навіны

Лукашэнка заявіў, што беларусам не відаць падтрымання, якое ў Нямеччыне маюць мігранты

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Кристина Кормилицына / РИА Новости
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Кристина Кормилицына / РИА Новости
podpis źródła zdjęcia

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка правёў нараду адносна сацыяльнага падтрымання насельніцтва. Галоўнай ідэяй выступу было тое, што грошай мала, іх трэба даваць адрасна.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліў, што ў пытанні сацыяльнага падтрымання ўразлівых катэгорыяў грамадзянаў «перабору» быць не павінна. 

«Мы павінны, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні, заўсёды разумець, у якой мы сітуацыі. І абавязкова разумець, што можам мы сёння прымаць, што не можам. І, самае галоўнае, ці выканаем мы гэта», цытуе палітыка ягоная прэс-служба.

Напрыклад, кажучы пра падтрыманне шматдзетных, Лукашэнка заявіў, што «падыход павінен быць дыферэнцыяваны» і «чохам тут працаваць нам нельга». Важна, каб такая дапамога была адрасная і трапляла таму, хто ў ёй насамрэч мае патрэбу — «„верталётных“ грошай быць не павінна». 

У прыватнасці, «шмат яшчэ сем’яў, якім наагул у рукі нельга даваць грошай, бо праз двое содняў гэтых грошай не становіцца, яны знікаюць, прапіваюцца, шчыра кажучы». І даручыў «устанавіць пэўны кантроль за пэўнымі сем’ямі».

Агулам Лукашэнка запатрабаваў узмацніць адраснасць сацыяльнай дапамогі. У якасці аргументацыі метадаў падтрымання ўласных грамадзянаў ён спаслаўся на тое, як у Нямеччыне ды іншых краінах Заходняй Еўропы «вялікімі грашыма» падтрымлівалі мігрантаў. 

,,

«Сёння спахапіліся. А адкруціць назад у такой магутнай краіне, як Нямеччына, цяжкавата. Дый сілы волі не стае ў пэўных палітыкаў», ‒ адзначыў ён, даручыўшы не заганяць сябе «ў гэтую» пастку».


Нагадаем, што на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі праект закону аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год. Згодна з ім, налета будуць расці выдаткі на нацыяльную абарону, судовую ўладу, праваахоўныя органы, запэўніванне бяспекі. Бюджэт на гэтыя сферы павялічыцца на Br 1,82 млрд у параўнанні з бюджэтам 2024 года.

На нацыянальную абарону хочуць выдаткаваць Br 4,73 млрд, а на судовую сістэму, праваахоўныя органы і запэўніванне бяспекі пойдзе Br 5,34 млрд. 

На ахову здароўя ў новым бюджэце прадугледжаныя Br 2,78 млрд, а на адукацыю закладаюць Br 2,18 млрд.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10