Крэмль прабуе запужаць Польшчу?

Падпалы, збіццё, спробы сабатажу. Відавочна, што расейскія спецслужбы моцна актывізаваліся на «польскім кірунку».

На працягу апошніх тыдняў Польшча сутыкнулася з серыяй пажараў. У Семяновіцах Слёнскіх (Siemianowice Śląskie) гарэла звалка хімікатаў. Некалькі дзён пасля ў Варшаве згарэў вялізны гандлёвы цэнтр (памерам 250×250 метраў) на вуліцы Марывільскай (Marywilska), амаль у тым самым часе ў розных месцах польскай сталіцы гарэлі склад сартавання смецця і звалка габарытаў. Да пажару дайшло таксама ў падваршаўскай Кампіноскай пушчы. У польскім горадзе Бытом (Bytom) гарэла аўтабаза, цалкам згарэла 10 аўтобусаў. У пятніцу на поўначы краіны ў мясцовасці Гуркі згарэла 9 грузавых аўтамабіляў. І гэта не поўны спіс дзіўных пажараў, якія адбываліся толькі ў траўні ў Польшчы. Па кожным з інцыдэнтаў праводзіцца асобнае следства, не вядома ці пажары былі выпадковыя. Польскі ўрад супакойвае, што сітуацыя пад кантролем, але не выключае, што частка пажараў можа быць інспіраваная знешнім, расейскімі і беларускімі спецслужбамі.

Дональд Туск і Уладзімір Зяленскі ў Кіеве 22 студзеня 2024 года.
Фота: Donald Tusk / X

Кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск апошнімі днямі інфармаваў пра дванаццаць асобаў, якія былі затрыманыя польскімі спецслужбамі. Падрабязнасцяў не здраджваў, але казаў, што гаворка ідзе пра «збіццё, падпалы і спробы падпалаў». Сярод затрыманых грамадзяне Польшчы, Украіны і Беларусі. Гэта людзі, якія за грошы выконвалі заданні расейскіх спецслужбаў (не вядома ці рабілі гэта свядома), частка з іх, паводле Туска, звязаная з «крымінальным светам». Тут можна прыгадаць пра затрыманне двух грамадзянаў Польшчы, якія абвінавачваюцца ў збіцці ў Вільні расейскага апазіцыянера Леаніда Волкава. Па гэтай справе затрымалі таксама беларуса, які меў заплаціць за гэта збіццё грошы. Раней у Варшаве затрымалі мужчыну, які дапамагаў расейскай выведцы рыхтаваць забойства прэзідэнта Украіны.

У суботу польскія СМІ паінфармавалі, што спецслужбы выкрылі спробу падпалу вялікага будынку ў Варшаве. Падрабязнасцяў няма, але вядома, што пажар па маштабах мог быць параўнальны да пажару на Марывільскай.

Чаму менавіта цяпер Кремль так моцна актывізаваў сваю агентуру на тэрыторыі Польшчы? Выглядае на тое, што ўжо ў гэтым годзе можа вырашыцца лёс вайны ва Украіне. У Кіеве наўпрост просяць краіны НАТА (а ў першую чаргу Польшчу), каб сістэмы супрацьпаветранай абароны гэтых краінаў збівалі расейскія ракеты над Украінай. Акрамя таго ЗША яшчэ не вырашылі ці дазволіць украінскай арміі наносіць удары амерыканскімі ракетамі па аб’ектах на тэрыторыі Расеі. Відавочна, што Масква актывізуючы сваю агентуру і выкарыстоўваючы замежнікаў (у прыватнасці палякаў) з крымінальнага свету дэманструе не толькі Польшчы, але і ўсяму захаду, што Пуцін такім чынам можа біць знутры, не перасякаючы танкамі мяжу. Праблема шырэйшая, бо датычыць не толькі Польшчы, але і прыбалтыйскія краіны.

Крыптавалюты і сучасныя тэхналогіі дазваляюць расейскім спецслужбам выкарыстоўваць людзей «у цёмную» і купляць «паслугі» крымінальнікаў у розных краінах свету праз той жа даркнэт. Гэта сурʼёзны выклік не толькі для Польшчы, але і для іншых краінаў нашага рэгіёну з якімі Масква на працягу многіх гадоў вядзе гібрыдную вайну.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў