для бацькоў.


• Дазволіць платную (за 6–8 рублёў) дастаўку пенсіі праз пошту ці на дом для тых, каго абавязваюць атрымліваць пенсіі праз банкі.


• Яшчэ нейкім чынам падтрымаць шматдзетных, спрасціць працэдуру звароту па пенсію, узмацніць адрасную дапамогу.


Чаму нарэшце дайшлі да поўных пенсіяў тым, хто працуе?


Міністарка працы расказала, што рэформа з абмежаваннем на пенсію датычыць 110 тысячаў чалавек пенсійнага веку, якія цяпер атрымліваюць няпоўную пенсію праз тое, што працуюць. Агулам працуюць 446 тысяч асобаў пенсійнага веку. Гэта 21,5 % ад усіх пенсіянераў, якіх у Беларусі 2,07 млн – пра гэта нядаўна выпадкова прагаварылася намесніца міністаркі працы, хоць звесткі пра гэта засакрэцілі.

Праз зняцце абмежавання на пенсіі тым, хто працуе, Лукашэнка збіраецца «вярнуць пенсіянераў на рынак працы». Ды збіраецца ўжо некалькі месяцаў, а прасілі яго пра гэта ўжо амаль два гады. Пакуль ўказу так і не падпісалі, хоць колькасць вакансіяў у Беларусі расце, а колькасць працаўнікоў змяншаецца


На думку палітычнага аглядальніка радыё «Свабода» Валера Карбалевіча, логіка ўладаў зразумелая:

,,

«Пачынаецца перадвыбарчая кампанія – і ўлады робяць тое, што на мове паліттэхнолагаў называецца раздачаю сланоў. То бок раздача нейкіх сацыяльных дабротаў, з дапамогай якіх трэба купляць лаяльнасць грамадства».


Гэтыя захады часткова маюць рацыянальны сэнс, адзначае ён. Працоўнай сілы сапраўды не стае, а эканамісты звяртаюць увагу на тое, што заробкі растуць хутчэй, чымся расце прадукцыйнасць працы – і хутчэй як дазваляюць эканамічныя ўмовы суб’ектаў гаспадарання. Таму даводзіцца «хапацца за працоўную сілу». Адтуль і ідэя плаціць пенсіянерам, якія працуюць, поўную пенсію – і гэта, паводле Карбалевіча, адначасова і рацыянальнае рашэнне ў цяперашняй дэмаграфічнай сітуацыі, і перадвыбарчы крок, каб купіць лаяльнасць.


Гэта сур’ёзнае павелічэнне падтрымання?


Намесніца прадстаўніцы ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Ірына МакЛейн у каментары «Белсату» падкрэслівае, што «сацыяльнае падтрыманне» ў Беларусі – не дапамога, а кантроль уразлівых групаў. 

,,

«Пенсію не атрымліваюць, пенсію зарабляюць, – падкрэслівае МакЛейн. – Калі мы кажам пра фактуру сацыяльнай дзяржавы, якую нам прасоўвае Лукашэнка праз 30 гадоў, што пенсія, якую плаціць дзяржава, то гэта не так. Усе пенсіі мы зарабляем самі, а тым, хто не можа зарабіць, іншыя людзі са сваіх падаткаў плацяць».


Тое, што падаецца як «падтрыманне», выкарыстоўваецца для кантролю праз пагрозу адабраць тую дапамогу, мяркуе яна. 


Шмат якія пенсіянеры ў Беларусі вымушаныя працаваць, нагадвае МакЛейн. Гэта ў буйных гарадах пенсіі складаюць Br 600–700, а ў сельскай мясцовасці пенсіі – Br 200–300. З такімі пенсіямі людзі не могуць пайсці на заслужаны адпачынак.


Суразмоўца таксама згадвае, як чытала пра спрашчэнне бюракратыі з атрыманнем пенсіяў у рэгіёнах: «Замест 20 паперак трэба збіраць 11, каб пацвердзіць свой досвед».


А грошы на гэта ёсць? 


Лукашэнка падкрэсліваў, што «грошы ёсць», але «верталётных» – якія быццам хаатычна раскідваюць з верталётаў – не павінна быць. Ён таксама падкрэсліў, што сёлета ўжо двойчы падымалі пенсіі, на 10 % і на 5 %.


Кіраўнік ягонай адміністрацыі Аляксандр Ягораў запэўніваў, што грошы на прапанаваныя рэформы ёсць: у Фондзе сацыяльнай абароны (ФСАН) дастаткова сродкаў, каб зняць абмежаванні на выплаты пенсіянерам, якія працуюць. Праўда, той ФСАН рэгулярна дафінансоўваюць з іншых бюджэтаў. У праекце бюджэту на 2025 год у ФСАН збіраюцца дакінуць Br 1,97 млрд субвенцыямі з іншых крыніцаў. 

,,

«У межах той дзяржаўнай палітыкі, якая ёсць у Беларусі, перакласці грошы з адной дзяржаўнай кішэні ў другую дзяржаўную кішэнь няма ніякай праблемы», – тлумачыць Карбалевіч.


Камароўскі рынак. (Фота: Белсат)

«За банкет расплацяцца беларусы». Чаму расце эканоміка і заробкі – і ці надоўга гэта?

навіны

У Беларусі бюджэт «дастаткова гнуткі», заўважае ён: у нейкіх іншых краінах бюджэт – гэта жорсткі закон, які трэба выконваць або прыкладваць вялікія намаганні, каб той закон змяніць. У Беларусі ж перакідваць грошы з адных артыкулаў бюджэту на другія даволі проста, таму Карбалевіч не бачыць праблемы ў тым, каб «урад наскроб грошы» для ФСАН: «пытанне хутчэй тэхнічнае, чымся эканамічнае».


Тым часам беларуская эканоміка расце, не зважаючы на санкцыі. Эканамісты тлумачаць гэта аднаўленнем попыту на расейскім рынку, хуткім ростам заробкаў пры рэгуляванні цэнаў, мяккай манетарнай палітыкай і адноснаму аптымізму насельніцтва адносна ўласнага фінансавага становішча.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10