У Беларусі затрымалі «тэрарыстаў» з арганізацыі, што ўваходзіць у Ісламскую дзяржаву


У Беларусі затрымалі дваіх «тэрарыстаў» з арганізацыі «Джамоат Ансарулох», якая ўваходзіць у аб’яднанне «Ісламская дзяржава». Паведамленне аб гэтым з’явілася ў тэлеграм-канале беларускіх сілавікоў.

Адзін з затрыманых «тэрарыстаў».
Фота: скрыншот з відэа ў тэлеграм-канале сілавікоў

Як паведамляецца, абодва замежнікі прыбылі ў Беларусь з мэтай далейшага транзіту ў Нямеччыну, «каб пазбегнуць затрымання». Але тут іх затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

Беларускія сілавікі дзейнічалі ў «шчыльным супрацоўніцтве» з Упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю Таджыкістана.

Аператыўнікам стала вядома, што абодва ўдзельнікі хаваюцца «дзесьці на тэрыторыі Беларусі». Пасля таго як удалося ўстанавіць месцазнаходжанне гэтых асобаў, іх затрымалі.

Паведамляецца таксама, што разам з «тэрарыстамі», як іх называюць аўтары тэлеграм-канала, былі затрыманыя асобы, якія планавалі пасадзейнічаць ім у перасячэнні беларускай мяжы.

Абодва затрыманыя будуць дастаўленыя на радзіму, у Таджыкістан, дзе, як адзначаецца, іх чакае суд.

Рэлігійная арганізацыя «Джамаат Ансарулох» прызнаная Вярхоўным судом Таджыкістана экстрэмісцкай, і яе дзейнасць на тэрыторыі краіны забаронена.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў