Аналітыка

«Сітуацыя крызісная». Чаму Лукашэнка пачаў абяцаць бізнесу «жорсткае падтрыманне»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камароўскі рынак, Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камароўскі рынак, Менск, Беларусь. 6 верасня 2021 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка раптам заявіў пра «жорсткае падтрыманне» прыватнага бізнесу. Пры гэтым ён адзначыў цяжкі стан краіны, пры якім усе павінны аб'яднацца. Прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч, кажа, што ў цяжкім стане сам Лукашэнка, а адна з хваляў лібералізацыі ўмоваў для бізнесу скончылася для самога Кныровіча турмой.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі дзяржаўны сцяг бачны на экране напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 25 студзеня 2025 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Валюта «выцякае» з краіны, але ці вінаватыя ў гэтым замежныя інвестары? Тлумачаць эксперты Аналітыка

Ад «блох» да сваіх

Беларускі бізнес звык чуць запалохванні і знявагі ад Аляксандра Лукашэнкі. Ён называў прадпрымальнікаў «вашывымі блохамі» і «пузатымі буржуямі», а сесці ў турму ў Беларусі за эканамічнае злачынства вельмі проста.

Пры гэтым на нарадзе з прыватным бізнесам 17 лютага Лукашэнка заявіў пра «жорсткае падтрыманне» бізнесу, пацікавіўся ў віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова, ці падтрымлівае цяпер урад бізнесы, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве «Адзін раён – адзін праект». Лукашэнка нават прапанаваў стварыць спіс «прыстойных бізнесменаў», да якіх правяранні будуць прыходзіць радзей, чым да іншых. Таксама казаў пра стварэнне роўных умоваў для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў.

«Мы прыватны сектар будзем падтрымліваць. Гэта маё асабістае стаўленне. Хто сумленна працуе, вобразна кажучы, тых будзем жорстка падтрымліваць. І вы толькі скажыце, хто вам перашкаджае, – галава адразу зляціць з любога, будзь ён у пагонах, без пагонаў ці дзяржаўны службовец. Толькі скажыце, але самі вы павінны быць чыстыя і празрыстыя, як шкло.



Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус у Менску, Беларусь. 25 студзеня 2025 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус у Менску, Беларусь. 25 студзеня 2025 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Вось адзінае, чаго я ад вас прашу. Ніхто ў вас бізнесу не адбярэ, ніхто вас нахіляць не будзе, дзяліць нешта не будзе. Гэта я вам гарантую. Але дзяржаўны інтарэс перш за ўсё. Я чалавек такі, але рэч не ў гэтым. А рэч у тым, што краіна ў такой сітуацыі, што мы можам выжыць, толькі сумленна мабілізаваўшыся», – сказаў Лукашэнка.

Наўзамен ён патрабуе быць сумленнымі, плаціць падаткі, не выводзіць грошай за мяжу, а яшчэ быць сацыяльна адказнымі – дапамагаць бедным.


Адкуль прыязнасць да бізнесу?


Нарада з бізнесам адбылася не таму, што Аляксандр Лукашэнка раптам змяніў сваё стаўленне да прадпрымальнікаў. Проста рост эканомікі з верасня запавольваецца, кажа прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.


,,

«За першае паўгоддзе мінулага года рост эканомікі быў 5,5 %, а скончылі мы з 4 %. Мы паступова спыняемся, а яшчэ ў нас велізарная дзірка ў вонкавым гандлі – мінус 1,3 мільярда долараў. Калі б не насельніцтва, якое прынесла валюту ў банкі, то мы б цяпер мелі курс зусім не 3,26 беларускага рубля за долар.

Гэтыя праблемы кажуць разумным людзям, якія ўсё яшчэ засталіся вакол Лукашэнкі, што калі ты не можаш прымусіць ААТ МАЗ прадаваць аўтобус, то ты павінен ісці да таго, хто ўмее працаваць. А гэта прыватны бізнес», – кажа Аляксандр Кныровіч.


Улады разлічваюць, што бізнес выправіць сітуацыю, таму абяцаюць палепшыць умовы працы. Аднак падобныя абяцанні ўжо былі.

«Я атрымліваю асалоду кожны раз, калі я чую пра дэкрыміналізацыю эканамічных злачынстваў. Таму што я гэта чуў апошні раз, якраз калі мяне саджалі [Аляксандра Кныровіча затрымалі ў Беларусі ў пачатку 2017 года, а ў 2018 годзе прысудзілі да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і дачы хабару. Пазней тэрмін скарацілі да 5 гадоў. – Заўв. рэд.]», – адзначае суразмоўца.

У лістападзе 2017 года з'явіўся дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які падпісаў Лукашэнка. Дакумент даручыў чыноўнікам змяніць Крымінальны кодэкс, значна змякчыўшы пакаранні за эканамічныя злачынствы. У тым ліку казалі пра «максімальную адмову ад прызначэння пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі за ўчыненне эканамічных злачынстваў».

«Гэта было напісана ў яго ж уласным дэкрэце. І пасля гэтага развіццё падзеяў пайшло проста ў процілеглы бок», – сказаў Кныровіч.

У 2022 годзе прадпрымальнікі ўжо траплялі за краты за тое, што паднялі кошты, калі Лукашэнка забараніў ім расці.


,,

«Да таго ж падаткі могуць мяняцца не толькі кожны год, але і проста пасярод месяца, як было з ПВТ, якому абяцалі іх зусім не мяняць да 2049 года. Я ўжо не кажу пра палітычны пераслед, кампаніі сілавікоў супраць пэўных рынкаў – гэта ўсё стварае ціск на бізнес. Прадпрымальнікі глядзяць на доўгачасовыя дзеянні, а не аднаразовыя словы, таму на іх абяцанні не падзейнічаюць», – працягвае Кныровіч.



Некаторыя абяцанні, напрыклад, пра роўныя з дзяржаўнымі прадпрыемствамі ўмовы, выглядаюць проста смешна.

«Роўныя ўмовы пачынаюцца, напрыклад, з роўнага фінансавання. У нас у МАЗ паўтара года таму чарговы раз укінулі 150 мільёнаў рублёў, таму што ён стратны. Ці можна сабе ўявіць беларускае прыватнае прадпрыемства, якое прыйдзе да Лукашэнкі і скажа: "Слухай, я стратны, дай мне 150 мільёнаў рублёў, а то мне тут нядобра"? Такое можа быць хіба што з "Амкадорам" Шакуціна, але гэта выпадак адзінкавы і звязаны з карупцыяй на высокім узроўні», – кажа Кныровіч.

Акрамя неканкурэнтнага размеркавання рэсурсаў, ёсць і маса іншых прыкладаў, у тым ліку дзяржаўныя закупкі, да якіх дапускаюць толькі «сваіх», адзначае ён.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выбірае сыр на прылаўку ў супермаркеце. Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выбірае сыр на прылаўку ў супермаркеце. Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2022 года. Фота: Contributor / Getty Images

Інфляцыя і скачкі валютаў ужо на гарызонце

Лукашэнка падкрэсліў, што «краіна ў такой сітуацыі, што мы можам выжыць, толькі сумленна мабілізаваўшыся». Аляксандр Кныровіч кажа, што ў «такой сітуацыі» сам Лукашэнка, які і давёў эканоміку да трывожнага стану.


,,

«У яго ёсць толькі начальнік у Крамлі, 70 % яго эканомікі завязаныя на Расею, і там яна прагульвае рынак, і ў самой эканоміцы Расеі вызначаюцца вялікія праблемы. А ніякай іншай магчымасці ў нас няма, таму што мы з усімі пасварыліся. Ён загнаў сам сябе ў "такую сітуацыю" і цяпер кажа, што трэба ўсім разам выбірацца.

Што ж тычыцца непасрэдна сітуацыі, то эканоміка спыняецца. Адмоўнае гандлёвае сальда кажа пра тое, што не сёння, не заўтра, але на гарызонце праблемы з валютай», – працягвае прадпрымальнік.




Кныровіч нагадвае, што намеснік дырэктара навуковай працы НАН Аляксандр Гатоўскі летась выпусціў артыкул, у якім па сутнасці гаворыцца, што рэальнага росту ў беларускай эканоміцы няма, а толькі аднаўленне пасля 2022 года.

«Я рады, што там яшчэ застаюцца разумныя людзі. Ён напісаў, што ёсць галіны, якія цягнуць эканоміку ўверх. Вядома, не сказаўшы, што гэта звязана з Расеяй і вайной. І напісаў, што гандаль [раздробны] вырас коштам таго, што ў нас не хапае працоўных рук, таму заробкі былі павялічаныя непрапарцыйна росту эканомікі, цэны павінны былі вырасці, але ўтрымліваюцца. І калі мы не будзем нічога рабіць, то рост эканомікі далей будзе "каля нуля". А калі мы паспрабуем разганяць эканоміку коштам пустых грошай, то будзе толькі горш. Таму сітуацыя крызісная. Яна пакуль не выявілася ў канкрэтных паказніках – інфляцыі, валютных скачках і іншых паказніках падзення эканомікі, – але ўжо бачная на гарызонце», – заключае Аляксандр Кныровіч.


Арсэн Рудэнка belsat.eu 



больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10