навіны

Былы навучэнец Менскага каледжу мастацтваў абвінаваціў выкладчыка ў сексуалізаваным гвалце

img
Выкладчык Менскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў Анатоль Карповіч. Фота: мгки.бел
podpis źródła zdjęcia

Былы студэнт Менскага каледжу мастацтваў Арцём Каўрыга заявіў, што падчас навучання, калі яму было 15 гадоў, ён зазнаў сексуалізаваны гвалт ад выкладчыка Анатоля Карповіча. Абвінавачаны сцвярджае, што «нічога там не было».

Арцём Каўрыга, якому цяпер 30 гадоў, жыве ў Сан-Дыега ў ЗША. Пра сваю гісторыю ён апавёў у Instagram, на публікацыю звярнула ўвагу выданне «Зеркало».


Як расказвае хлопец, ён паступіў у Менскі каледж мастацтваў у 2009 годзе на аддзяленне народнай харэаграфіі. На той момант яму было 15 гадоў. Гэтым аддзяленнем тады кіраваў Анатоль Карповіч.


«Пасля чарговай рэпетыцыі ў ягоным ансамблі "Белая Русь" у адзін з вечароў ён папрасіў дапамагчы і адвезці нейкія канцэртныя строі да яго дадому. Я паехаў, і аказалася, што там ужо гатовая нейкая вячэра, стаіць каньяк. Ён мяне запрашае паесці і поіць гэтым каньяком», – расказвае Арцём.


Ён прызнаецца, што тады лёгка паддаваўся на маніпуляцыі, не ведаў, як усё гэта спыніць, яму было страшна, «усё, што я мог, – рабіць тое, што скажуць».

Арцём Каўрыга. Фота: artemkauryha / Instagram
Арцём Каўрыга. Фота: artemkauryha / Instagram

У пэўны момант мужчына сілаю пацалаваў падлетка, прапанаваў рабіць яму масаж і заняцца аральным сексам.


Чым скончыўся той эпізод, хлопец не ўдакладніў, аднак сказаў, што пазней выкладчык прапанаваў заняцца сексам проста ў каледжы:

,,

«Я адказаў катэгарычным "не", і тут ён пачаў пагражаць, што пра мяне ўсе даведаюцца, што мяне будуць буліць і аднагрупнікі, і ўсе астатнія, што сям'я пра мяне даведаецца і ў мяне будуць велічэзныя праблемы ў каледжы».


Падлетак тады здолеў пазбегчы гвалту, сказаўшы, што «дзе заўгодна, толькі не тут, не ў кабінеце».


Са словаў Арцёма, няладнае заўважыла толькі адна выкладчыца каледжу, яна папярэдзіла куратарку групы, што паміж студэнтам і педагогам адбываецца нешта нядобрае. Куратарка, відаць, пастанавіла пазбегчы розгаласу:

,,

«Замест таго, каб паразмаўляць з Карповічам або дырэктарам навучальнай установы, ідзе да мяне і кажа: "Ты ж ведаеш, што такія плёткі ходзяць, я спадзяюся, паміж вамі нічога няма? Не на маім курсе толькі". Адкрывацца ёй я не стаў, бо і без таго адчуваў сябе зняважаным і брудным».


Хлопец прызнаецца, што ў той момант быў у цяжкім працэсе прыняцця сваёй гомасексуальнасці, падумаў, што сам вінаваты ў тым, што адбылося.

Чытайце таксама:
Жанчына прымае ўдзел у дэманстрацыі з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын у Парыжы, Францыя. 25 лістапада 2023 года. Фота: Geoffroy Van Der Hasselt / AFP / East News

«Не магла знайсці працу, таму працягвала трываць». Як беларускі сутыкаюцца з харасментам за мяжой

Тады ён пастанавіў пайсці з каледжу, давялося прыцягнуць бацькоў, якім таксама не змог расказаць праўды. Схлусіў, што проста перастала падабацца вучоба.


Аднак кіраўнік ансамблю, дзе Арцём танчыў да каледжу, пераканаў падлетка вярнуцца: «Я не змог супрацьстаяць ягонаму аўтарытэту і пайшоў аднаўляцца з умоваю не наведваць ансамбль Карповіча».


Тады выкладчык «актывізаваўся зноў», а з навучэнцам перасталі мець зносіны куратарка і некаторыя аднакурснікі. У выніку падлетак перастаў хадзіць на вучобу і яго адлічылі за непаспяховасць.


Хлопец цяпер заклікаў звольніць выкладчыка. Кажа, што ахвяраў багата:

,,

«Я такі, на жаль, не адзін, такіх хлопцаў шмат. Я не буду называць імёнаў, гэта не мая справа. Гэтая асоба, Карповіч, працаваць у каледжы больш не можа».


Ён засцярог навучэнцаў і бацькоў абітурыентаў і заклікаў пацярпелых ад гвалту звязвацца з ім:

,,

«На жаль, так атрымалася, што я і сам не здолеў сябе абараніць, і адказнага дарослага вакол не знайшлося, які мог бы гэта зрабіць. Цяпер гэта адна з матывацыяў, чаму я гэта ўсё цяпер расказваю. Я вырас і прыйшоў абараняць сябе».


На аповед Арцём наважыўся пасля двух гадоў працы з псіхолагам.


Анатолю Карповічу цяпер 62 гады. На старонцы каледжу пазначана, што ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і ганаровым знакам «Выдатнік адукацыі».


«Зеркало» піша, што Карповіча адхілілі ад сёлетняй прыёмнай кампаніі.


«Я быў у каледжы ў дырэктара. Я не бяру ўдзелу ў гэтай кампаніі. Дырэктар сказаў мне: "Мы вас знімем з прыёмнай кампаніі, каб не было пярэчанняў і бацькі не моцна пераймаліся гэтым". Уважайце, што мяне няма», – сказаў мужчына.


Абвінавачванні ў гвалце ён адхіляе:

,,

«Нічога там не было. Я вам магу шчыра сказаць: гэта няпраўда. На прыёмных іспытах мяне дакладна не будзе, а далей – жыццё пакажа. Не ведаю, чым гэта скончыцца. Нечым гэта некалі заканчваецца. Ну вось бываюць такія непрыемныя моманты ў жыцці. Я не магу нічога сказаць. Нават не маю з гэтай нагоды ніякіх каментароў».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10