Пагадненне аб пастаўках зброі на 110 млрд. USD было падпісанае падчас візіту ў Саудаўскую Аравію прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
«Гэта комплексная пастаўка, у якую ўваходзіць ваенная тэхніка, а таксама яе абслугоўванне, закліканая забяспечыць бяспеку ў доўгатэрміновай перспектыве для Саудаўскай Аравіі і краін Персідскага заліва перад тварам іранскай пагрозы. Гэта таксама ўзмоцніць магчымасці Саудаўскага каралеўства ўносіць уклад у барацьбу з тэрарызмам у рэгіёне, такім чынам зніжаючы нагрузку на амерыканскіх ваенных пры правядзенні аперацый», – гаворыцца ў заяве Белага дому, паведамляе «Голас Амерыкі».
Па словах Белага дому, падпісанае пагадненне дасць новыя магчымасці для амерыканскіх кампаніяў на Блізкім Усходзе і дапаможа стварыць «дзясяткі тысяч» новых працоўных месцаў у абароннай прамысловасці ЗША.
У здзелку ўвайшло пагадненне на суму 6 мільярдаў USD, у рамках якога ў Саудаўскай Аравіі будзе праводзіцца зборка 150-ці верталётаў Lockheed Martin Blackhawk.
Візіт Трампа ў Саудаўскую Аравію – гэта першы замежны візіт новага амерыканскага прэзідэнта пасля ўступлення на пасаду.
ІІ, паводле Голасу Амерыкі, belsat.eu