Усё менш тураў у Еўропу і больш азіяцкіх ды афрыканскіх напрамкаў: куды ляцець у адпачынак з Менску?


Вось-вось распачнецца лета – традыцыйны сезон адпачынкаў. З гэтай нагоды мы пацікавіліся, дзе сёлета беларусы змогуць аднавіць сілы і атрымаць новыя ўражанні, якія ёсць магчымасці для пляжнага адпачынку, куды цяпер ляцець прасцей і танней.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Офіс «Белавіі» ў Менску, Беларусь.
Фота: AP Photo / East News

Агульныя трэнды сезону-2024

Турыстычныя фірмы цяпер адразу папярэджваюць: арганізаваць адпачынак з выездам з Беларусі стала складаней. Па-першае, цяжка атрымаць шэнгенскую візу – некаторыя краіны яе проста не выдаюць, іншыя – на малыя тэрміны, робяць доўга. Акрамя таго, агулам ускладнілася лагістыка пералётаў з Беларусі, асабліва на вялікія адлегласці.

Прапановаў адпачынку ў Еўропе стала відавочна менш. Большасць – з вылетам ці выездам з суседніх сталіцаў: Вільні, Рыгі, Варшавы. У прапановах адразу пазначаецца: для турыстаў з візамі. Некаторыя турыстычныя агенцтвы гатовыя даваць візавую дапамогу – пераважна для паездак у Іспанію, Італію, Грэцыю, Балгарыю, аднак адразу папярэджваюць, што гарантыяў атрымання візы, асабліва шматразовай, не даюць.

Адначасова з «закрыццём» Еўропы, для беларусаў працягваюць адкрывацца новыя напрамкі – яшчэ летась стала магчыма паляцець з Менску ў Танзанію, сёлета – у Індыю.

Тым, хто арганізоўвае свой адпачынак самастойна, варта ўлічваць, што спіс маршрутаў, па якіх цяпер ляцяць самалёты «Белавіі», значна скараціўся. Цяпер гэта Стамбул (Турцыя), Дубай, Шарджа (ААЭ), Дэлі (Індыя), Тбілісі, Батумі, Кутаісі (Грузія), Астана (Казахстан), Ташкент (Узбекістан), Ерэван (Арменія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Масква, Санкт-Пецярбург і некалькі іншых буйных гарадоў Расеі. З замежных авіякампаніяў, якія ляцяць у Менск, засталіся расейскія, а таксама Узбекскія авіялініі, «AirChina» (Кітай), «FlyDubai» (ААЭ).

Інфаграфіка
Куды можна паехаць без візы з беларускім пашпартам? Мапа
2024.01.18 10:31

Еўропа

У еўрапейскія краіны беларускія турфірмы прапаноўваюць аўтобусныя экскурсійныя туры, але пераважна для турыстаў, у якіх ужо ёсць візы.

Пляжны адпачынак магчымы, напрыклад, у заўсёды папулярнай у беларусаў Іспаніі. Лагістыка – даезд аўтобусам з Менску ці самалёт з Варшавы або Вільні. Некаторыя турфірмы прапаноўваюць візавае падтрыманне. Тэрмін адкрыцця візы – 1 месяц. Кошты тураў у Іспанію на 7 начэй для аднаго чалавека з вылетам з Вільні ці Варшавы пачынаюцца з 690 еўраў (Br 2435).

Менскія турфірмы арганізоўваюць пляжны адпачынак у Балгарыі. Мы знайшлі тур на 14 начэй за Br 2335 для аднаго чалавека. Даезд – аўтобусам. Фірма абяцае дапамагчы з візаю.

Ёсць шмат прапановаў аўтобусных тураў з заездам у Балгарыю, Грэцыю, Вугоршчыну, Сербію з візавым падтрыманнем. Кошты – ад Br 1500. Калі маршрут будзе ўключаць Італію, кошт будзе вышэйшы – ад Br 2100.

Адпачынак у Грэцыі прапаноўваецца з вылетам з Вільні ці Варшавы, таксама абяцаецца візавае падтрыманне. Кошты – ад Br 1790 на 7 начэй (але гэта трохзоркавы гатэль, больш камфортныя – каля Br 3000).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі на моры на пляжы Алімас у Афінах, Грэцыя.
Фота: Thanassis Stavrakis / AP Photo / East News

Чатыры гады таму беларусы адкрылі Албанію: 12 чэрвеня 2020 года ў гэтую краіну паляцеў першы чартарны рэйс з Менску. Пляжны сезон у Албаніі працягваецца з чэрвеня да верасня. Беларусы могуць заставацца ў краіне 30 дзён без візы.

Цяпер беспасярэдніх рэйсаў з Менску ў Албанію няма. Беларускія турфірмы прапаноўваюць туры ў Дурэс з вылетам з Вільні ці Варшавы (трэба самастойна паклапаціцца пра візу). Кошты – ад Br 1970 і вышэй за чалавека на 7 начэй.

Мы знайшлі таксама тур у Албанію, Грэцыю і Паўночную Македонію з вылетам з Менску праз Стамбул на 11 начэй. Каштуе Br 3293 за чалавека, набыць можна на кастрычнік 2024 года.

Каўказ і Сярэдняя Азія

Сёлета можна знайсці шмат прапановаў тураў у Азербайджан. Яшчэ некалькі гадоў таму гэтую краіну як кірунак для адпачынку беларусы не разглядалі, хоць яна даволі цікавая, а каб яе наведаць, беларусам не патрэбная віза.

Сярод тураў у Азербайджан можна знайсці пакет на 8 начэй у чэрвені з адпачынкам на Каспійскім моры ў горадзе Сумгаіт. Кошт – ад Br 2300 за аднаго чалавека (уключаны пералёт, гатэль са сняданкамі за 30 метраў ад пляжу). Сумгаіт – былы буйны прамысловы горад. Цяпер большасць заводаў не працуе, гарадскія ўлады сцвярджаюць, што экалагічная абстаноўка моцна палепшылася.

Даражэйшыя – Br 3000 рублёў і вышэй за чалавека – туры на адпачынак у пяцізоркавых гатэлях у Бібіхейбэце, таксама на моры. У Азербайджан можна таксама ляцець па аздараўленне ў нафталанавых ваннах – такія туры каштуюць ад Br 2000 да Br 3000 за чалавека на тыдзень.

Больш танныя – экскурсійныя пакеты па Баку ды іншых гарадах краіны, а таксама – з вылетам з Масквы (менш за Br 2000). Самы танны квіток да Баку на самалёт «Белавія», які нам удалося знайсці, каштуе Br 516 у адзін бок.

Hавiны
Пералік бязвізавых для беларусаў краінаў папоўніўся Іранам
2024.01.31 16:25

Яшчэ адна бязвізавая краіна для беларусаў – Арменія. Адпачынак у Арменіі – гэта смачная кухня, прыгожая прырода, старажытная гісторыя і культура. Аднак без мора.

У Арменію можна паляцець самастойна: кошты на квіткі ў «Белавіі» пачынаюцца ад Br 500 у адзін бок. Кошты на пакетныя авіятуры ў Арменію пачынаюцца ад прыблізна Br 1800 за 3 ночы. Таннейшыя – аўтобусныя. Напрыклад, ёсць тур «Грузія + Арменія ў адным пакеце» на 10 начэй. Каштуе Br 1261. Але давядзецца тры дні і дзве ночы ехаць па тэрыторыі Расеі і адну ноч правесці ў гатэлі ў Варонежы.

Адпачыць на пляжы можна ў Грузіі, дзе ўздоўж Чорнага мора ёсць некалькі курортаў: Батумі, Кабулеці, Урэкі і некалькі іншых паселішчаў. У Грузію не патрэбная віза, ёсць рэгулярныя авіярэйсы з Менску ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Самы танны квіток, які ў нас атрымалася знайсці – у Кутаісі за Br 614.

Кошты пакетных тураў у Грузію пачынаюцца ад Br 1088 за 9 начэй для аднаго чалавека. Але з гэтых начэй 4 давядзецца правесці ў дарозе, бо гэта аўтобусны тур з праездам праз Расею. Непасрэдна адпачынак – у Кабулеці. Авіятуры – ад Br 2400 з адпачынкам у апарт-гатэлях у Батумі.

Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на тэлевежу і паветраны шар. Тбілісі, Грузія.
Фота: Белсат

Кірунак, які ўсё часцей прапаноўваюць беларускія турфірмы, – Узбекістан. Віза туды беларусам не патрэбная. Вылет з Менску – «Белавіяй». Кошты на квіткі – ад Br 835 у адзін бок. Туры ва Узбекістан даволі дарагія. Самы танны, які мы знайшлі, – экскурсійны, Br 2213 за чалавека на 7 начэй. Уключае ў сябе наведванне Ташкенту, Самарканду, Бухары, пустэльні Кізілкум і некаторых іншых мясцовасцяў.

Егіпет і Турцыя

Егіпет і Турцыя заўсёды былі самымі папулярнымі кірункамі для адпачынку беларусаў. Цяпер, у сувязі з тым, што пасля пачатку вайны ва Украіне была закрытая частка паветранай прасторы, палёт у Егіпет атрымліваецца вельмі даўгім і нашмат даражэйшым, чымся раней. Дарога да Хургады і Шарм-эш-Шэйху з Менску цягнецца амаль 7 гадзінаў.

Самы танны тур, які мы знайшлі, каштуе Br 1880 за чалавека на 10 начэй у Шарм-эш-Шэйху ў чатырохзоркавым гатэлі. Вылет з Менску – 15 траўня. Хургада – даражэйшая, ад Br 2500. Адпачынак на курорце Эль-Гуна з вылетам з Менску каштуе амаль Br 6000. Віза ў Егіпце ставіцца ў аэрапорце па прылёце.

Кошты на Турцыю сёлета пачынаюцца ад Br 2400 за чалавека на 7 начэй з вылетам з Менску 19 траўня. Пазней кошты вышэйшыя. Віза ў Турцыю беларусам не патрэбная на працягу 30 дзён. Кошты на квіткі ў Стамбул самалётамі «Белавіі» пачынаюцца ад Br 864.

Hавiны
Егіпецкія гатэлі памяняюць сістэму «ўсё ўлучана». Што трэба ведаць турыстам
2024.03.31 18:16

Аравійскі паўвостраў і Іран

Адзін з новых кірункаў, які адкрыўся для беларусаў у 2023 годзе, – Катар. Гэтая краіна месціцца на Аравійскім паўвостраве, на беразе Персідскай затокі, мае марскую мяжу з ААЭ і падобны клімат. Першы чартарны рэйс з Менску ў Доху адбыўся 4 сакавіка 2023 года. Візу беларусам ставяць у аэрапорце Дохі на 30 дзён. Плаціць за яе не трэба.

Самы танны тур на найбліжэйшыя даты (15 траўня) каштуе Br 1220. Ён уключае ў сябе пералёт да Дохі, 9 начэй на моры ў гатэлі без харчавання. Сярэдні кошт у пяцізоркавых гатэлях са сняданкамі (у некаторых прапановах – таксама з вячэрамі) – прыблізна Br 3000 за 9 начэй.

Даволі папулярным кірункам з вылетам з Менску апошнім часам сталі Арабскія Эміраты. Сезон тут цягнецца з кастрычніка да пачатку траўня. Улетку вельмі горача – тэмпература паветра можа быць вышэйшай за +40 °C. Беларусы могуць заставацца ў Эміратах 90 дзён без візы.

Від з самалёта на хмарачос «Burj Khalifa» ў Дубаі, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
Фота: Amr Alfiky / Reuters / Forum

Ляцець у Эміраты можна як пакетным турам, гэтак і самастойна. Для мясцовых гатэляў не ўласцівы падыход «усё ўключана», таму ў любым выпадку давядзецца траціцца на харчаванне і забавы.

Самы танны квіток самалётамі «Белавіі» да Дубаю каштуе Br 916, з «FlyDubai» – $ 410 (Br 1341). Працягласць палёту да Дубаю з Менску – 6 гадзінаў.

Туры каштуюць ад Br 1400 за чалавека за 7 начэй у траўні ў трохзоркавым гатэлі «Ibis» у Дубаі.

Сёлета беларусы маюць магчымасці без візы наведаць Іран. Турфірмы прапаноўваюць шэраг экскурсійных тураў. Кошты пачынаюцца ад Br 3415 з вылетам з Менску на 8 начэй за аднаго чалавека. Вылет – 26 кастрычніка.

Далёкая экзотыка: Куба, Мальдывы, Сэйшэлы

Беларускія турфірмы прапаноўваюць адпачынак на Кубе з вылетам з Масквы. Сезон на Кубе цягнецца з лістапада да красавіка. Беларусы могуць уязджаць у краіну без візы на 30 дзён. Кошты тураў пачынаюцца ад Br 2700 за чалавека на 11 начэй (гарачы тур з вылетам 15 траўня).

З лістапада да красавіка таксама сезон на сапраўды райскіх выспах з белым пяском і блакітнай акіянскай вадой – Мальдывах. У іншы час тут магчымыя дажджы, але праз гэта адпачынак таннейшы. Тэмпература паветра і вады на працягу ўсяго года на выспах трымаецца на ўзроўні 28–30 градусаў цяпла.

Беларусы могуць заставацца на Мальдывах без візы на працягу 30 дзён. З Менску на выспы можна ляцець праз Маскву, Стамбул ці Дубай. Авіякампанія «FlyDubai» здзяйсняе рэйсы з Менску са стыкоўкай у Дубаі.

Hавiны
Беларусь і Саудаўская Аравія падпісалі праект пагаднення аб паветраных зносінах
2024.05.08 14:56

Мы знайшлі тур з вылетам з Масквы на 7 начэй з 27 траўня да 3 чэрвеня на выспе Маафушы коштам Br 3977 за чалавека. Туры з вылетам з Менску пачынаюцца ад Br 4800 за чалавека.

Адзін з самых дарагіх кірункаў адпачынку для беларусаў – Сэйшэльскія Астравы. Віза грамадзянам Беларусі тут ставіцца па прылёце ў аэрапорце. Самы танны тур, які мы знайшлі, каштуе Br 4892 на 10 начэй за чалавека. Вылет з Менску – 21 траўня. Дэталі на сайце не ўказаныя, але, верагодна, будзе стыкоўка ў Маскве, Стамбуле ці Дубаі, бо беспасярэдніх рэйсаў з Менску на Сэйшэлы няма.

Афрыка, Індыя, Шры-Ланка

Кірунак для адпачынку, які адкрыўся для беларусаў не так даўно, – Танзанія. Па прылёце ў Занзібар у аэрапорце ставіцца віза на 90 дзён, якая каштуе $ 50. Рэйсы з Менску ажыццяўляюцца праз Дубай. Самы танны тур каштуе Br 5082 за чалавека на 8 начэй у трохзоркавым гатэлі. Вылет з Менску.

Яшчэ адна навінка для беларусаў – Індыя з вылетам з Менску: Дэлі, экскурсійныя туры і адпачынак у Гоа. Турфірмы дапамагаюць адкрыць візу пад тур. Каштуе яна $ 50. Працягласць палёту – 7 гадзінаў да Дэлі. Адзін з самых папулярных тураў – «Залаты трыкутнік Індыі» – з наведваннем Дэлі, Джайпуры, Агры каштуе Br 4200 за чалавека на 8 начэй. Ёсць таннейшыя туры – Br 3167 за чалавека на 10 начэй з адпачынкам на моры ў Гоа ў трохзоркавым гатэлі.

З Менску беларусы таксама маюць магчымасць паляцець на Шры-Ланку. Кошты тураў пачынаюцца з Br 2720 за чалавека на 10 начэй у курортным паселішчы Дыквэля. Віза на Шры-Ланцы афармляецца па прылёце, каштуе $ 40.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў