Роберт Тышкевіч: «На ўсходзе ад нас вялікі канцэнтрацыйны лагер, мы мусім дапамагаць тым хто ўцякае адтуль»


Прадстаўнікі польскіх уладаў заявілі, што не спыняць дапамогу ўцекачам з Беларусі і прымуць закон, які зробіць іх жыццё ў Польшчы прасцей. Пра гэта было заяўлена на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Беластоку з удзелам Гэнрыкі Масьціцкай-Дэндыс, намесніцы міністра замежных справаў і Робэрта Тышкевіча, упаўнаважанага Сенату Польшчы ў справе польскай дыяспары і палякаў за мяжою.

На прэс-канферэнцыі Гэнрыкі Масьціцкай-Дэндыс, намесніцы міністра замежных справаў і Робэрта Тышкевіча (справа), упаўнаважанага Сенату Польшчы ў справе польскай дыяспары і палякаў за мяжою. Беласток, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Ужо амаль чатыры гады ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, дзясяткі тысяч людзей былі вымушаныя бегчы ад рэжыму Лукашэнкі за мяжу, большасць у Польшчу, а першым горадам на іх шляху стаў Беласток. Так у чэрвені 2021 года ў Беластоку быў створаны Цэнтр гуманітарнай дапамогі палякам з Беларусі. Але ўцекачоў стала так шмат, што вырашылі дапамагаць усім, хто просіць аб дапамозе. За тры гады дапамогу атрымалі сотні людзей. Пра тое, што ўжо зроблена і пра планы на будучыню распавялі на адмысловай прэс-канферэнцыі Гэнрыка Масьціцка-Дэндыс, намесніца міністра замежных справаў і Робэрт Тышкевіч, упаўнаважаны Сенату Польшчы ў справе польскай дыяспары і палякаў за мяжою.

– Гэты цэнтр дапамагае ўцекачам з Беларусі, не глядзячы на нацыянальнасць. На першым этапе цэнтр мусіў дапамагаць палякам, якія ўцякаюць ад беларускага рэжыму, але мы не дзелім людзей па нацыянальнасцях, і дапамогу атрымліваюць усе беларусы. На ўсходзе ад нас размешчаны вялікі канцэнтрацыйны лагер, дзяржава, дзе ўласны народ знаходзіцца практычна ў вязніцы. І таму мы мусім дапамагаць тым людзям, якія ўцякаюць, дапамагаць нармальна жыць. Людзі шукаюць бяспекі і свабоды ў Беластоку і мы не можам ім не дапамагаць, – заявіў Роберт Тышкевіч.

Паводле Тышкевіча, ён не чакае, што хваля эмігрантаў з Беларусі зменшыцца. Палітык, спасылаючыся на дадзеныя беларускіх праваабаронцаў заявіў, што кожны тыдзень, паводле палітычных абвінавачванняў, у беларускія турмы адпраўляецца 15-20 чалавек, і таму людзі з Беларусі будуць працягваць уцякаць, у тым ліку ў Польшчу.

– У Беластоку ўжо вельмі шмат людзей, якія ўцяклі ад пераследу і знайшлі тут новы дом. Цяпер гэтыя людзі вельмі шмат даюць гораду: яна адкрываюць свае бізнесы, працуюць, дзеці ходзяць да школы, – кажа Роберт Тышкевіч.

Агляд
«У нас перадваенная сітуацыя». Чым зоймецца Камісія супраць уплыву Крамля ў Польшчы
2024.05.22 18:52

Намесніца міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыка Масьціцка-Дэндыс казала пра тое, што польская дзяржава павінна дапамагаць уцекачам, і што польскія ўлады зараз працуюць над законам, які зробіць прасцей жыццё вымушаных мігрантаў.

– Калі ўцякач аказваецца ў нас у краіне мы не можам пакінуць яго сам на сам з праблемамі. І Беласток такі горад, куды прыязджае вялікая колькасць уцекачоў з Беларусі. Тут яны вучаць мову, атрымліваць псіхалагічную дапамогу, дапамогу для легалізацыі ў краіне, і гуманітарны цэнтр у Беластоку павінен быць прыкладам, як павінна выглядаць добрая інтэграцыйная палітыка, – сказала Гэнрыка Масьціцка-Дэндыс.

Калі арганізатары пачыналі праект на пачатку чэрвеня 2021 году, яны канцэнтраваліся на часовай дапамозе тым людзям, якія прыязджалі ў Польшчу. Потым апынулася, што трэба змяніць дзейнасць, зʼявіліся курсы польскай мовы і дапамога па ўладкаванні дзяцей у школы. Цяпер сталі прыязджаць людзі, якія прайшлі беларускія турмы, і ім у першую чаргу неабходна тэрміновая псіхалагічная дапамога, распавяла Анна Кетліньска, старшыня падляскага аддзелу таварыства «Польская Супольнасць» (Wspólnota Polska).

АС belsat.eu

Стужка навінаў