«У госці да васала зазірнуць – чаму б і не?» Эксперт – пра тое, навошта Пуцін прыляцеў у Менск


Увечары 23 траўня Уладзімір Пуцін прыляціць у Менск на перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, якія будуць працягвацца два дні. Загадзя візіт ніяк не анансаваўся, а тэматыка сустрэчы падаецца афіцыёзам як «шырокая». Навошта Пуцін прыляцеў у Менск і чаго чакаць ад гэтага візіту?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pavel Bednyakov / Pool / AFP / East News

Афіцыйна паведамляецца, што бакі абмяркуюць «стан і перспектывы развіцця ўсяго комплексу беларуска-расейскіх адносінаў», «інтэграцыйны парадак дня і рэалізацыю рашэнняў, прынятых Вышэйшым дзяржаўным саветам Саюзнай дзяржавы», «прасоўванне сумесных гандлёва-эканамічных і каапэрацыйных праектаў, умацаванне бяспекі, а таксама «міжнародны парадак дня, абстаноўку ў рэгіёне, сумеснае рэагаванне на выклікі і пагрозы».

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ніякіх сенсацыяў ад гэтага візіту не чакае, але адзначае, што раптоўнасць такога візіту дае абсяг для спекуляцыяў.

«Калі ўзяць афіцыйна абвешчаны парадак дня перамоваў, то мы бачым там інтэграцыйныя пытанні. Але тут ніякіх прарываў не намячаецца. На сёння параметры супрацы вызначаныя, ёсць саюзныя праграмы, нішы на расейскім рынку, куды Лукашэнка ўбіўся, выкарыстоўваючы сітуацыю з санкцыямі. Чагосьці нечаканага не можа быць.

Ці кожны раз у такіх сітуацыях спекулююць, што будзе новы этап пабудовы Саюзнай дзяржавы. Але не думаю, што заўтра Лукашэнка і Пуцін па выніках перамоваў абвесцяць рэферэндум аб аб’яднанні Беларусі і Расеі. Гэта са сферы фантастыкі. Лукашэнка пры ўсёй сваёй інтэграцыйнай рыторыцы моцна трымаецца за ўладу і свае пазіцыі лёгка здаваць не будзе», – адзначае эксперт у каментары «Белсату».

Яшчэ адна тэма, якая адразу ўзнікае – гэта вайна ва Украіне. Аднак, паводле нашага суразмоўцы, наўрад ці пасля перамоваў будзе абвешчана, што беларускае войска ўступае ў вайну.

«На сённяшні дзень няма такіх умоваў. У Лукашэнкі войска не надта вялікае, баяздольная частка яшчэ меншая. Гэта не тыя сілы, якімі можна наступаць з поўначы на Кіеў. Тым больш там зараз ёсць моцныя абарончыя збудаванні і даволі вялікая колькасць украінскіх войскаў. Расейскіх жа войскаў ударнага кулака для новага наступу з поўначы на Украіну на сёння няма. Як яно будзе ў перспектыве – цяжка сказаць, але гэта не тыя пытанні, з якімі Пуцін будзе так тэрмінова прылятаць у Менск. Тым больш Лукашэнка нядаўна быў у Маскве на святкаванні Дня Перамогі і сам хваліўся, што да трэцяй гадзіны ночы з Пуціным і яго генераламі нешта абмяркоўваў», – разважае Аляксандр Класкоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знак міннай небяспекі і супрацьтанкавыя збудаванні бачныя каля мяжы з Беларуссю ў Валынскай вобласці, Украіна. 13 студзеня 2023 года.
Фота: Gleb Garanich / Reuters / Forum

На яго думку, нейкія параметры ўдзелу і дапамогі Беларусі ў агрэсіі на сёння вызначаныя, пакуль што Аляксандр Лукашэнка пераканаў Уладзіміра Пуціна, што ў цяперашняй ролі Беларусь найлепшым чынам выконвае свае хаўрусніцкія абавязкі. У пекла не лезе, але з’яўляецца зборачным цэхам для пастаўкі ў Расею прадукцыі ва ўмовах санкцыяў.

«Так што не бачу нейкіх падставаў для сенсацый. Ёсць нават пэўная заканамернасць у гэтым візіце. Пуцін быў у Кітаі, ён паляцеў у Пекін сімвалічна, каб прадэманстраваць Вашынгтону, калектыўнаму Захаду, што Кітай – самы моцны яго партнёр на міжнароднай арэне. Беларусь – першы хаўруснік у так званым блізкім замежжы. Таму тут ёсць свая логіка: спачатку Пуцін ляціць у Пекін, пасля – ў Менск», – кажа эксперт.

Аляксандр Класкоўскі адзначае, што падчас візіту Пуціна ў Пекін безумоўна ішла размова пра вайну ва Украіне. Таму хутчэй за ўсё зараз будуць перададзеныя нейкія ўказанні і «малодшаму брату», як сябе паводзіць, якая роля ў цяперашнім супрацьстаянні з Захадам адводзіцца менскаму васалу.

«Варта ўлічваць, што неўзабаве, ужо ў наступным месяцы, адбудзецца мірная канферэнцыя па Украіне ў Швейцарыі. Крэмль у Пекіне, а цяпер у Менску таксама будзе абмяркоўваць нейкія тактычныя моманты контргульні супраць калектыўнага Захаду ва ўкраінскім пытанні. Не выключана, што Пуцін і Сі абмяркоўвалі нейкія моманты замірэння ва Украіне на выгадных для Крамля ўмовах. Лукашэнка ў такіх выпадках часта выступае рупарам Крамля, прагаворвае тое, што яму даручае прагаварыць Пуцін. Тым больш замалявацца міратворцам Лукашэнка ніколі не супраць, паказаць, што ён гатовы прымірыць славянскіх братоў. Разам з тым, ён не рвецца ў бой. Адна рэч – рыторыка, іншая – сапраўды ўлазіць у гэтую калатнечу са сваім войскам.

Hавiны
Кіраўнік Мінабароны Вялікай Брытаніі: Расея і Кітай – гэта прамая пагроза
2024.05.19 16:20

Думаю, гэтая тэма будзе абмяркоўвацца за кулісамі, але пра сапраўдныя вынікі мы даведаемся праз нейкі час па дзеяннях Масквы і Менску. Стары чэкіст Пуцін не з тых дзеячаў, якія выкладаюць свае карты на стол.  Тое, што візіт адбываецца знянацку, тлумачыцца проста: Лукашэнка і Пуцін сталі двума царамі, якія на меркаванне шырокіх народных масаў не надта зважаюць, яны ўжо занадта пабранзавелі, каб іх хвалявала пытанне галоснасці. Яны і пасля сваіх шматгадзінных перамоваў усё радзей выходзяць на публіку, каб на адчэпнае нешта сказаць, пра што яны размаўлялі і дамаўляліся», – перакананы наш суразмоўца.

На яго думку, у трохкутніку Пекін-Масква-Менск Аляксандра Лукашэнку нельга разглядаць як сур’ёзнага гульца, бо ён вельмі залежны суб’ект. Кітай і Расея наўпрост вырашаюць усе пытанні.

«Галоўныя рэчы адбываюцца за кулісамі, і мы бачым, што Кітай разыгрывае расейскую карту і па вялікім рахунку падтрымлівае Пуціна. Пекіну выгадна мець такога хаўрусніка. Пуцін ва ўмовах вайны за бясцэнак аддае энергарэсурсы, ідзе на многія саступкі Кітаю, а Кітай выціскае тое, што яму трэба», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Паводле яго слоў, Пуцін і Лукашэнка – два аўтарытарныя правадыры, якія цалкам закрыліся ад сваіх народаў, таму вакол падобных візітаў з’яўляецца шмат канспіралогіяў. Але ўсё насамрэч можа апынуцца даволі проста: з’явілася «фортка» у графіку Пуціна, чаму б не прыляцець у Менск пагутарыць з «малодшым братам»?

«Для Пуціна Беларусь – гэта не замежжа, ён не прагаворвае ўслых, але глядзіць на беларускую дзяржаўнасць таксама як і на ўкраінскую, то бок лічыць недарэчнасцю. У госці да васала зазірнуць – чаму б і не?» – рэзюмаваў Аляксандр Класкоўскі.

Аб’ектыў
«BELPOL»: рэжым Лукашэнкі зарабляе на вайне ва Украіне
2024.05.20 20:33

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў