Мігранты падчас пераходу беларуска-польскай мяжы страляюць па патрулю з рагатак


Польская памежная служба апублікавала відэа, як мігранты пры пераходзе беларуска-польскай мяжы выкарыстоўваюць рагаткі для нападу на польскі патруль.

Паводле памежнай службы Польшчы, амаль кожны дзень на мяжы адбываюцца напады на патрульныя службы. Людзі з беларускага боку кідаюць у афіцэраў і салдатаў камяні, голле, пырскаюць пярцовым газам з балончыка, выкарыстоўваюць піратэхніку.

Ад гэтых дзеянняў ужо пацярпела некалькі афіцэраў і салдатаў польскай арміі, таксама было пашкоджана некалькі патрульных аўтамабіляў.

Усё часцей, адзначаецца ў паведамленні, мігранты пачалі выкарыстоўваць рагаткі для абстрэлу. Так, апошні выпадак, які здарыўся ў Дубічах Царкоўных, трапіў на камеры відэаназірання.

На іх бачна, як людзі ў балаклавах перабіраюцца праз агароджу на польскі бок, у руках аднаго з іх можна заўважыць сапраўды нешта падобнае на рагатку.

Нагадаем, што, згодна са статыстыкай польскіх памежнікаў, з пачатку траўня яны перадухілілі не менш за 4 тысячы спробаў незаконнага пераходу беларуска-польскай мяжы.

17–19 траўня памежнікі мелі «тры дні неспакою»: 729 спробаў перайсці мяжу, некалькі нападаў на памежнікаў з выкарыстаннем камення і галінаў, спроба падпаліць вайсковы пастарунак. 11 мігрантаў перадалі медыкам для аказання хуткай дапамогі. 2–5 траўня было зафіксавана 949 спробаў. Такой актыўнасці, паводле польскіх памежнікаў, не было ажно з 2021 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў