Сілавікі затрымалі беларуса за каментары аб памерлым міліцыянце


У канале сілавікоў з’явілася пакаяльнае відэа з затрыманым мужчынам, які пакідаў негатыўныя каментары пад навіной пра смерць міліцыянта.

Затрыманы за каментар з нагоды смерці міліцыянта сядзіць на пакаяльным відэа ў кайданках на руках.
Фота: скрыншот з відэа ў тэлеграм-канале сілавікоў

Мужчына гаворыць, што «пісаў негатыўныя водгукі на дэструктыўных каналах», каментуючы смерць супрацоўніка міліцыі. Верагодна, гаворка вядзецца пра начальніка Ленінскага РАУС Берасця Дзмітрыя Каравякоўскага, які памёр 13 красавіка 2024 года.

На відэа бачна, што затрыманы мужчына сядзіць у кайданках на руках, таксама ў яго разбітая губа (дакладна, невядома, ці збівалі яго пры затрыманні). Па скрыншотах відаць, што каментары мужчына пакідаў яшчэ 15 красавіка.

Вядома, што памерлы міліцыянт Дзмітрый Каравякоўскі быў датычны да задушэння пратэстаў у горадзе Пінску ў 2020 годзе.

Таксама Каравякоўскі адзначыўся тым, што ў эфіры «Беларусь 1» заяўляў, што гумовая дубінка, не можа нанесці сур’ёзных траўмаў, бо яна мяккая.

Нагадаем, што практыка затрыманняў за негатыўныя каментары з нагоды смерці супрацоўнікаў міліцыі шырока прымяняецца ў Беларусі. У красавіку за каментары пра смерць усё таго ж Каравякоўскага быў затрыманы жыхар Гомлі. У лютым у Віцебску быў затрыманы мужчына, які ў «Аднакласніках» паставуіў падабайку пад пастом пра смерць начальніка Аршанскага РУУС Сяргея Барвянкова.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў